Жахі Саласпілса. 11 красавіка – Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў

11.04.2022 / Гомельская правда
Успаміны аб жудасных днях, праведзеных у канцлагеры, не пакідаюць Ніну Уладзіміраўну. Фота з сямейнага архіва Ніны Габрусёнак

Істэрыка

Ніна Уладзіміраўна Габрусёнак дагэтуль не можа забыць эпізод 79-гадовай даўнасці: яна, малая дзяўчынка, знаходзілася ў незнаёмым збудаванні, дзе гарэлі свечкі, а на сценах віселі абразы. Як пазней выявілася, гэта быў рыжскі Свята-Троіцкі праваслаўны жаночы манастыр. Хлапчук такога ж узросту, як і яна, заліваючыся ручаінамі слёз, цэлую гадзіну не мог супакоіцца.
– Усё, нас вернуць назад. Атруцяць газам у аўтобусе, ці сабакі разарвуць на часткі, – праз кожныя пяць хвілін паўтараў ён.

Дзяўчынка і хлапчук не ведалі адзін пра аднаго нічога, апроч таго, што з’яўляюцца вязнямі канцлагера Саласпілс. Туды іх прывезлі з дзясяткам іншых няшчасных падлеткаў незнаёмыя людзі. Усіх раза­бралі нейкія дзядзькі і цёткі, а яны ўдваіх засталіся ў адзіноце.

– А мы нікому не патрэбны, – не пераставаў галасіць хлопчык. – Смерць нам будзе, вось пабачыш…

Істэрыка хлапчука наганяла на Ніну жах, і яна таксама не вытрымала, зайшлася плачам.

Раскіданыя гнёзды

…Да вайны іх сям’я з прыгожым прозві­шчам Ластаўка жыла на Віцебшчыне ў вёсцы Свіраўшчына. Шэсць чалавек у ёй было: бацькі і чацвёра дзяцей – Надзя, Алена, Ніна і Валодзя. Уласная гаспадарка, са скацінай і птушкай, прысядзібны ўчастак з яблынямі-грушамі ды агуркамі-капустай. Небагата, праўда, жылі, але і не бедна, не галадалі. Наколькі дазваляў улас­ны працоўны мазоль, да якога прывучалася і дзятва.

Але прыйшлі немцы, і ўсё адразу змянілася. Акупанты ў п’яным раздоллі адкрывалі без дай прычыны страляніну на вуліцах, забіралі ў людзей тое, што падабалася, а за пратэсты ці непарадкаванні «новаму парадку» забівалі народ, пускаючы ў ход шыбеніцы ды аўтаматы.

Каб не трапіць у рукі гітлераўцаў, якія да таго ж пачалі адпраўляць у Нямеччыну ў рабства моладзь і працаздольных дарослых, старэйшыя Ластаўкі пакінулі вёску і пайшлі ў лес у партызаны, даверыўшы сваіх дзяцей бабулі Ефрасінні Мікалаеўне. Спадзяваліся, што захопнікі не пакрыў­дзяць старых і малых.

Толькі памыліліся Ластаўкі. На пераломе зімы і вясны 1943 года фашысты наладзілі чарговую аблаву на мясцовых жыхароў і сілком пад аўтаматны трэск і брэх аўчарак пагналі на чыгуначную станцыю. Хворых і адстаючых па дарозе збівалі і расстрэльвалі. Астатніх упіхнулі ў таварняк і ў неймавернай цеснаце і антысанітарыі, без ежы павезлі ў невядомасць.

Колы вагонаў, здавалася людзям, адстуквалі нудотную мелодыю «на чужыну, на чужыну, у рабства, у рабства». Праз некалькі сутак – канчатковы прыпынак: пасёлак Саласпілс. Латвія.

За калючым дротам

Нявольнікі агледзеліся: вакол невялікага выцягнутага ўдалечыню ляска калючы дрот, некалькі доўгіх дашчатых будынін – баракі, вартавыя вышкі, на іх кулямёты.

