Мая родная хата-хаціначка. Што запомнілася з пасляваеннага дзяцінства

26.01.2022 / Гомельская правда
Вось яна на здымку, змешчаным 25 студзеня далёкага 1946 года ў роднай для мяне газеце «Гомельская праўда». У якой я ўпершыню ступіў на журналісцкую сцежку і якой аддаў пятнаццаць незабыўных гадоў жыцця.


На папялішчах

Пад здымкам значыцца, што дом пабудаваны для калгасніка калгаса «Сталінец» Чачэрскага раёна Пернікава Г. А. Гледзячы на фота, няцяжка здагадацца, што хаця дах на будынку ўжо накрыты, франтоны забіты, а комін гатовы выпускаць дым, дом яшчэ не зведаў радаснага наваселля, не абжыты. Бо пад вокнамі, чаго не можа дапусціць дбайны гаспадар, валяецца непрыбранае галлё і іншы друз. Хата чакала цёплых часоў, калі ў ёй будуць праводзіць аддзелачныя работы.

Як вынікала з надрукаванага побач артыкула М. Рашчынскага (дарэчы, з паважаным Міхаілам Сяргеевічам я працаваў у «ГП» некалькі гадоў), у вёсках Гомельшчыны фашысцкія варвары спалілі і разбурылі 52 545 хат. Пасля выгнання акупантаў было адбудавана звыш трыццаці тысяч дамоў. У зямлянках жа працягвалі збіраць дрыжыкі яшчэ больш як восем тысяч гаротных сем’яў, у якіх не было ні кала ні двара.

Як пазней расказвалі мае бацькі Рыгор Андрэевіч і Таццяна Кірылаўна, мы займелі на­дзейны ўласны жылы кут раней многіх іншых пагарэльцаў пры наступных абставінах. У вайну яны з намі, са сваімі дзецьмі, Іванам, Сяргеем, Нінай, мной і аднагадовай Марусяй уратоўваліся ў вёсцы Фундамінка Буда-Кашалёўскага раёна. І калі вярнуліся з бежанцаў у родную Слабаду Ганнаполле, то на месцы нашага дома – прасторнага, з прыгожым і вясёлым фасадам на вуліцу Сталінскую, убачылі чорнае папялішча з рэшкамі абвугленых галавешак і печы, у якой то, сціхаючы, жалобна скуголіў, то, набіраючы разгон, злосна, на ўсе лады, завываў сівер. Бацькі былі ў роспачы: як жыць, дзе прытуліцца? З пустымі торбамі, з такой хворай Марусяй, ці выкараскаецца яна? Пагараваўшы над спаленым і патрушчаным, мы ў вялікай трывозе – на прыцемкі ўжо добра ўзбілася, а ў нас пераначаваць няма дзе – папляліся па мёртвай вуліцы: ні будыніны, ні чалавека нідзе.

І раптам, праз паўкіламетра хады, зусім нечакана, калі нашымі душамі авалодаў адчай, вочы зачапіліся за домік, што ляпіўся паблізу старой разлапістай ліпы. Цалюсенькі, з дахам, комінам, з якога курыўся дым, і вокнамі, што нясмела цадзілі праз шкло дрыготкія прасветлінкі агеньчыку лучын ці комінка! Домік нашай бабы Мар’і і дзеда Майсея!

Апушчу аповед аб радасці сустрэчы з раднёй – яе набілася сюды каля, пэўна, трыццаці чалавек з пяці ці шасці сем’яў, якіх немцы пазбавілі жытла. Такі ж малюнак быў і ў іншых рэдка дзе ацалелых хатах: цесната, задуха, але без крыўдаў і скаргаў. Адно гора на ўсіх з’ядноўвала людзей на дабрыню, на ўзаемадапамогу, на ўсведамленне таго, што яны, дзякуй Богу, жывыя, што ў іх душах пульсуюць спадзяванні: неймаверныя цяжкасці праз колькі часу рассеюцца, адсту­пяць на задні план, а наперадзе – добрыя змены.

Назаўтра бацька адправіўся на папялішча і, вярнуўшыся, паведаміў: учора, прыбітыя горам, мы не падумалі, што ў глыбіні агарода магла застацца некранутай каробка дома, недабудаванага яго братам Конанам, які быў на фронце. Аказваецца, яна «жывая», тая каробка. Пэўна таму, што немцы ўзвалаклі на гарышча хаты гармату і абстрэльвалі адтуль пазіцыі чырвонаармейцаў.

Ліст з Украіны

Незнаёмы мужчына паведамляў нашаму бацьку, што выконвае перадсмяротную просьбу Конана, які і даў яму адрас брата Рыгора. Конан трапіў у палон, калі ваяваў у дзеючай арміі, але збег з яго. Ды зноў паўторны палон, на гэты раз з групай партызан.

