У музеі палацава-паркавага ансамбля працуе выстава «Посцілка: дэкаратыўнае вымярэнне»

03.11.2023 / Гомельская правда
Калі шэрай восенню вам хочацца акунуцца ў атмасферу лета, падзівіцца на буйства колераў, апынуцца сярод кветак і адчуць утульнасць роднай вясковай хаты, тады вам сюды.

Вялянціна Кірыкава з дачкой і ўнучкай на фоне сямейнага фотаздымка, які лёг у аснову кранальнага вобраза выставы

ПРА ВЫСТАВУ

Праект упершыню знаёміць наведвальнікаў з часткай калекцыі саматканых посцілак і дываноў з музейнага фонду, якая налічвае каля 100 адзінак амаль з усіх раёнаў Гомельшчыны, а таксама Краснаполля (Магілёўская вобласць). Прадстаўленыя на выставе творы ткацтва – здабыткі этнаграфічных экспедыцый супрацоўнікаў абласнога краязнаўчага музея, якія ла дзіліся па раёнах нашай вобласці ў 1970–1980-я гады. Усяго можна пабачыць каля 50 посцілак і дываноў, створаных у розных ткацкіх тэхніках, адметных сваёй вобразнай геаметрыяй, яркімі колеравымі спалучэннямі, аўтарскімі вырашэннямі.

Саматканыя посцілкі і дываны – жывы і яркі сусвет, у якім гарманічна спалучаюцца традыцыя і майстэрства, колеры і вобразы, утылітарнасць і невычэрпная дэкаратыўнасць.

«Гэта цуд неверагодны! Культурны код, апрацаваны з такой прыгажосцю ды густам!... Кранула ў самае сэрцайка!», «Дзякуй вялікі за магчымасць атрымаць асалоду ад гэтага магічнага і яскравага мастацтва. Дужа спадабаўся баланс выставы: посцілкі, фота, прадметы быту – усё сплялося ў адзін аповед, які робіць нас больш блізкімі да нашых каранёў», «У посцілках – душа беларускага народа!» – вось толькі некаторыя цёплыя словы з водгукаў, якія пакідаюць наведвальнікі выставы.

ПРА НАТХНЕННЕ

Адной з крыніц натхнення для стварэння выставачнага праекта стала так званая «этнасушка», якую ладзілі супрацоўнікі навукова-фондавага аддзела музея летам 2022 года: выносілі з фондасховішча на прасушку прадметы з калекцыі ткацтва. Тады тэрасу і газоны вакол класічнага палаца расквецілі рознакаляровыя саматканыя посцілкі, створаныя калісьці простымі вясковымі жанчынамі.

Не толькі супрацоўнікі ацанілі гэтае буйства колераў і вобразаў. Людзі, якія проста гулялі ў парку, падыходзілі, разглядалі посцілкі, як на сапраўднай выставе, здзіўляліся, успаміналі сваё дзяцінства, гады, праведзеныя ў вёсцы. Канешне, многім былі знаёмыя і самі посцілкі, якія захоўваюцца ў некаторых сем’ях і сёння. І тады рашэнне прыйшло само сабой: «Трэба рабіць выставу!» І вось роўна праз год мары здзейс ніліся.

ПРА ТВОРЧАСЦЬ

Галоўнай мэтай выставы было прадставіць посцілку не толькі як элемент традыцыйнай культуры, але і як твор дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Гэтага ўдалося дасягнуць з дапамогай розных мастацкіх вырашэнняў, якія зрабілі посцілку сапраўдным арт-аб’ектам. Дапоўнілі экспазіцыю і творы сучасных гомельскіх мастакоў, на якіх можна ўбачыць элементы беларускіх посцілак.

Адмыслова для выставы супрацоўнікі музея распрацавалі закладкі для кніг, размалёўкі, серыю арыгінальных адбіткаў ў тэхніцы лінагравюры з выявамі дэкаратыўных элементаў з музейных посцілак. Паўдзельні чаць у майстар-класы па лінагравюры, паслухаць куратарскую экскурсію можна кожную сераду.

ПРА ПОСЦІЛКІ І СЯМЕЙНУЮ ГІСТОРЫЮ

Прыемна, што музейная «этнасушка» мінулым летам натхніла гамяльчанку Валянціну Мікалаеўну Кірыкаву, якая вырашыла падарыць музею палацава-паркавага ансамбля свае сямейныя рэліквіі – дзве посцілкі і два ручнікі. І, напэўна, яна нават не ведала, што яе добры ўчынак стане для нас адной з крыніц натхнення для стварэння экспазіцыі. Сёння посцілкі яе любімай бабулі Еўфрасінні Міхайлаўны Карлоўскай прадстаўлены ў нашай выставачнай прасторы.

Еўфрасіння Міхайлаўна правяла жыццё на Буда-Кашалёўшчыне: нарадзілася ў вёсцы Рудня-Альхоўка, жыла пасля вяселля ў вёсцы Хоўхла, а потым дапамагала расціць унучак у Сінічыне. І, канешне, ткала, у асноўным ручнікі і посцілкі. Пакінула ў спадчыну ўнучкам па дзве посцілкі, якія тыя даставалі, каб упрыгожыць хату, толькі на святы.

Прыемна, што нашчадкі ткачыхі ўжо некалькі разоў наведалі нашу выставу. Першы раз да нас завіталі адразу тры пакаленні жанчын з яе сям’і – унучка Валянціна Кірыкава з дачкой Аленай і ўнучкай Аляксандрай. Крыху пазней Валянціна Мікалаеўна прывяла і сваю сястру Людмілу Стахавец.

Дарэчы, сямейны фотаздымак з Еўфрасінняй Міхайлаўнай лёг у аснову аднаго з самых кранальных вобразаў нашага праекта – старога акна з ліштвамі, з якога праз гады глядзіць на нас звычайная вясковая сям’я, дзе ў цэнт ры сядзіць самая старэйшая жанчына, дзякуючы мудрасці і майстэрству якой дагэтуль не губляецца сувязь паміж пакаленнямі.

Сустрэчы супрацоўнікаў музея з гэтай дружнай сям’ёй былі напоўненыя цёплымі ўспамінамі, станоўчымі эмоцыямі, слязамі радасці… Спадзяемся, што нам удалося закрануць патаемныя струны душы, з’яднаць пакаленні, захаваць каштоўнасныя арыенціры.

Выстава «Посцілка: дэкаратыўнае вымярэнне» працягнецца да 10 снежня.