У райцэнтры Карма будучы творца Аляксей Сазанчук спасцігаў работу следчага
30.07.2021 / Гомельская правдаРэальным падзеям, што адбываліся з рэальнымі людзьмі ў няпростых 80-х гадах мінулага стагоддзя, прысвяціў адразу дзве кнігі з адной назвай «Ах, судьба моя, Корма!» пісьменнік-краязнаўца Аляксей Сазанчук.
Аляксей Сазанчук надпісвае аўтографы для чытачоў
Прыцяжэнне роднага парога
Ён нарадзіўся ў Нараўлянскім раёне, у вялікай вясковай сям’і быў самым малодшым, сёмым дзіцём. Сталае жыццё Аляксея Іванавіча было звязана са службай у органах унутраных спраў. Прайшоў шлях ад радавога міліцыянера да намесніка начальніка Жлобінскага ГРАУС, працаваў у следчых падраздзяленнях УУС Ямала-Нянецкай аўтаномнай акругі Расіі, куды лёс закінуў з сям’ёй пасля трагічных падзей на Чарнобыльскай АЭС. У 1996-м у званні падпалкоўніка міліцыі выхадзец з Палесся пайшоў на пенсію і праз некалькі гадоў вярнуўся ў Беларусь. Жыў на Гродзеншчыне, там стварыў шэраг краязнаўча-мастацкіх кніг: пра людзей, якія побач, блізкіх па духу і сумленных, шчырых працаўнікоў, ды і пра зямлю, якая прыходзіла ў снах, родную Нараўляншчыну.
Як кажуць, сэрцу не загадаеш: нарэшце, у 2016 годзе творца прымае рашэнне вярнуцца ў родныя мясціны. І тут ужо натхнёна працуе як пісьменнік-краязнаўца.
Нядаўна, у 2020-м, з друку выйшла яго дакументальная аповесць «Дарога даўжынёю ў жыццё» пра жыццёвы шлях земляка, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, гамяльчаніна Аляксея Галавацкага, які служыў кулямётчыкам у партызанскім атрадзе, удзельнічаў у ліквідацыі бандфарміраванняў у Заходняй Украіне, у складзе 1-га Беларускага фронту дайшоў да Берліна. І вось пісьменнік-дакументаліст Сазанчук у розных выдавецтвах Беларусі выдае адразу дзве паўнавартасныя кнігі, паяднаныя адной назвай «Ах, судьба моя, Корма!».
Пра зямлю, якая стала роднай
Чаму Карма? Чаму менавіта гэты невялікі раённы цэнтр стаў вызначальным для творцы? Адказ у біяграфіі Аляксея Іванавіча. Ды і ў самой кнізе.
Выпускнік Валгаградскай вышэйшай следчай школы МУС СССР Аляксей Сазанчук на працягу пяці гадоў служыў следчым, затым старшым следчым Кармянскага РАУС. У гэтым прыгожым краі сустрэў гасцінных, працалюбівых, дбайных і таленавітых людзей, якія шчыра клапаціліся і любілі сваю родную зямлю. Іх лёс, акроплены многімі сумнымі падзеямі – Чарнобылем, развалам СССР, хваляваў і хвалюе Сазанчука. Безумоўна, да дробязей памятае і свае першыя крымінальныя справы, якія яму, маладому следчаму, даводзілася весці ў пасожскай глыбінцы. І калі вярнуўся на роднае Палессе, надта карцела ўзяцца за напісанне кнігі пра Кармяншчыну, той час, што перажываў сам з яе людзьмі.
Хто яны, героі?
Персанажы дзвюх кніг – рэальныя людзі. Кіраўнікі ўладных, праваахоўных структур таго часу, простыя людзі. Адданыя зямлі, на якой жылі, любілі і працавалі, якія паважалі і падтрымлівалі аратых і сейбітаў, работнікаў сацыяльнай сферы, інтэлігенцыю. Такія героі Аляксея Сазанчука, як, напрыклад, першы сакратар райкама партыі Міхаіл Ігнаценка, пракурор Анатоль Лук’янаў, верылі ў сваю краіну і законнасць, заўсёды былі на баку сумленных працаўнікоў.
Аўтар праўдзіва паказвае і беспрынцыпных кар’ерыстаў, якія сваімі дзеяннямі знішчалі веру ў справядлівасць. Прыводзіць прыклады двайной маралі, паказвае, як перараджэнне і хлусня заганяюць у тупік маладога юрыста, выпускніка вышэйшай следчай школы…
Апісваючы рэальныя падзеі, Сазанчук дае свае ацэнкі таму часу. Ён даказвае, што сацыялістычны ўклад жыцця – гэта клопат пра чалавека, гэта мір і стваральная праца, а ўсе недахопы савецкага ладу (яны, безумоўна, былі) можна і трэба было хутка выправіць, а не развальваць цалкам краіну і знішчаць усё лепшае, створанае продкамі, ва ўгоду капіталістычнаму свету. А сёння, праз тры дзесяцігоддзі, па віне гэтага ж крыміналізаванага «раю», свету грошай, наркамафіі і распусты ў войнах палаюць цэлыя кантыненты, гінуць сотні тысяч нявінных людзей.
Аўтар палымяна заклікае ўсіх землякоў асэнсоўваць падзеі, берагчы сваю зямлю, спыняць любыя фашысцкія памкненні, а лідараў краін і ініцыятараў правакацый прыцягваць да такой жа адказнасці, як і нацыстаў пасля Вялікай Айчыннай вайны.
Новыя кнігі дакументаліста-палешука, безумоўна, могуць выклікаць дыскусіі, шэраг яго разважанняў могуць паказацца наіўнымі, аднак не пагадзіцца з большасцю вывадаў аўтара цяжка, бо творца мае рацыю: любому злу не павінна быць месца на планеце Зямля!