Гітлераўцы ўчынілі над імі жудасную расправу, калі не ўдалося выбіць ад іх звесткі аб месцы дыслакацыі атрада. Пад страхам смерці яны прымусілі таго мужыка паліць печ у лазні шэсць гадзін запар, пасля чаго зачынілі юшку. Раніцай усе палонныя, атручаныя чадам, мёрт­вымі ляжалі на падлозе, а Конан вісеў у пятлі. Гаспадар лазні закапаў няшчасных у адной яме.

Даведаўшыся аб гэтым, Рыгор Андрэевіч зразумеў, што незакончаная будыніна загінуўшага брата-халасцяка цяпер яго, і гора горам (ад яго нікуды не падзенешся, светлая памяць Конану), а трэба брацца за работу, якая зацепліць нашы душы ў надзеі на будучае наваселле.

Гарцоўка на жарабку

Пасля вайны клопатаў, праблем, няўвязак у людзей было вышэй галавы. Заробкі ў калгасе з гулькін нос, і ўсе надзеі – на свой за­дзірванелы агарод, які неабходна ўзараць, засеяць, засадзіць. А чым і як, калі няма ні коней, ні насення? Таму люд сам упрагаўся ў плугі ды бароны, пад­сілкоўваючыся пахлёбкай-салатамі са шчаўя, крапівы, лебяды і разбаўляючы гэту нішчымніцу бульбінай, рыбінай ці яйкамі дзікіх качак, што ладзілі гнёзды на купінах зарэчнага лазняку.

Старанне, праца да сёмага поту, мазольныя рукі былі для ўдачы добрыя зарукі. Выкруч­ваўся хто як мог, але кожны спадзяваўся, што дзяржава, якая паступова станавілася на ногі, дапаможа. Так яно і было. Галоўнае – настройваць сябе на доб­ры лад, на жыццё без хандры ды з гумарам.

Пэўна таму доўгімі асеннімі і зімовымі вечарамі, калі ззаду заставалася заўважна менш хатніх і калгасных спраў, у нашым доме нярэдка сабіралася да дваццаці і больш жанчын і мужыкоў з зямлянак, бліндажоў і незакончаных халодных будынін, дзе ўжо з горам папалам можна было туліцца. Усе сядалі на лаўкі і нетаропка дзяліліся навінамі, вялі рознага роду размовы, а іншым разам напаўголасу спявалі.

Бацька ж, яго сябар з дзяцінства Люха, суседзі Васіль Малец і Іван Сэкун, якога заўсёды суправаджала здаравенная нямецкая аўчарка Рэкс, азартна рэзаліся ў «тысячу». Яны смакталі самакруткі, смярдзючыя тытунёвыя дымы якіх ірванымі аблачынкамі плылі да столі і туманілі памяшканне. Па патрабаванні жанчын хто-небудзь з мужыкоў прыадчыняў дзверы ў сенцы, і скразнячок рабіў сваю справу.

Нярэдка гульня заканчвалася апоўначы, і ніхто раней гэтага не разыходзіўся. Бо наперадзе, ведалі, цікавая інтрыгуючая развязка. І вось яна, жаданая. Пераможца гучна называе імёны аўтсайдараў і раіцца з публікай, з чаго пачынаць.

– З гаўкання, – дружна чуецца ў адказ.

Лідар заганяе першага няўдачніка пад лаву, дзе прымасціліся жанкі, і загадвае:

– Пакажы, што робіць Хведзь­кава сучка, калі зашчэміцца ў Пракопавым плятні.

І той, танюсенькім дыскантам то верашчыць, напускаючы на гледачоў-слухачоў сумныя матывы, то нібы заліваецца енкам-плачам з усімі прыдуманымі ім нюансамі. І гэтак паўтараецца столькі разоў, колькі «балаў» недабраў няўдачнік.

– А ну ўяві сабе, што ты Рэкс, – дае каманду лідар другой «ахвяры».

Той становіцца на карачкі, і з яго вырываецца такі гучны і грозны бас, што прыкімараная пад сталом аўчарка сваімі ра­зумнымі вачыма пачынае шукаць «калегу»-канкурэнта.

А трэці «артыст» так выводзіць у комінкавую трубу нудную піліпаўскую воўчую руладу, што сабака натапырваецца і нервова б’е хвастом па падлозе.

А то яшчэ разыгрывалася «Гарцоўка на жарабку». Пераможца, пераўвасобіўшыся ў Аляксандра Македонскага ці Чапаева, залазіў на «каня» і рыссю ці галопам «пускаўся» на ім ад акна да парога, размахваючы «кап’ём» ці «шабляй», а другой рукой ухапіўшыся за чупрыну ці вуха няўдачніка. Зацугляная «натурыстая жывёліна» адчайна «падбрыквала», спрабавала «укусіць» ездака за нагу, падала ў знямозе, каб адпачыць. Усё залежала ад каманды лідара і фантазіі самога аўтсайдара.

