Ніва Гермеля. Як брагінскі земляроб стаў поўным кавалерам ордэна Працоўнай Славы

13.03.2022 / Гомельская правда
Рупліва і самааддана

Нарадзіўся Станіслаў Гермель у 1939 годзе ў вёсцы Гарадзішча на Брагіншчыне. Яшчэ падлеткам стаў працаўніком мясцовага калгаса імя Тэльмана. Пазней вывучыўся на электразваршчыка ў Рудакоўскім вучылішчы механізацыі сельскай гаспадаркі Хойніцкага раёна.


З 1962-га – трактарыст. За кароткі тэрмін атрымаў кваліфікацыю механізатара шырокага профілю. Узначаліў калгаснае механізаванае звяно па вырошчванні бульбы. А ў час жніва самааддана шчыраваў на хлебнай ніве.

Апрацаванае, засеянае Станіславам Гермелем поле заўсёды вызначалася ў калгасе якасцю. Больш таго, у 70–80-х гадах ён стаў ініцыятарам працоўных пачынаў, у тым ліку спаборніцтва за найвышэйшы сутачны намалот зерневых культур. Актыўна ўдзельнічаў у рабоце па ўдасканаленні тэхналогіі вырошчвання збожжа і бульбы, павышэнні культуры земляробства. Шмат гадоў запар заваёўваў прызы ў сацыялістычным спаборніцтве механізатараў на ўборцы хлеба і бульбы ў раёне, вобласці і рэспубліцы. Як наватар сельгас­вытворчасці не раз удзельнічаў у Выстаўцы дасягненняў народнай гаспадаркі СССР у Маскве.

Зорка працоўнай славы

Высока ззяла зорка працоўнай славы аднаго з лепшых механізатараў Брагіншчыны на працягу восьмай, дзявятай і дзясятай пяцігодак. У 1971-м Станіслаў Гермель быў адзначаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга за поспехі ў развіцці сельгасвытворчасці і выкананні пяцігадовага плана продажу дзяржаве прадукцыі земляробства і жывёлагадоўлі. А ў наступным годзе ўзнагароджаны ордэнам Леніна за дасягненні на ўборцы ўраджаю.

Па выніках уборачнай кампаніі 1973 года атрымаў першую прэмію Савета Міністраў БССР і Беларускага рэспубліканскага савета прафсаюзаў. Гэтаму паспрыялі высокія паказчыкі ў рэспубліканскім спаборніцтве на ўборцы зерневых і зернебабовых культур.

За поспехі, дасягнутыя на Усесаюзным сацыялістычным спаборніцтве, праяўленую доблесць у 1975 годзе ўзнагароджаны ордэнам Працоўнай Славы трэцяй ступені, а ў наступным годзе – і другой. Ураджэнец Брагіншчыны быў поўным кавалерам гэтага ордэна – ён заснаваны ў 1974-м і адзіны з савецкіх працоўных ордэнаў меў тры ступені.

На адзін падрад

У пачатку 80-х па ўласнай ініцыятыве Станіслаў Уладзіміравіч узначаліў першае ў калгасе «безнараднае» звяно канчатковай прадукцыі па вырошчванні бульбы. Калі раней яе саджалі адны механізатары, догляд пасеваў вялі другія, а ўбіралі ўра­джай трэція, то цяпер усе тэхналагічныя працэсы павінны былі выконваць пастаянныя людзі. Менавіта тыя, хто ўваходзіў у склад такіх фарміраванняў, цалкам адказвалі за пэўны ўчастак. Работа на адзін падрад вучыла адказнасці і самастойнасці ў прыняцці рашэнняў. Ад ура­джайнасці культуры залежала аплата працы.

Пастаянны пошук і паспяховае прымяненне новых метадаў і прыёмаў апрацоўкі зямлі, настойлівасць механізатараў у дасягненні пастаўленай мэты, укараненне імі перадавой агратэхнікі дапамагалі збіраць лепшыя ў калгасе ўраджаі на сваім участку плошчай 70 гектараў. У другім годзе адзінаццатай пяцігодкі звяно пад кіраўніцтвам Станіслава Гермеля ўзяло па 250 цэнтнераў клубняў з кожнага гектара, у наступным – па 280, а ў 1984-м – больш за 300.

Трэці ордэн Працоўнай Славы – першай ступені – знайшоў Гермеля летам 1986 года. Такім чынам Станіслаў Уладзіміравіч стаў поўным кавалерам ордэна Працоўнай Славы.

У калгасе да пенсіі

Пачатак новай пяцігодкі перадавы бульбавод адзначыў новай працоўнай перамогай: з кожнага гектара было атрымана па 340 цэнтнераў клубняў. І далей ён заставаўся ў радах лепшых работнікаў раёна. Яго вызначалі пастаянны пошук новага, лепшага, вытрымка, прынцыповасць. Зарэкамендаваў сябе як актыўны прапагандыст укаранення прагрэсіўных форм арганізацыі працы. Шмат увагі ўдзяляў настаўніцтву, рабоце з моладдзю.

Станіслаў Уладзіміравіч працаваў у калгасе да выхаду на заслужаны адпачынак. Разам з жонкай Марыяй Кузьмінічнай выхавалі траіх дзяцей, доўгі час жылі ў роднай вёсцы. А пасля чарнобыльскай катастрофы, калі значную частку Брагіншчыны накрыла радыяцыя, пераехалі ў Чэрвеньскі раён Міншчыны. Тым больш што раней туды пасля заканчэння ВНУ былі размеркаваны абодва сыны. Там яны стварылі свае сем’і і рэалізавалі сябе ў прафесіі.

Нельга не адзначыць і такі факт: Станіслава Гермеля выбі­ралі дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР восьмага склікання, а ў 1989 годзе ён прымаў удзел у рабо­це першага з’езда Саветаў СССР.

Добрую памяць пра земляка захоўваюць на малой радзіме. Некалькі гадоў назад у Брагіне адкрылі Алею Славы. На стэлы нанеслі прозвішчы ўра­джэнцаў раёна, якія найбольш вызначыліся ў ратнай і мірнай працы. Сярод іх і Станіслаў Гермель.

Стэла ў Брагіне