12 лістапада спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Андрэя Макаёнка
12.11.2025 / Гомельская правдаЁн надзвычай сучасны аўтар, Андрэй Ягоравіч Макаёнак, наш зямляк, ураджэнец вёскі Борхаў Рагачоўскага раёна Гомельшчыны. Тэмы, якія драматург адлюстроўваў у сваіх творах у ХХ стагоддзі, надзвычай актуальныя і сёння, у веку ХХI. Па-ранейшаму актуальная тэма гаспадарання ў вёсцы, кроўная сувязь з роднай зямлёй, каранямі роду. Народу нашаму ва ўсе часы ненавісна здрадніцтва, прыстасаванства, падхалімства.
П’есы Макаёнка з поспехам ішлі ў 200 тэатрах СССР і за яго межамі
Нездарма ў 70-я гады мінулага стагоддзя спектаклі па п’есах Андрэя Макаёнка ішлі ў 200 тэатрах СССР і далёка за межамі. 700 разоў ігралі для гледачоў у Маскоўскім тэатры сатыры «Зацюканага апостала». Знакамітыя расійскія акцёры Андрэй Міронаў, Анатоль Папанаў, Вера Васільева, Спартак Мішулін, Аляксандр Шырвіндт і многія іншыя былі задзейнічаны ў макаёнкаўскай драматургіі. А з «Лявоніхай на арбіце» акцёры нацыянальнага Купалаўскага тэатра пабывалі, лічы, у кожнай беларускай вёсцы, дзе меўся клуб са сцэнай з шырмай. У самім тэатры на гэты спектакль былі задзейнічаны чатыры акцёрскія саставы.
…У пасляваенным 1946-м у аўтабіяграфіі Андрэй Ягоравіч пісаў: «…у 1938 годзе скончыў 10 класаў Журавіцкай сярэдняй школы. У 1939 годзе прызваны ў Чырвоную Армію, дзе праслужыў да 1942 года ў якасці нам. палітрука, палітрука роты. У 1942 годзе ўдзельнічаў у баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Крыму, дзе быў паранены. Пасля ранення і лячэння дэмабілізаваны з РККА…»
Паранены пад Феадосіяй у 1942-м, Андрэй Ягоравіч лячыўся ў шпіталях Краснадара і Баку. З асколкамі ў нагах, з гэтымі горкімі пазнакамі вайны, папрацаваўшы год ваенруком у адной са школ Грузіі, вярнуўся на родную Рагачоўшчыну. Пісьменнік спяшаўся жыць, спяшаўся расказаць усяму свету сваю праўду жыцця. Ім створаны сапраўды неўміручыя шэдэўры. У 1974 годзе за п’есы «Трыбунал» і «Таблетку пад язык» Макаёнак адзначаны Дзяржаўнай прэміяй БССР імя Якуба Коласа.
Шчырае шматгадовае сяброўства звязвала Андрэя Макаёнка з земляком Іванам Шамякіным. Пра прыезды сябра на дачу ў Церуху Іван Пятровіч дзяліўся: «Сапраўдным святам было, калі прыязджаў Андрэй, з маладой прыгожай Ленай, з малымі Алай і Сяргеем. Андрэй захапляўся спінінгам. Мы ехалі да Сожа і цэлы дзень сцёбалі блёснамі па вадзе, як правіла, без улову. А дзеці купаліся, гулялі на лузе…»
На Гомельшчыне годна ўшаноўваецца памяць народнага пісьменніка Беларусі Андрэя Ягоравіча Макаёнка. У 1986 годзе ў Журавічах адкрыты літаратурны музей пісьменніка. Да 80-годдзя з дня нараджэння драматурга ў 2000-м у цэнтры аграгарадка ўстаноўлены бюст. Імя Макаёнка носяць вуліцы ў Гомелі і Мінску. У зале ўрачыстых пасяджэнняў у Палацы Румянцавых і Паскевічаў увекавечаны знакавыя гістарычныя асобы нашага краю, сярод іх і Андрэй Макаёнак.
Мемарыяльная зала, прысвечаная жыццю і творчасці народнага пісьменніка Беларусі, драматурга, сцэнарыста Андрэя Макаёнка створана ў Гомельскай абласной бібліятэцы ў 2016 годзе, а сёлета адноўлена. Любоў Іванаўна Макаёнак, другая жонка пісьменніка, пагадзілася тады перадаць у дар бібліятэцы практычна ўвесь архіў класіка з іх мінскай кватэры. Цяпер у адметнай скарбонцы Ленінкі ў прадстаўнікоў розных пакаленняў ёсць мажлівасць пабываць і далучыцца сэрцам да лёсу земляка.