Пісьменнік Аляксандр Капусцін надрукаваў першы артыкул у падпольнай «Гомельскай праўдзе»

12.02.2025 / Гомельская правда
Літаратурны каляндар – дата 12 лютага – абудзіў шчырыя душэўныя згадкі пра Аляксандра Пятровіча Капусціна.


У свой час на вяселлі родзічкі, якая выходзіла замуж за ўраджэнца нясвіжскага краю, надарылася закружыць у вальсе «са сватам Пятровічам». Быў ён перавязаны шыкоўным вышытым ручніком, выдзяляўся з натоўпу. Для мяне, без некалькіх месяцаў студэнткі-першакурсніцы філфака, было адкрыццём: сват – пісьменнік, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны.

Просты, шчыры, умеючы жартаваць, Аляксандр Пятровіч, даведаўшыся, што спрабую сябе ў рыфмаванні, падзяліўся, што сам пачынаў з вершаў, запрасіў прыйсці з рукапісам у «ЛіМ», дзе быў намеснікам рэдактара. Так я ўпершыню ў сваім юнацкім жыцці зрабіла адкрыццё: і высокія заслугі чалавека не аддзяляюць яго ад простых людзей, народа, з якім звязаны лёс. Адважылася пераступіць упершыню парог рэдакцыі гэтага літаратурнага выдання, мела памятную гутарку з Верай Вярбой, якая падтрымала публікацыю падборкі вершаў.

Пазней, ужо ў рэдакцыі нашай «Гомельскай праўды», у неаднаразовых гутарках з Міхасём Даніленкам чула шчырыя гумарыстычныя згадкі пра калегу, бачыла іх сумеснае фота. Бывала ў Міхася Пятровіча дома, і тады ўспаміны пра былых калег па абласной газеце зацягваліся на некалькі гадзін…

Міхась Даніленка стаў першым у спісе лаўрэатаў абласной літаратурнай прэміі імя Аляксандра Капусціна. Я ж праз колькі гадоў здзейсніла свой даўні намер пабываць на малой радзіме Капусціна ў вёсцы Старая Рудня Жлобінскага раёна, дзе ў чэрвені 1942 года будучы пісьменнік Капусцін арганізаваў камсамольска-маладзёжную групу. З сябрамі-школьнікамі Мішам Таўсцялёвым, Юркам Хількевічам і іншымі распаўсюджваў лістоўкі, якія сам Саша пісаў друкаванымі літарамі, левай рукой. Вядома, гэта была рызыка, але ж для маладых натуральная. Рызыкаваць шмат разоў юнаку давядзецца і змагаючыся з ворагам у складзе партызанскага атрада імя Будзённага брыгады імя Варашылава.

Менавіта ў падпольнай газеце «Гомельская праўда» быў надрукаваны першы артыкул Аляксандра Капусціна пра разведчыкаў атрада. Аляксандр Пятровіч пазней напісаў рапарт з просьбай адправіць на фронт, удзельнічаў у баях на I Украінскім фронце, у 140-й стралковай дывізіі. Быў паранены, тройчы кантужаны. Атрымаўшы пасля вайны юрыдычную адукацыю, Капусцін працаваў суддзёй ва Уваравічах, пра розныя калізіі гэтага перыяду жыцця распавядаў і ў шэрагу сваіх твораў. Ён аўтар каля 30 кніг, сярод іх «Размова ў дарозе», «Скажу праўду», «Белыя гусі лета прарочаць», «Цвіў бэз, іграла скрыпка», «На хвалях Нявы».

Пісьменнік любіў жыццё, людзей, шчыра радаваўся прыездам у родны край, на Гомельшчыну. Вёсцы Старая Рудня ён прысвяціў аднайменны гісторыка-сацыяльны нарыс у навелах. Пра асабістыя заслугі ў час вайны Аляксандр Пятровіч расказваць не любіў. Як зазначае лаўрэат абласной літаратурнай прэміі імя А. Капусціна Мікалай Шуканаў, які меў шматгадовыя стасункі з пісьменнікам, зямляк дзяліўся: для яго галоўнае – занатаваць на старонках сваіх кніг мужнасць суайчыннікаў і тых, хто змагаўся за свабоду Жлобіншчыны.

У празаічных творах Аляксандр Капусцін паспеў расказаць пра капітана Баталава, які стрымліваў наступленне фашыстаў пад Жлобінам, а таксама пра генерал-лейтэнанта Леаніда Пятроўскага і воінаў 63-га стралковага корпуса пад яго камандаваннем, якія ажыццявілі ўдалы контрудар і на цэлы месяц вызвалілі Жлобін і Рагачоў ад фашысцкіх захопнікаў летам 1941 года.

На Жлобіншчыне штогод праводзяцца традыцыйныя чытанні, прысвечаныя Аляксандру Капусціну, уручаецца аднайменная прэмія. У 2024 годзе яе лаўрэатам стала Стараруднянская сельская бібліятэка, кніжніца з больш чым 100-гадовай гісторыяй.