101 год таму назад у вёсцы Борхаў Рагачоўскага раёна нарадзіўся Андрэй Макаёнак
12.11.2021 / Гомельская правдаБудучы пісьменнік вучыўся тут у пачатковай школе, потым — у Журавіцкай сярэдняй, якую скончыў у 1939 годзе. Пасля ваеннага вучылішча імкнуўся паступіць ва Усесаюзны інстытут кінематаграфіі, аднак не прайшоў па конкурсу і быў мабілізаваны ў войска, служыў у Грузіі.
Андрэй Ягоравіч — удзельнік Вялікай Айчыннай вайны: змагаўся з гітлераўцамі на Паўночным Каўказе, быў у Керчанска-Феадасійскім дэсанце. 10 красавіка 1942 года наш зямляк атрымаў цяжкае раненне, па стане здароўя яго дэмабілізавалі. Год працаваў ваенруком у адным з грузінскіх сяленняў, а пасля вызвалення роднай Гомельшчыны вярнуўся ў Журавічы: у 1944-м узначаліў мясцовы райкам камсамола. У параможным 1945-м працуе сакратаром Гродзенскага гарадскога камітэта камсамола, затым — загадчыкам парткабінета Магілёўскага чыгуначнага вузла.
У 1946 годзе Макаёнак вяртаецца на Рагачоўшчыну, у Журавічы, памочнікам сакратара мясцовага райкама партыі. Пачынае актыўна пісаць.. Пасля вучобы ў Рэспубліканскай партыйнай школе творца прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. У тым жа 1949-м Андрэй Макаёнак накіраваны ў часопіс сатыры і гумару “Вожык”, дзе да 1953 года загадваў аддзелам прозы. У 1966 годзе драматург удзельнічае ў рабоце XX сесіі Генеральнай Асамблеі ААН.
12 гадоў свайго жыцця Андрэй Ягоравіч прысвяціў літаратурнаму часопісу “Неман”, з 1966-га быў яго галоўным рэдактарам. Выданне, па сведчанні многіх вядомых пісьменнікаў, у гэты час набыло асаблівы росквіт. У 1971-1982 гадах наш зямляк быў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.
Андрэй Макаёнак стварыў п’есы-шэдэўры, якія прынеслі неўміручую славу Купалаўскаму тэатру. Яны перакладзены на шматлікія мовы народаў свету, ішлі на славутых тэатральных сцэнах розных краін, яны і зараз запатрабаваны, бо сучасна гучаць і сёння. “Лявоніха на арбіце”, “Святая прастата”, “Таблетку пад язык”, “Трыбунал”, “Зацюканы апостал”, “Верачка”…
За “Лявоніху на арбіце” Андрэю Ягоравічу ў 1962 годзе ўручана Літаратурная прэмія імя Янкі Купалы, а ў 1974-м пісьменнік адзначаны Дзяржаўнай прэміяй БССР імя Якуба Коласа за трагікамедыю “Трыбунал” і камедыю-рэпартаж “Таблетку пад язык”.
Па п’есах народнага пісьменніка Беларусі створаны кінасцэнарыі, зняты кінастужкі.
Для Андрэя Ягоравіча было найвялікшым шчасцем прызнанне землякоў, работа ў Рагачове свайго тэатра. Сябра Макаёнка, народны пісьменнік Беларусі Іван Шамякін адзначаў, што “некаторыя рысы герояў Макаёнка, асабліва “ціхага, рахманага Цярэшкі”, рагачоўцы знаходзяць у сваіх земляках. Цярэшка для іх — гэта свой чалавек”.
З 1983 года сярэдняя школа ў Журавічах носіць імя Андрэя Макаёнка, тут адкрыты музей пісьменніка. Побач устаноўлены помнік. Імя Макаёнка носіць гарадская бібліятэка Гродна.
2020 год прайшоў для гомельскіх літаратараў пад знакам 100-гадовага юбілею Андрэя Макаёнка, выдадзены творы драматургіі сучасных аўтараў.
Любоў Іванаўна Макаёнак, другая жонка пісьменніка, якая нядаўна сыйшла з жыцця, паспела распарадзіцца, каб творчая спадчына славутага пісьменніка, што заставалася ў яе з сынам Юрыем у Мінску, была перададзена Гомельскай абласной бібліятэцы імя Леніна, дзе створаны літаратурны музей чатырох народных пісьменнікаў Беларусі, нашых землякоў Мележа, Шамякіна, Навуменкі і Макаёнка. Тут ладзяцца творчыя сустрэчы, праводзяцца экскурсіі.
Афіша спектакля Дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы па пъесе А. Макаёнка "Трыбунал"
Афіша спектакля самадзейнага народнага тэатра Балцкага раённага аддзела культуры па пъесе Андрэя Макаёнка "Трыбунал", 1972(1)
Праграмка спектакля Беластоцкага драматычнага тэатра імя А. Вянгеркі па п'есе А. Макаёнка "Трыбунал", 1972-1973
Сцэна са спектакля "Трыбунал" па п'есе А. Макаёнка. Тэатр імя Я. Купалы. 1971