Віншаванне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі са святам Божага Нараджэння і Новым годам
25.12.2021 / Гомельская правда“Хвала на вышынях Богу,
а на зямлі супакой людзям добрай волі”
(Лк 2, 14)
Дарагія браты і сёстры ў Хрысце! Людзі добрай волі!
З нагоды Божага Нараджэння звяртаюся да Вас з найлепшымі святочнымі віншаваннямі. Калядны час натхняе ўсіх нас да паглыблення веры, надзеі і любові. Сярод разнастайных віроў гісторыі і свету Сын Божы ўваходзіць у наша жыццё і ціха стукаецца ў дзверы кожнага сэрца, запрашаючы адкрыцца дару Божай любові.
Няхай святло Віфляемскай зоркі прынясе ў кожны дом Божае благаславенне, супакой і ўзаемаразуменне. Няхай нованароджаны Сын Божы абудзіць у нас усё найлепшае і дапаможа з новай моцай адкрыць тое, што найважнейшае.
Жадаю Вам моцнага духоўнага і фізічнага здароўя, усіх неабходных Божых дароў і ласкі. Няхай цяпло і надзея, якія асвяцілі ноч Нараджэння Хрыста, дапамогуць нанова адчуць, як моцна мы любімыя і як наша любоў неабходна кожнаму чалавеку, якога Бог ставіць на шляху нашага жыцця.
Няхай нованароджанае Божае Дзіцятка прынясе паўнату Божага благаславення і радасці жыцця ў новым, 2022 годзе.
Хрыстос нарадзіўся! Славім Яго!
З пажаданнямі Божага благаславення і святочнымі віншаваннямі, Антоній Дзям’янка, біскуп Пінскі