Святая справа Мікалая Куцакова. Расказ пра тое, дзеля чаго капітан першага рангу ў адстаўцы пабудаваў царкву
30.08.2023 / Гомельская правдаУ вёску Палессе на Чачэршчыне мы ехалі з нецярпеннем, ведаючы, што там пасяліўся цікавы чалавек, жыхар Масквы Мікалай Міхайлавіч Куцакоў. Былы марскі афіцэр на ўласныя зберажэнні будуе храм Свяціцеля Мікалая Цудатворца, якраз такі, які быў у гэтай вёсцы раней, дзе богаслужэнні ішлі амаль сто гадоў.
У жніўні 2013 года Мікалай Міхайлавіч быў пасвячоны ў іерэі
Ручаінкі дзяцінства
Едзем па ледзь не суцэльным лясным тунэлі, у пышную зеляніну якога ўплялася жаўцізна бяроз, барва клёнаў і чырвань рабінавых гронак. Прыгожа. Цёпла і сонечна. Прырода дорыць добры настрой.
Такім ён быў і ў Мікалая Куцакова і яго добраахвотнага памочніка Леаніда Зубарава, якія на складзе піларамы выцягвалі дошкі, брусы, каб яны прасушыліся на сонечным скразняку. Гаворка, вядома ж, пайшла пра жыццё-быццё і адразу ж звярнула ў рэчышча дзяцінства і юнацтва Мікалая Міхайлавіча, ды і ўвогуле аб усёй сям’і Куцаковых.
Да вайны яна жыла ў суседніх Барсуках. У патомных хлебаробаў Міхаіла Яфімавіча і Аксінні Емяльянаўны было трое дзяцей: два хлопчыкі і дзяўчынка. Старэйшы з іх, Мікола, нарадзіўся 7 красавіка, у дзень, калі кожны год праваслаўны люд адзначае вялікае хрысціянскае свята – Благавешчанне Прасвятой Багародзіцы. Бацька пайшоў ваяваць з фашыстамі і загінуў пры вызваленні Гомельшчыны, пахаваны ў брацкай магіле ў вёсцы Пакалюбічы. Пасля вайны, у 1947 годзе, Аксіння Емяльянаўна пабралася шлюбам яшчэ раз, з Васілём Пятровічам Савасцьянавым, і нарадзіла пяцярых дзяцей. Такім чынам, у сям’і раслі ў дружбе, згодзе і сялянскай працы трое сыноў і пяцёра дачок. Усе знайшлі сваё месца ў жыцці: у Маскве, Бранску, Іжэўску, Гомелі, Слуцку…
Мікола пасля заканчэння Барсукоўскай пачатковай школы вучыўся ў Палескай сярэдняй, у 1957 годзе атрымаў атэстат сталасці.
Царква
Пабудаваная ў 1843 годзе ў Палессі, яна была драўляная і, як паўсюдна, стаяла на ўзвышаным месцы. Прыход гэтага праваслаўнага Мікалаеўскага храма ў 1886 годзе налічваў больш за 4800 чалавек. Ды і пасля, як гаворыцца, сюды не зарастала народная сцежка. Да 1934 года, калі на хвалі барацьбы з рэлігіяй было прынята рашэнне закрыць і разбурыць храм.
Мясцовыя мужыкі, колькі іх ні ўгаворвалі, не згадзіліся на знішчальныя работы, і тады была нанята брыгада з сямі чалавек з суседняга Краснагорскага раёна Бранскай вобласці. Калі яны пачалі разбураць купал, адзін з іх паслізнуўся і, падаючы ўніз, у цэнтр храма, зачапіўся вопраткай за крук, на якім раней вісеў абраз. Гэта і выратавала яго. Бог пашкадаваў чалавека, вырашылі прыхадні, згарнулі работы і адмовіліся працягваць іх. Дзірку залаталі, і будынак доўгі час выкарыстоўваўся як калгаснае збожжасховішча.
