Анлайн-праект «Беларускай казкі праменьчык залаты» бібліятэкі-філіяла № 16 «Сеткі публічных бібліятэк горада Гомеля» знаёміць з казкамі роднай краіны

25.08.2023 / Гомельская правда
Бібліятэкар Алла Чэрапоўская расказала, што ажыццяўляць праект дапамагаюць знакамітыя гараджане.


З творам «Пра Вожыка і Зайца» пазнаёміла сябар бібліятэкі, знакамітая пісьменніца, лаўрэат літаратурных і экалагічных конкурсаў Наталля Шастакова і прапанавала дзецям выканаць шэраг цікавых заданняў. Загадчык філіяла Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф. Р. Шклярава Наталля Кадзетава прачытала твор «Пра швачку». Маленькія слухачы даведаліся, як прод­кі ткалі палатно, якое было абсталяванне, паслухалі народныя песні і загадкі пра працу.

У наступным выпуску анлайн-праекта прыме ўдзел паэт, кампазітар, аўтар музычных казак для дзяцей Ала Навумава з творам Сяргея Давідовіча «Яўсейка і дзедава жалейка».

Паглядзець усе выпускі анлайн-праекта можна на сайце «Сеткі публічных бібліятэк горада Гомеля» gercenka@gorbibl.gomel.by, або на канале YouTube «Сеть публичных библиотек города Гомеля».

Чытайце дзецям болей казак, пашырайце іх слоўнікавы запас, развівайце фантазію і ўвагу, а самае галоўнае – выклікайце інтарэс да беларускіх кніг, заклікаюць работнікі бібліятэкі.