«Ці так трэба забудоўваць Гомель?» Аб чым пісала «Гомельская праўда» у 1945-м
13.04.2025 / Гомельская правдаАпусташальныя разбурэнні нашага роднага горада, зробленыя нямецкімі акупантамі, вымушаюць будаваць занава цэлыя кварталы і вуліцы. На 1945 год намечана аднаўленне і будаўніцтва многіх аб’ектаў, і пры ажыццяўленні гэтага будаўніцтва трэба ўлічыць урокі мінулага года.
Некаторыя ведамствы ў вырашэнні задач па аднаўленні і будаўніцтву сваіх аб’ектаў не лічацца з інтарэсамі горада і парушаюць план рэканструкцыі яго. Начальнік УСВЗ-19 тав. Жыраль, які вядзе аднаўленне каробак на Рагачоўскай вуліцы (дом № 26), самачынна ўзвёў засолачны цэх фронтам па вуліцы, чым сапсаваў знешні выгляд аднаго з цэнтральных раёнаў горада. Надбудова 3-га паверха рачнога тэхнікума на рагу Сялянскай вуліцы і Пушкіна ажыццяўляецца на вельмі нізкім архітэктурным узроўні. Аўтар праекта архітэктар Касякоў даў нездавальняючы праект такога значнага будынка ў цэнтры горада, а Днепра-Дзвінскае ваенна-аднаўленчае кіраўніцтва, наперакор існуючым законам па будаўніцтву, ажыццяўляла яго без зацверджанага праекта. Начальнік аднаго з участкаў чыгункі ПЧ-5 (тав. Зайцаў) для будаўніцтва драўлянага дома самачынна захапіў гарадскую зямлю і ўзвёў зруб дома без усякай прывязкі да існуючых і праектуемых вуліц.
Гэтыя выпадкі яшчэ не атрымалі ў горадзе належнага асуджэння, а кіраўнікі засталіся беспакаранымі. Каб пазбегчы падобных фактаў парушэння плана рэканструкцыі, трэба пакончыць з беспраектным будаўніцтвам і сурова караць парушальнікаў.
Не менш важную ролю ў стварэнні аблічча горада адыгрываюць індывідуальныя забудоўшчыкі. Іх зараз у горадзе налічваецца звыш 500. Урад аказвае індывідуальным забудоўшчыкам дапамогу сродкамі і матэрыяламі. Лік забудоўшчыкаў расце з кожным днём.
У выніку недаацэнкі месца, якое займае кожны асобны забудоўшчык у стварэнні гарадскога ансамбля, маюць месца выпадкі парушэння плана рэканструкцыі горада шэрагам індывідуальных забудоўшчыкаў. Усе парушэнні адбываюцца ад наяўнасці беспраектнага будаўніцтва прыватных жыллёвых дамоў. Ёсць нават выпадкі самачынных забудоў. Чатыры самачынных забудоўшчыкі: Новікаў і Афанасенка па вуліцы Тэльмана, Голубеў – Паштовай, Шклярэўская – Ляшчынскай прыцягнуты да судовай адказнасці. Акрамя маральнай плямы, гэтыя грамадзяне нясуць вялікія матэрыяльныя выдаткі, бо іх будоўлі падлягаюць зносу.
Многія індывідуальныя забудоўшчыкі, выдаткаваўшы сродкі, усё ж не атрымалі жаданага жылля, бо ажыццявілі свае будаўніцтвы без праектаў і з парушэннем будаўнічых правіл. Так, напрыклад, дом, пабудаваны грамадзянкай Самсонавай па вуліцы Бочкіна, вельмі вільготны і не прыгодны для жылля толькі таму, што цагельныя сцены напалову цэглы танейшыя, чым пакладзена па нормах.
Каб пазбегчы падобных з’яў, неабходна пакончыць з свавольствам у галіне будаўніцтва горада. Мы абавязаны аднавіць наш горад і зрабіць яго яшчэ больш прыгожым і добраўпарадкаваным, чым ён быў да вайны. У адваротным выпадку цяжкая маральная адказнасць ляжа на людзей нашых дзён, якія заняты аднаўленнем горада.
А. ГАРЭЛЫ, 25 сакавіка 1945 года