На жаль, у Палессі і суседніх вёсках засталося мала людзей, якія былі сведкамі тых далёкіх падзей, але хто-ніхто з іх, гаворыць Мікалай Міхайлавіч, памятаюць святара часоў трыццатых гадоў айца Васілія, яго багаслужэнні. Родам ён быў з вёскі Недайка Рагачоўскага ўезда (зараз – Буда-Кашалёўскі раён) з сям’і псаломшчыка праваслаўнай царквы. Вера ў Бога, дабро і справядлівасць, любоў да людзей як вынікі духоўнага выхавання з дзяцінства, накіравалі яго і братоў Івана і Захара на царкоўную дзейнасць, на атрыманне сана святароў. Васіль Жудро скончыў у Гомелі духоўнае вучылішча і ў 1907 годзе стаў дыяканам у Палесскай царкве, а з 1918-га ён ужо там святар. Пасля закрыцця царквы ніхто не ведаў, як склаўся яго далейшы лёс.
Архіўныя ж дакументы сведчаць, што айцец Васіль быў арыштаваны 7 лютага 1938 года, праз паўтара тыдня пасля таго як расстралялі яго брата Івана (айцец Іаан) за быццам бы антысавецкую агітацыю. Ён катэгарычна не прызнаў абвінавачванні ў свой адрас і не адмовіўся ад веры, ад Бога, цвёрда заявіўшы, што сан святара з сябе не здымае. Быў расстраляны 13 сакавіка 1938 года, а яго маёмасць канфіскавана. Дарэчы, праследаванні ўлад не абмінулі і айца Захара. Такія вось тады былі часы.
Пасля вайны людзі звярталіся ў розныя інстанцыі з просьбай адкрыць царкву. Нарэшце ў 1956 ці 1957 годзе, расказвае Мікалай Міхайлавіч, у раён прыйшло распараджэнне канчаткова разабрацца з пытаннем. І гэта было ўспрынята наступным чынам: трэба разабраць будынак храма, а матэрыялы пусціць на пабудову спартыўнай залы і некалькіх класных пакояў школы.
Некаторыя работы выконвалі старшакласнікі, сярод якіх быў і Мікалай Куцакоў.
Рашэнне прынята
Калі ж у вёсцы пабудавалі новую школу, цагляную, будынак ранейшай наогул знік. Мікалай пасля заканчэння школы паехаў у Гомель, уладкаваўся матросам у рачным параходстве. Пасля была служба ў арміі ў Ленінградскай вобласці, школа сяржантаў у Эстоніі, Ленінградскае ваеннае вучылішча, акадэмія тылу і транспарту (факультэт транспарту, марское аддзяленне).
Ва Узброеных сілах Куцакоў праслужыў амаль 35 гадоў: Ленінград, Поўнач, Балтыка, Далёкі Усход і, нарэшце, Масква, Цэнтральнае ўпраўленне Міністэрства абароны СССР. Інжынер па суднах ваенных зносін, капітан першага рангу ўзнагароджаны 13 медалямі. У 1993-м стаў пенсіянерам, пастаянна наведваўся на сваю радзіму.
З’явілася ў Мікалая Міхайлавіча задума аднавіць гістарычную справядлівасць – пабудаваць царкву. Знайшоў поўную падтрымку і разуменне жонкі. Людміла Віктараўна – ураджэнка Севастопаля, дачка марскога афіцэра, які прайшоў усю вайну, узнагароджаны чатырма ордэнамі і памёр больш дваццаці гадоў назад. У Куцаковых у Маскве добрая кватэра, а пад горадам Чэхавам – дача. Дзве замужнія дачкі маюць у сталіцы Расіі сваю справу.
Людміла Віктараўна – былы старшы выкладчык Інстытута павышэння кваліфікацыі настаўніцкіх кадраў, кандыдат педагагічных навук, аўтар шэрагу кніг і дапаможнікаў па методыцы выхавання дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту. Сярод іх «Мама, я ўмею ляпіць», «Мама, я ўмею маляваць», «Маральна-працоўнае выхаванне дзіцяці-дашкольніка».
