Да Міжнароднага дня роднай мовы: літаратурны музей Янкі Купалы і Нацыянальная бібліятэка Беларусі запрашаюць на «Купалаўскі дыктант»
17.02.2022 / Гомельская правдаДыктант адбудзецца 18 лютага а 16 гадзіне.
Далучыцца да падзеі зможа кожны жадаючы, каб адчуць смак роднай мовы і магутнасць Купалавага слова, паспрабаваць свае сілы ў валоданні нормамі беларускага правапісу, напісаўшы тэкст аднаго з артыкулаў Янкі Купалы.
Ролю выкладчыка выканае акцёр Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Валянцін Салаўёў.
Што патрэбна для ўдзелу? Першыя 140 чалавек, якія пройдуць рэгістрацыю праз Google-форму будуць запрошаны на пляцоўку Нацыянальнай бібліятэкі. Тым, хто будзе пісаць дома, далучыцца да дыктанта можна праз прамую трансляцыю на YouTube (спасылка – ў соцсетках музея Янкі Купалы). Пасля анлайн-удзельнікі павінны цягам 30 хвілін адправіць фотаздымак напісанага тэкста на пошту kupalauski.dyktant@gmail.com.
Усе ўдзельнікі цягам 10 дзён атрымаюць свае вынікі, а таксама электронныя сертыфікаты ўдзельніка праекта. Тыя, хто напіша дыктант на выдатна (10 балаў), стануць уладальнікамі памятных падарункаў ад арганізатараў.
Мерапрыемства адбудзецца ў рамках святкавання 140-гадовага юбілею першага народнага паэта Беларусі Янкі Купалы і 100-годдзя Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.