Марына Шкурко з Брагіншчыны стварае карціны з бутэлечных коркаў
09.11.2025 / Гомельская правдаУявіце сабе дом, які не проста ўпрыгожаны, а літаральна «апрануты» ў яркае, шматграннае палатно, якое створана з тысяч рознакаляровых коркаў. Або гараж, пераўтвораны ў галерэю аб’ёмных жывёл, зробленых з пластыкавых бутэлек. Гэта не фантастыка, а рэальнасць, створаная рукамі Марыны Шкурко – жанчыны, якая знайшла ўнікальны спосаб тварыць прыгажосць.
Марына Шкурко
Родам яна з Казахстана. Дзяцінства, напоўненае водарамі і бязмежнымі прасторамі стэпаў, пакінула глыбокі след у яе душы. У шаснаццаць гадоў Марына разам з сям’ёй пераехала ў Расію.
– Там я атрымала прафесію машыністкі, выйшла замуж, нарадзіла сына Ігара і дачку Вікторыю. Памятаю, як шмат часу праводзіла за механічнай машынкай, – гэта таксама свайго роду творчасць, – расказвае субяседніца.
У пачатку 2000-х Марына Іванаўна вырашыла пераехаць у Беларусь, на малую радзіму свайго бацькі – у Брагінскі раён. У вёсцы Кавалі сям’я папоўнілася яшчэ двума дзецьмі: сынам Андрэем і дачкой Надзеяй.
Вясковы дом нібы сапраўдны церамок
Першыя гады былі прысвечаны сям’і і працы санітаркай у цэнтральнай раённай бальніцы. Пасля дэкрэтнага водпуску з’явілася незвычайнае захапленне.
– Я пачала ствараць жывёл з пластыкавых бутэлек. Хацелася зрабіць тэрыторыю вакол дома больш яркай. Дзеці дапамагалі, муж – таксама. Гэта было цікава, ажыўляла прастору, – успамінае Марына Шкурко.
Потым крыніцай новых ідэй стаў інтэрнэт, дзе яна ўбачыла прыгожыя карціны, створаныя з коркаў. Падумала: а чаму б самой не паспрабаваць?
І паспрабавала. Спачатку гэта былі невялікія кампазіцыі, затым больш маштабныя пано.
– Працэс займальны, – прызнаецца Марына Іванаўна. – Знайсці патрэбны колер, падабраць форму, абкласці кожны корак – гэта як збіраць складаную, але вельмі прыгожую карціну з пазлаў.
Матэрыял для творчасці знаходзіўся ўсюды. Дзеці, муж, родныя, сябры – усе ведалі пра незвычайнае хобі і з задавальненнем дапамагалі ёй. Гэта стала свайго роду сямейным праектам, які аб’ядноўваў блізкіх.
Зацікавіліся незвычайным праектам і аднавяскоўцы.
Кот і сабака тут лепшыя сябры
– Людзі пачалі падыходзіць, пыталіся, як гэта ў мяне атрымліваецца, прасілі зрабіць нешта і для іх, – расказвае яна.
Пры гэтым паспявала займацца агародам, весці хатнюю гаспадарку. А калі стамлялася, бралася за любімую справу – гэта для яе лепшы адпачынак.
Нядаўна Марына Іванаўна пераехала ў Брагін, зноў працуе санітаркай у цэнтральнай раённай бальніцы. Хобі пакуль на паўзе. Але яе не пакідаюць думкі пра творчасць. У галаве ўжо круцяцца новыя ідэі: плануе заняцца стварэннем дываноў з коркаў. Нічога дзіўнага: творчы чалавек можа пераўтварыць штодзённае ў незвычайнае, галоўнае – бачыць прыгажосць у самых простых рэчах.