Падтрымка
Эскіз і праект новай царквы Мікалай Міхайлавіч распрацаваў сам, разлічыўшы ўсё да тонкасцей, што, вядома, было далёка не проста. А ў апошнія гады ён вырашыў многія арганізацыйныя пытанні і, на шчасце, атрымаў падтрымку і ў органах улады, і сярод служыцеляў праваслаўнай царквы. Архіепіскап Гомельскі і Жлобінскі Арыстарх параіў будаваць Куцакову цагляную царкву, а не драўляную, як раней думаў рабіць Мікалай Міхайлавіч. На эскізе ж уладыка напісаў «Бог у помач. Боскае бласлаўленне». Паспрыяў ён і ў набыцці будаўнічых матэрыялаў.
Мікалаю Міхайлавічу неаднаразова давялося звяртацца ў райвыканкам да тагачаснага старшыні Васіля Міхайлавіча Максіменкі і яго намесніка Пятра Васільевіча Несцяровіча. Яны не толькі адобрылі планы, але і выдзелілі на корані трыццаць кубаметраў лесу. А талака мужчын з Палесся нарыхтавала яго і даставіла на транспарце мясцовага КСУПа ў вёску, дзе на пілараме гаспадаркі быў атрыманы патрэбны будаўнічы матэрыял.
Работы на ўзвядзенні царквы пачаліся восенню 2006 года з устанаўлення крыжа і асвячэння месца будаўніцтва, што ў самым цэнтры вёскі, на ўзвышшы. Побач – невялікі сквер, дзе стаіць абеліск і помнік землякам, якія загінулі ў часы ваеннага ліхалецця. На адной з мемарыяльных пліт і прозвішча бацькі Мікалая – Міхаіла Яфімавіча.
– Царква будзе вышынёй дзесяць метраў, – расказаў Мікалай Міхайлавіч. – Здалёку будзе відаць храм. Трэба быць дастойнымі сваіх продкаў, іх мудрасці, духоўнай чысціні. Дзе царква – там святло ў душах, выратаванне, там – жыццё. Царкву, веру ў Бога, не могуць знішчыць ні гады, ні абставіны. Я хачу, каб жыхары Палесся, іншых вёсак, на многія часы не па сваёй волі адлучаныя ад богаслужэнняў, наблізіліся да Боскага свята, запалілі яго ў сваіх душах, сагрэлі ім іншых. Асабліва гэта важна для маладога пакалення, нашай змены.
Кожны дзень капітан першага рангу ў адстаўцы на будоўлі. Як атрымлівалася ў яго спасцігаць новыя справы – муляра, сталяра, бетоншчыка?
– Дапамагаюць Гасподзь Бог і людзі. Як пачынаў работы, нават смешна ўспамінаць зараз. Закласці падмурак складанасцей асаблівых не было. Выбралі грунт, уклалі ў траншэю бут, забетанавалі. Трэба толькі, каб вуглы супадалі. І вось дайшла справа да кладкі цэглы. Не ведаючы толкам, у якой прапорцыі з цэмента і пяску рабіць раствор (думаў, будзе лепш, калі для моцнасці даць больш цэменту), а на калькулятары пралічыў даўжыню падмурка і разрывы паміж цаглінамі, то і пачаў кладку. Ды што такое? Апошняя цагліна правісае на тры чвэрці, не супадае з вуглом. Разбурыў я той рад, а мужыкі падказалі: спачатку выкладзі вуглы, а паміж імі вяровачку нацягні. Гэта ж табе не мора. А калі цагліна не ўлезе недзе, дык ты яе – напалову. А ў растворы прапорцыю змяні таксама. Усё за тым пайшло як мае быць. Практыка, вопыт – вялікая справа.
Пастаянным і надзейным памочнікам у Мікалая Міхайлавіча стаў Леанід Зубараў, які за работу нічога не патрабаваў. Ён – інвалід з дзяцінства, Божы чалавек, з добрым сэрцам і светлым настроем. То вады для замесу раствору паднясе, то пясок праз сіта прасее, каб каменьчыкі ў яго не траплялі, то цэглу падае.
