Ураджэнка Мінскай вобласці пасля вучобы размеркавалася ў Петрыкаў
15.12.2021 / Гомельская правдаГанна Жукавец працуе ў Петрыкаўскім лясгасе толькі трэці месяц.
Калі паўстала пытанне размеркавання, Ганна Жукавец была адной з тых, хто жадаў пакінуць шумны Мінск і адправіцца ў ціхі Петрыкаў. Фота аўтара
Малады спецыяліст адзначыла прыгажосць Палесся ў час практыкі ў Нацыянальным парку «Прыпяцкі». Сёння дзяўчына ўпэўнена сцвярджае, што працу знайшла па душы, а малады творчы калектыў дапамагае адаптавацца ў незнаёмым горадзе.
– Яшчэ ў школе для сябе адзначыла, што Палессе прываблівае мяне, а сфера турызму – тым больш. Лясная гаспадарка – перспектыўная галіна ў Беларусі як для кар’ернага, так і для асобаснага росту. Менавіта таму выбар спыніла на факультэце «Турызм і прыродакарыстанне» БДТУ, – падзялілася Ганна. – Калі паўстала пытанне размеркавання, была адной з тых, хто жадаў пакінуць шумны Мінск і адправіцца ў ціхі Петрыкаў. Не ўсе сябры мяне падтрымалі, большая іх частка марыла пра працу ў сталіцы. Я чалавек спакойны, месца сабе абрала адпаведнае.
Ганна дадала, што ёй цалкам аплочваюць здымную кватэру і ўвогуле калектыўная дамова састаўлена пад патрэбы чалавека. Малады спецыяліст працуе майстрам па адводзе і таксацыі лесасек – аналізуе пэўны ўчастак па мноству параметраў.
– Цвёрда адказаць на пытанне, ці застануся працаваць у Петрыкаве, не магу. Калегі жартуюць, што застануся тут. Добра, што маршрутнае аўто дазваляе мне хутка дабрацца да малой радзімы – Старых Дарог Мінскай вобласці. Зараз асвойваю самастойнае жыццё пасля ўніверсітэта, а што будзе далей – пакажа час.