Як квітнеў горад над Сожам. Паглядзіце, які Гомель быў у мінулым і якім стаў

02.04.2022 / Гомельская правда
Галоўныя вароты

Прымаючы шматтысячныя пасажырапатокі, Гомель лічыцца адным з буйнейшых транспартных вузлоў Усходняй Еўропы, і яго чыгуначны вакзал заўсёды падкрэсліваў гэты статус.

Гісторыя вакзала пачалася з паведамлення сенатара Селіфантава «Об открытии правильного движения на участке Ландварово-Роменской железной дороги от Бобруйска до Гомеля протяженностью 141,81 версты товарных поездов с 16 ноября 1873 года, а пассажирских поездов с 17 ноября 1873 года». Той жа восенню пачалося будаўніцтва першага каменнага будынка пасажырскага вакзала станцыі Гомель. Да Кастрычніцкай рэвалюцыі ён быў аднапавярховым, цагляным. Такім, як на здымку злева.
Вакзал тройчы быў разбураны, апошні раз – у гады Вялікай Айчыннай вайны.

У 1948-м узвялі новы будынак вакзала далёкага накіравання, годам пазней – будынак для пасажыраў прыгарадных зносін. 26 лістапада 1996-га да Дня вызвалення Гомеля і 125-годдзя Беларускай чыгункі быў пабудаваны прыгарадны вакзал (галоўны архітэктар праекта – Людміла Гоер). У 2003 годзе будынак вакзала станцыі Гомель уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.


Адным словам, жамчужына

Працягваем чыгуначную тэму і пераносімся да Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту.

Былая Аляксандраўская мужчынская класічная гімназія пабудавана ў 1898 годзе па праекце гомельскага архітэктара Станіслава Шабунеўскага. Першапачаткова будынак быў двухпавярховым, з рысамі эклектызму. Пры яго рэканструкцыі пасля вайны надбудавалі трэці паверх. Такім будынак сустракае гамяльчан і цяпер. І, безумоўна, застаецца сапраўднай жамчужынай гарадской архітэктуры.


Ад каланчы да флагштока

І вось галоўная плошча. Раней называлася Базарнай, цяпер носіць імя Леніна.

Першым яе знакавым аб’ектам быў палацавы комплекс на беразе Сожа ў канцы XVIII стагоддзя. У 1819 годзе ўзве­дзены Петрапаўлаўскі сабор, які праектаваў англійскі архітэктар Джон Кларк. Праз тры гады быў пабудаваны касцёл, які знахо­дзіўся перад сучасным фантанам каля Белтэлекама. А на месцы сквера Кірылы Тураўскага і драмтэатра быў гасціны рад і вежа з гадзіннікам.

У вайну на плошчы ўцалела толькі пажарная каланча, на якую 26 лістапада 1943 года ўзнялі чырвоны сцяг.

І сёння над плошчай, над горадам лунае дзяржаўны сцяг на 60-метровым флагштоку.




Фота з архіва «Гомельскай праўды» і Алега БЕЛАВУСАВА