Дапамагаў і брат Міхаіл, які жыў у Барсуках. Асабліва трэба адзначыць поўнае ўзаемаразуменне паміж Куцаковым і былымі старшынямі сельсавета Аляксеем Фёдаравічам Мельнікавым і прадпрыемства «Палессе-2003» Валерыем Васільевічам Ільюшанкам.
Многія мясцовыя жыхары не абыходзілі ўвагай клопаты свайго земляка, які добраахвотна, па закліку сэрца і патрэбе душы ўзяўся за святую справу, аказвалі пасільную маральную і матэрыяльную дапамогу. Калі вялікагрузны аўтамабіль даставіў на пляцоўку дваццаць тон цэглы, вадзіцель думаў, давядзецца прастаяць цэлыя суткі, а можа і больш. Але сабраўся народ, арганізавалі пад кіраўніцтвам Мікалая Міхайлавіча тры разгрузачныя лініі, і неўзабаве справа была закончана.
Вядома, што ў летні час дарослым вяскоўцам работ розных хапае да самых вушэй. А ў школьнікаў – канікулы, многія з іх таксама дапамагалі Куцакову на кладцы сцен. І гэты момант, як, дарэчы, і іншыя, Мікалай Міхайлавіч разглядваў са спадзяваннем на тое, што, калі будзе пабудаваны храм і ажывіць наваколле сваім малінавым звонам, дзеці ўвойдуць у яго адчыненыя дзверы, каб узбагаціць сябе спрадвечнымі ісцінамі праваслаўя.
Новая царква ў вёсцы Палессе была асвячона 22 мая 2011 года. А ў жніўні 2013 года Мікалай Міхайлавіч пасля вучобы і стажыроўкі ў галоўным храме Гомельскай епархіі – саборы Пятра і Паўла – быў пасвячоны ў іерэі і зараз з’яўляецца настаяцелем царквы, якая ўзведзена яго рукамі пры дапамозе дабраахвотных памочнікаў.
Святар разам з матушкай Людмілай пастаянна клапоцяцца аб належным стане храма, прыгажосці вакол яго. Першапачатковыя купалы і крыжы для іх, зробленыя імі, вырашыў змяніць на больш трывалыя, прыгожыя, а знятыя выкарыстаць дзеля святой справы. Крыж з галоўнага купала ўстаноўлены на месцы былой царквы Мікалая Цудатворца ў Палессі, два іншыя – на Барсукоўскіх і Балсунскіх могілках. Дарэчы, на апошніх з іх па ініцыятыве і непасрэдным удзеле айца Мікалая зроблены добраўпарадкаванні. Па заказу святара ў спецыялізаванай майстэрні горада Клінцы Бранскай вобласці зроблены металічныя ўзорыстыя вароты з крыжам і выявай анёла.
Сваімі рукамі ён зрабіў і ўстанавіў крыжы-абярэгі ў вёсках сельсавета. І разам з матушкай нямала часу ўдзяліў, каб вуліцы Палесся выглядалі прывабна. Хіба можна прайсці міма такіх малых архітэктурных форм, як гэта: пад высокім сланечнікам выразаны з дрэва кот грае на гармоніку, а побач сядзіць зачараваная музыкай мыш?
Гармонік
Калі ў 2006 годзе Мікалай Міхайлавіч прыехаў з Масквы на малую радзіму, жыў напачатку ў брата Міхаіла ў Барсуках. А потым старшыня сельсавета Аляксей Фёдаравіч Мельнікаў параіў яму перабрацца ў Палессе, бліжэй да месца будоўлі. Перасяліўся ў будынак былой аптэкі. З братам адрамантавалі дах, навялі парадак у адным з пакояў, які ён заняў. З цягам часу быў абсталяваны яшчэ адзін пакойчык, аздоблены драўлянымі калодамі, якія служылі і сталом, і стулам.
