26 лістапада спаўняецца 92 гады з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча
26.11.2022 / Гомельская правдаАднойчы ў 1955 годзе на старонках часопіса «Полымя» з’явіўся новы аўтар. Малады, невядомы нікому сельскі настаўнік Уладзімір Караткевіч дэбютаваў у рэспубліканскім выданні вершам «Машэка». Так пачаўся шлях будучага беларускага класіка ў вялікую літаратуру.
Уладзімір Караткевіч у маладосці
Нарадзіўся будучы пісьменнік у старажытнай Оршы ў сям’і інтэлігентаў. Бацька, Сямён Цімафеевіч, быў работнікам фінансавых органаў, а маці, Надзея Васільеўна, працавала настаўніцай. Вялікі ўплыў на хлопчыка аказаў дзед па матчынай лініі Васіль Грынкевіч, ад якога пачуў шмат беларускіх народных паданняў, легендаў і казак, палюбіў гісторыю. Дарэчы, многія апавяданні дзеда былі крыніцай будучых твораў пісьменніка, а пазней дзед стане прататыпам Данілы Загорскага-Вежы ў рамане «Каласы пад сярпом тваім».
Юнацкія гады Уладзіміра апаліла Вялікая Айчынная вайна. Разам з сям’ёй ён знаходзіўся ў эвакуацыі. У 1944 годзе вярнуўся ў Оршу. У пасляваенны час змясціў на старонках рукапіснага часопіса «Званочак» некалькі вершаў і першую прыгодніцкую аповесць «Загадка Неферціці». Скончыўшы філалагічны факультэт Кіеўскага ўніверсітэта, малады настаўнік працаваў у вёсцы Лесавічы на Кіеўшчыне і ў родным горадзе.
Сапраўднай творчай радзімай для пісьменніка стала Рагачоўшчына. Сюды ён наведваўся з малых гадоў, спачатку прыязджаў да дзеда, а потым у яго хату, да сваякоў. Яго натхняла багатая гісторыя гэтых мясцін. Жыхары згадваюць, як ён з нататнікам падоўгу заседжваўся на Замкавай гары. У сваёй паэме «Зямля бацькоў» апісаў руіны мясцовага замка каралевы Боны, а падзеі аповесці «Сівая легенда» адбываюцца ў асноўным на Рагачоўшчыне. Шмат цёплых слоў пра Прыдняпроўе сказаў пісьменнік і ў нарысе «Зямля пад белымі крыламі». Менавіта тут ён пачаў пісаць «Каласы пад сярпом тваім», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні».
Першы зборнік вершаў Караткевіча «Матчына душа» пабачыў свет у 1958 годзе, але прызнанне яму прынесла проза. Адразу ж згадваюцца аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха» і раман «Чорны замак Альшанскі». Караткевіч першы так займальна пісаў пра нацыянальную гісторыю. Здаецца, няма такога жанра, у якім бы не працаваў непаўторны класік. Творы Уладзіміра Караткевіча – цудадзейны глыток жывой вады, якую павінен выпіць кожны беларус.