Ніколі ні з кім не сварылася: адзіны ветэран вайны ў Петрыкаўскім раёне адзначыла 100-гадовы юбілей
21.06.2023 / Гомельская правдаВера Аляксандраўна Кароткая прымала віншаванні не толькі ад блізкіх людзей, але і ад кіраўніцтва раёна, прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый, паведамляе petrikov.by.
– Далёка не кожны адолее шлях у 100 гадоў. Вы з гонарам прайшлі яго, не разгу-біўшы душэўнай цеплыні і шчырасці, – адзначыла намеснік старшыні райвыканкама Святлана Сянько. – Бясконцыя словы падзякі і нізкі паклон вам, паважаная Вера Аляксандраўна, ад жыхароў Петрыкаўшчыны за Перамогу, мір і шчасце жыць.
Святлана Сянько ўручыла юбіляршы новы пашпарт і пажадала ёй добрага здароўя. Ад райвыканкама і грамадскіх арганізацый імянінніцы прызначаліся цёплыя словы, кветкі, падарункі і абавязковы атрыбут дня нараджэння – торт.
– Падумаць толькі: мая мама нарадзілася ў 1923 годзе, гадавалася ў першыя паслярэвалюцыйныя гады і ў часы калектывізацыі. Юнацтва і маладосць яе прыпалі на час Вялікай Айчыннай вайны, працавала пры савецкай уладзе, стала сведкай перабудовы, развалу СССР – колькі пры яе жыцці эпох змянілася! – разважае дачка Марыя Марцынкевіч. – Я вельмі шчаслівая, таму што далёка не ў кожнага бывае такая магчымасць – у нашым узросце абняць сваю матулю, пасядзець побач. Ведаеце, мама ніколі ні з кім не сварылася. Незласлівая па характары, яна ніколі не трымала ў галаве дрэнных думак. Магчыма, таму і наканаваны ёй лёсам доўгі век.