Натоўп разбілі на групы. Аб’явілі, каб верна служыць на карысць вялікай і непераможнай Германіі, дзікунам-славянам трэба прайсці дэзінфекцыю, адмыцца ў лазні ад ляноты, пазбавіцца ад вошай і гнід. Спачатку вязняў выстраілі ў шарэнгі і адбіралі тых, хто будзе ў лагеры прыгодны. У першую групу трапілі арбайтары (работнікі, значыць), сярод якіх апынуліся Ефрасіння Мікалаеўна і Надзя. У другой былі людзі, па якіх фашысты адкрылі аўтаматны агонь, а трэцяя складалася з дзяцей, маці якіх праз некалькі дзён адправілі ў Германію для розных бясплатных работ.

…85-гадовая Ніна Уладзіміраўна, з якой я гутару, робіць у сваім расказе перадых. Праз некалькі хвілін працягвае горкую споведзь. Ад жахаў, якія перажыла ў канц­лагеры, у 20 гадоў пасівела, затым пайшлі ў атаку захворванні. Дагэтуль яе не пакідае пачуццё голаду. Адольвае страх, калі бачыць сабак байцовай пароды: з памяці не выветрываюцца карціны, як на хлапчукоў-вязняў нацкоўвалі аўчарак, і тыя са звярынай лютасцю накідваліся на дзяцей.

З жахлівасцю ўспомніла Ніна Ула­дзіміраўна першае наведванне лазні. Голых людзей аблівалі са шлангаў тугімі струменямі халоднай вады, пасля гэтага выдалі робу, паставілі клеймы на руках, узялі адпячаткі пальцаў, сфатаграфавалі. Такімі ж былі і наступныя «памыўкі».

Насельнікамі баракаў былі вязні з розных краін. Дарослых ганялі на работу за тэрыторыю канцлагера, а з дзецьмі займаліся «выхавальнікі», якія патрабавалі абсалютнай пакорлівасці і пры нязначнай непаслухмянасці білі па твары.

Сямігадовая Ніна Ластаўка ўвесь час хацела не толькі есці – баландай і праснакамі не магла насыціцца, але і спаць. Асаб­ліва пасля таго, калі дзятву прымушалі глытаць нейкія таблеткі, а потым «белыя халаты» з дапамогай санітарак ці медсясцёр бралі ў іх з вены кроў.

Усе дзеці адчувалі вялікі страх. Нават яе трохгадовы брацік Валодзя, які пастаянна спрабаваў некуды схавацца ад немцаў, плакаў, крычаў. І аднойчы знік. Усе спробы знайсці яго закончыліся няўдачай. Бабуля выказала меркаванне, што нехта з фашыстаў забіў хлопчыка і выкінуў у яму, куды траплялі памерлыя ад хвароб і ахвяры атруты ў спецыяльным аўтобусе-душагубцы, выхлапная труба якога была выведзена ў салон і ў час работы рухавіка запаўняла яго смяротным чадам.

«Дзядзечка, забярыце мяне. Я буду жыць, не памру!»

Такія малюнкі праплывалі перад малой Нінай Ластаўкай у будынку са свечкамі і абразамі. Калі яна расплюшчыла вочы, убачыла сярэдняга ўзросту мужчыну і жанчыну і ўслухалася ў іх размову.

– Не дзяўчынка, а шчэпка. Худзю­шчая. Сіл у яе ніякіх, Каця, няма.

– Слабенькая, гэта праўда. Але прыгожанькая. Падлечым, адкормім. А ну стань, дзетка, на ўслончык. Сукеначку на цябе прымераем, мая харошая.

Ніна паднялася з лаўкі і… упала. Мужчына спахмурнеў, навастрыўся на рашучую нязгоду.

– Што, не бачыш, Каця, – труна перад табой. Сёння возьмем у сям’ю, а заўтра – на могілкі адвязём?

– Не гарачыся, Косця, – жанчына дакранулася да яго рукі. – Богам прашу, возьмем… Усё будзе добра.

