У Гомельскай абласной бібліятэцы пачала працу выстава з фондаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы
27.05.2022 / Гомельская правдаВыстава «Жыву я ў сваім родным краі» праходзіць у рамках святкавання 140-гадовага юбілею Янкі Купалы і 100-годдзя зборніка «Спадчына». Экспазіцыя прадстаўляе ранні перыяд жыцця і творчасці Янкі Купалы – час напісання твораў, якія склалі яго «зорныя» зборнікі «Жалейка», «Гусляр», «Шляхам жыцця» і «Спадчына». Усе яны звязаныя з трыма знакавымі мясцінамі ў біяграфіі паэта – Яхімоўшчынай, Пецярбургам і Мінскам.
У Яхімоўшчыне, дзе Янка Купала працаваў на бровары ў 1906–1907 гадах, паэт пісаў шмат твораў і чытаў іх мясцовым жыхарам і таварышам па працы. Сучаснікі чулі вершы з вуснаў аўтара, некаторыя пакінулі пра гэта ўспаміны. Яхімоўшчына, дзе цяпер працуе філіял музея Янкі Купалы, адлюстраваная ў мастацкіх працах Міхаіла Бельскага, Кастуся Харашэвіча, Міхаіла Міронава і іншых мастакоў.
У Пецярбургу некаторыя з гэтых вершаў увайшлі ў першы зборнік Янкі Купалы «Жалейка». І для зборніка «Спадчына», які пабачыў свет ужо ў савецкім Мінску ў год 40-гадовага юбілею аўтара, Янка Купала выбраў шмат вершаў 1905–1907 гадоў, у тым ліку і напісаных, магчыма, у Яхімоўшчыне. Вобраз Янкі Купалы ў Санкт-Пецярбургу створаны пляменнікам паэта Янкам Раманоўскім.
На выставе прадстаўлены рэпрадукцыі мастацкіх работ з фондаў музея Янкі Купалы, на якіх паэт выяўлены паміж Яхімоўшчынай і Пецярбургам, паказана прыгажосць старых будынкаў у Яхімоўшчыне і навакольнай прыроды. Дапаўняюць выставу кнігі твораў Янкі Купалы з фондаў Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі імя Леніна. Увазе наведвальнікаў прапанаваны QR-код, у спасылцы да якога на YouTube-канале музея размешчаны відэаролік да 140-годдзя Янкі Купалы.
Выстава прадоўжыцца у абласной бібліятэцы па 30 чэрвеня.