Ці трэба казаць, які рогат стаяў у хаце ад гэтых вясёлых гумарных відовішчаў, як узнімаўся настрой людзей, хоць няхай сабе і на кароткі час, прэч адганяючы ад іх клапотныя думкі нялёгкай пасляваеннай паўсядзённасці. З тым і разыходзіліся, каб праз некалькі дзён зноў сысціся тут і трохі падурэць-пажартаваць.

Хата выглядала весела

Дом наш быў на дзве палавіны з асобнымі грубай і печчу з комінам, склепам-ямінай для бульбы, двайной столлю з увінчаным у яе жалезным крукам, да якога, калі нараджалася дзіця, прывязвалася люлька. Хата стаяла на самым высокім месцы агарода і пяццю вачыма-вокнамі, якія на зімовы перыяд уцяпляліся двайнымі зашклёнымі рамамі, дапытліва ўзіралася ў наваколле: што там, на белым свеце, робіцца?

У сенцах была спецыяльная каморка, прызначаная для харчовых прадуктаў, расход якіх заўсёды быў на кантролі баць­коў. Пазней, у пяцідзясятыя гады, да сенцаў быў прыбудаваны хлеў з перагародкамі для гусей, курэй, парсюка і каровы і з вышкамі для сена. На лета мы, дзеці, на вышках ладкавалі свае пасцелі і спалі там усмак, прыслухоўваючыся да глыбокіх уздыхаў рагулі, звонкай мелодыі дажджу, які тугімі струменямі барабаніў па двары і лагодна шапацеў па даху, пакрытым у розныя часы саломай ці сітнікам. З тых вышак, яшчэ цёмначы, перад світанкам, я з трыма-чатырма сваімі сябрукамі спаўзаў уніз, каб, пераплыўшы на лодцы цераз Сож, па роснай лугавіне паспяшацца ў лес з надзеяй раней іншых натрапіць на грыбны неруш. Там жа, на вышках, каб ніхто не перашкаджаў, я пасля дзесяцігодкі рыхтаваўся да ўступных экзаменаў у інстытут.

Наша сям’я была шматдзетнай, а пасля вайны папоўнілася яшчэ двума хлапцамі-жыгункамі: Колем і Васілём. У кожнага з дзяцей былі свае сябры-таварышы, якія з ахвотай прыходзілі да нас гуляць. Мне асабліва запомніліся тыя часы, калі Іван, Сяргей і Ніна ўвайшлі ў жаніхова-нявесцін узрост, і іншы раз у нашай хаце моладзь наладжвала танцы. Яна тады хадзіла ходарам, пасля чаго праз некалькі дзён брудную падлогу шаравалі дзеркачамі.

Бацькоўскія пяшчоты і матузы

З самых малечых гадоў, калі мы яшчэ, як кажуць, не ўвабраліся ў пер’е, бацькі сваімі словам і справай убівалі ў нашы галовы прос­тую і мудрую ісціну: запомніце, што сцежку ў жыцці давядзецца працярэбліваць самім, без надзеі на «добрага дзядзьку». Адсюль – праца, праца і праца. З ахвотай і да ўтомы, бо ад гулякі хлеб ніякі. А каб не забывалі пра гэта, дык вось вам нашы пяшчота, а калі нечым нашкодзіце, дык папружка і матузы.

Усё гэта я паспытаў на сабе. Іншы раз за непаслухмянасць, гультайства, невыкананне загадаў. Аднойчы мяне пакараў нават Сяргей, калі на дзве гадзіны засадзіў у цёмны пограб, узгрувасціўшы, каб я не выкараскаўся адтуль, на масніцы ступу. Падобныя «ўрокі» потым пайшлі на карысць.

Родная хата-хаціначка адправіла аднаго за адным нас у самастойную жыццёвую дарогу: Івана – на курсы механізатараў, а затым у Мурманск, Сяргея – у лесатэхнічны тэхнікум і Іркуцкую вобласць, мяне – у Гомель у педінстытут і на Віцебшчыну, Марыю – у Магілёўскае дашкольна-педагагічнае вучылішча і на Гродзеншчыну, Колю – у Гомельскае прафтэхвучылішча і Падмаскоўе, Васіля – у Гомельскі дзяржуніверсітэт імя Ф. Скарыны. Толькі Ніна ўвесь час заставалася ў Чачэрску.

Наша родная хата-хаціначка, куды мы час ад часу наведваліся, як спяваецца ў песні, была для нас надзейным прычалам. Яна згарэла ў 1996 годзе ад пажару, што перакінуўся з дома Марыі, сям’я якой пераехала раней ў Слабаду Ганнаполле на па­стаяннае месца жыхарства…