Мужчына адмоўна крутнуў галавой: не. Жонка працягвала ўмаляць яго – дарэмна. Калі Ніна ўцяміла, што гэта ўсё з-за яе, раптам сваім дзіцячым розумам усвядоміла, што ў яе маленькім няшчасным жыцці прабліск­вае светлы праменьчык, які можа згаснуць.

– Дзядзечка, забярыце мяне да сябе. Я не памру… Я буду жыць, – жаласна вымавіла яна і прыхінулася да яго: – Я не памру…

Сямейная пара знямела. Мужчына адвярнуўся, махнуў рукой, абняў жонку, пагладзіў Ніну па галоўцы. Па яго твары пакаціліся слязінкі…

– У сталіцы Латвіі ў сям’і Невяроўскіх я жыла да таго часу, пакуль па мяне не прыехаў мой бацька Уладзімір Лук’янавіч, – апавядае далей Ніна Уладзіміраўна. – Якім чынам ён адшукаў мяне і даведаўся адрасы знаходжання Надзі, Алены і Ефрасінні Мікалаеўны, не памятаю. Мае новыя бацькі, якіх я называла тата Косця і мама Каця, з вялікай любоўю адносіліся да мяне і вельмі ўпрошвалі тату пакі­нуць у іх, але ён не згадзіўся. Я з сёстрамі і бабуляй вярнулася дадому, а праз месяц наша мама памерла. Бацька ўзяў у жонкі жанчыну, якая добра адносілася да нас. Пасля вайны я скончыла школу, выйшла замуж і да пенсіі працавала ў Гомельскім дрэваапрацоўчым аб’яднанні.

Шмат намаганняў давялося прыкласці ёй, каб даказаць сваё знаходжанне ў канцэнтрацыйным лагеры. Афіцыйная даведка Дзяржаўнага гістарычнага архіва Латвіі сведчыла, што дакументы перыяду нямецкай акупацыі захаваліся не цалкам, а ў іншых паперах звестак аб нявольніках Ластаўках няма.

Вязнем канцлагера Саласпілс Ніна Уладзіміраўна Габрусёнак была прызнана толькі ў 1997 годзе. У Гомельскай гарадской грамадскай арганізацыі «Дзеці вайны» яна ўдзельнічае ў праекце «Надзейнае плячо», які каардынуецца міжнародным грамадскім аб’яднаннем пры падтрымцы нямецкага фонду «Памяць, адказнасць, будучыня».

Толькі факты
  • Канцэнтрацыйны лагер Саласпілс (Курцянгоф) існаваў з кастрычніка 1941-га да канца лета 1944 года. Восенню 1942-га пачалі прывозіць дзяцей арыштаваных грамадзян Латвіі, а ў сакавіку 1943-га – дарослых і дзяцей з Беларусі, Пскоўскай і Ленінградскай абласцей. Усяго праз Саласпілс прайшлі 12 тысяч дзяцей.
  • Сярод спосабаў забойства вязняў былі голад, атрута мыш’яком, інфекцыйныя захворванні, масавыя расстрэлы, катаванні, смерць у душагубках (спецыяльных газавых камерах, устаноўленых у аўтамашынах), выпампоўванне крыві, якая, як сведчылі палонныя нямецкія медыкі, выкарыстоўвалася для лячэння параненых салдат вермахта.
  • Згодна з савецкімі гістарычнымі звесткамі ў Саласпілскім канцлагеры і яго філіялах загінула звыш 100 тысяч вязняў, у тым ліку 7 тысяч дзяцей, тры тысячы з іх напаткала пакутніцкая смерць.
  • Як сцвярджалі шматлікія сведкі, прывезеных зімой у канц­лагер дзяцей 12-гадовага ўзросту голымі і босымі паўкіламетра гналі ў барак, які называўся лазняй, дзе прымушалі мыцца халоднай вадой. Затым гналі ў другі барак, дзе на холадзе ўтрымлівалі 5–6 сутак. У выніку толькі за 1943 год такім чынам загінулі больш як тры тысячы дзяцей.