Пасля працоўнага дня браў ён у рукі гармонік, і гукі любімых мелодый сагравалі сэрца і душу марскога афіцэра. Пра гармонік трэба сказаць асобна. Мікалай Міхайлавіч яшчэ ў дзяцінстве марыў пра такі інструмент. Але ў сям’і, дзе васьмёра дзяцей, былі на першым плане іншыя патрэбы. У сталым узросце ажыццявіў запаветную мару. У Маскве пазнаёміўся з лепшымі гарманістамі Расіі, якія ўдзельнічалі ў тэлепраграме «Грай, гармонік!» Тройчы Куцакоў ездзіў у горад Бор Ніжагародскай вобласці да самага славутага ў краіне прафесіянала Пічугіна, каб той зрабіў яму інструмент. Убачыўшы такую прагу да музыкі, Барыс Рыгоравіч не вытрымаў, развітаўся з гармонікам, які змайстраваў для сябе, і побач з упрыгожваннямі спецыяльную пласціну з прозвішчам новага ўладальніка прымацаваў.
Цяпер Мікалай Міхайлавіч бярэ ў рукі гармонік, і праз адчыненыя дзверы па сухапутным Палессі плывуць чароўныя гукі вальса «Амурскія хвалі». Дарэчы, ён яшчэ добры фізкультурнік, майстар спорту па гарадках. У час вайсковай службы на ўзроўні кандыдата ў майстры спорту па самба неаднаразова выходзіў на татамі. Быў першым нумарам каманды Ленінградскага гарнізона па гарадошнаму спорту, а ў 50-гадовым узросце ўдзельнічаў у лыжным марафоне (60 кіламетраў) «Лыжня Расіі».
Знакі лёсу і жывая вада
Калі ў 1934 годзе ў вёсцы закрылі храм, то абразы і ўсе царкоўныя рэчы вывезлі на скрыжаванні дарогі на Асінаўку і спалілі. Там цэлымі дзесяцігодзямі, пакуль зямлю не ўзаралі трактарам, не расла трава. Людзі думалі, што ўсё было знішчана. Але, на шчасце, высветлілася, што некаму ўдалося выратаваць напрастольны крыж, з якім праводзіў богаслужэнні айцец Васілій. Ён быў знойдзены ў 1972 годзе жанчынай-вернікам. Калі рыхтавалася да смерці, адпісала свой дом блізкаму родзічу (пляменніку) Леаніду Зубараву, памочніку Куцакова.
Леанід марыў аб тым, каб у адроджанай царкве з’явілася якая-небудзь рэч з ранейшага храма, якая б духоўна звязала былыя часы з сённяшнімі. Адшукаў тую жанчыну, і яна паабяцала прывезці крыж праз месяц. Ішлі тыдні, а крыжа ўсё не было. І вось, калі Куцакоў паклаў апошнюю цагліну на крыжу алтара, і з’явілася тая жанчына. У той жа самы дзень. Супадзенне? Лёс? Так напрастольны крыж заняў сваё пачэснае месца на алтары.
Недалёка ад храма ў нізіне знаходзіцца крыніца. У ёй б’юць ажно дзевяць ключоў-жыўчыкаў. Адсюль бралі і бяруць ваду жыхары. А была яна неўпарадкаваная. Мікалай Міхайлавіч зрабіў новы зруб, накрыўку над ім, падсыпаў вакол шчэбню, паставіў драўляны крыж. 7 красавіка, на дзень Благавешчання Прасвятой Багародзіцы, крыніцу асвяціў благачынны Чачэрска-Веткаўскай акругі, настаяцель храма Прэабражэння Гасподня пратаіерэй Георгій. Пазней няўрымлівы вясковы жыхар ажыццявіў яшчэ адну сваю задуму: каля крыніцы і абсталяваў купель. Жывая пульсуе вада ў крыніцы – жывая, святыя справы Мікалая Міхайлавіча Куцакова. Узвышанае і зямное. Зямное і ўзвышанае…
За заслугі перад праваслаўнай царквою іерэй Мікалай узнагароджаны ордэнам Кірылы Тураўскага і крыжам з упрыгожваннямі. Мікалаю Міхайлавічу прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін Чачэрскага раёна».
Сёлета ў святара і яго матушкі адбылася знакавая падзея – споўнілася 60 гадоў іх сумеснага жыцця. Узаемнае каханне, павага, узаемаразуменне, сіла веры ў Бога і яго спагада дапамагаюць ім крочыць па жыцці і служыць людзям.