Пісьменнікі Гомельшчыны годна прадставілі рэгіён на свяце – ХХХ Дне беларускага пісьменства
05.09.2023 / Гомельская правдаСярод нашых удзельнікаў два лаўрэаты Нацыянальнай літаратурнай прэміі.
Творчая дэлегацыя абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі пазнаёміла жыхароў і гасцей Гарадка Віцебскай вобласці з лепшымі здабыткамі мастацкага слова Гомельшчыны.
Пісьменнікі прэзентавалі чытачам сем цікавых літаратурна-музычных праектаў, праграм і кніг. Прадставілі праграму «На зямлі Кірылы Тураўскага…». Гэта прэзентацыя выдавецкага праекта, які ажыццяўляецца з 2013 года Гомельскім аблвыканкамам і абласным аддзяленнем СПБ у межах абласной літаратурнай прэміі імя Кірылы Тураўскага. Уладзімір Гаўрыловіч, Лідзія Долбікава, Тамара Кручэнка, Іна Спасібіна, Соф’я Шах, Аляксей Бычкоў, Іна Зарэцкая, Людміла Яськова, Віктар Задарожны і супрацоўнікі абласной універсальнай бібліятэкі падзяліліся дасягненнямі і кніжнымі навінкамі 2023 года.
Прыемна, што ўпершыню ў гісторыі свята і Нацыянальнай літаратурнай прэміі адразу два прадстаўнікі Гомельшчыны сталі лепшымі пісьменнікамі года краіны. У намінацыі «Проза» лепшым мастацкім творам прызнаны раман-версія «Па веры вашай…» вядомага беларускага літаратара, заслужанага дзеяча культуры Беларусі, старшыні абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзіміра Гаўрыловіча.
Лепшым паэтычным творам прызнана кніга вянкоў санетаў вядомай беларускай паэтэсы, члена абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Соф’і Шах.