«Дарога да Святыняў». Міжнародную навукова-асветніцкую экспедыцыю з Благадатным агнём ад Гроба Гасподняга хутка сустрэнуць на Гомельшчыне

19.07.2022 / Гомельская правда
1020 кіламетраў праз Ленін і Мілевічы Жыткавіцкага, Капаткевічы і Капцэвічы Петрыкаўскага, Сасновы Бор і Узнаж Светлагорскага раёнаў, Карму, Чачэрск,Ветку, Церахоўку і аграгарадок Карма Добрушскага раёна і, нарэшце, сам Добруш – такі насычаны маршрут удзельнікаў гэтага значнага мерапрыемства.

Пачнецца экспедыцыя 31 жніўня ад Свята-Духава кафедральнага сабора ў Мінску і працягнецца да 4 верасня. На Гомельшчыне клапоцяцца, каб свята прайшло на належным узроўні. На нядаўнім арганізацыйным пасяджэнні пад кіраўніцтвам намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Таццяны Кручко абмеркавалі шэраг
важных момантаў.

– Удзел у экспедыцыі прымуць 35 чалавек, сярод якіх навукоўцы, паэты, музыканты, літаратуразнаўцы, святары, каб людзі маглі знайсці танальнасць па душы. Чакаюць незабыўныя ўражанні і сустрэчы з цікавымі асобамі. Асноўная задача – дазволіць кожнаму раёну адчуць атмасферу, якая будзе панаваць у сталіцы Дня беларускага пісьменства – Добрушы, – сказаў кіраўнік экспедыцыі Аляксандр Лапата-
Загорскі.

Архіепіскап Гомельскі і Жлобінскі Стэфан прапанаваў, каб экспедыцыя прывезла не Благадатны агонь ад Гроба Гасподняга, а з месца нараджэння Хрыста. Прагучала і яшчэ адна ініцыятыва – больш
знаёміць людзей з беларускімі святынямі, а дзеля гэтага можна акрамя Загор’е-Сталавіцкай іконы Пакрова Прасвятой Багародзіцы ўзяць, напрыклад, Юравіцкую ці новую ікону з чатырма гомельскімі святынямі. Ідэя павінна атрымаць развіццё.

Ва ўсіх населеных пунктах, якія наведвае экспедыцыя, высаджваецца Сад малітвы. Сёлета прапаноўваецца пасадзіць тры дрэвы як сімвал яднання славянскіх народаў: Гомельшчына – прыгранічны рэгіён.

Творчыя сустрэчы з вядомымі людзьмі, хрэсныя ходы, малебны, выставы, размовы – праграма экспедыцыі «Дарога да Святыняў» вельмі насычаная і цікавая. Не прапусціце мерапрыемства ў вашым раёне.