Вайна Пятра Пчалінцава. 99-гадовы ветэран, ганаровы чыгуначнік Беларусі – пра баявую маладосць і актыўнае даўгалецце
12.11.2023 / Гомельская правдаКалі 26 лістапада 1943 года быў вызвалены Гомель і фронт пакаціўся на Захад, жыхарам рэгіёна здавалася, што ў ворага ўжо знікла цікавасць да пакінутых тэрыторый. Аднак гэта было не так, аб чым сведчылі паветраныя налёты гітлераўскіх бамбавозаў на вайсковыя эшалоны, што фарміраваліся на чыгуначных станцыях.
Петр Ільіч Пчалінцаў са сваімі ўзнагародамі ў гэтыя дні
Нерат для шпіёна
У такой вось абстаноўцы яфрэйтар вайсковай часці 73-га палка войскаў НКУС Пчалінцаў разам з радавым салдатам былі задзейнічаны ў горадзе Шчорсе на праверцы пашпартнага рэжыму. У кафэ чыгуначнага вакзала іх увагу прыцягнуў старшы лейтэнант у лётнай форме:
– Калі ласка, вашы дакументы.
Калі той паказаў камандзіровачнае пасведчанне, яфрэйтар запатрабаваў ваенны білет ці пашпарт. Лётчык заўпарціўся: службіст, маўляў, перавышае свае паўнамоцтвы. Затрыманага для ўстанаўлення асобы даставілі ў адпаведны кабінет, дзе ён паводзіў сябе куды лагодней, бо разумеў: нявыкрутка. Так, ён, сібірак, ваяваў у Чырвонай арміі, ды трапіў у палон, дзе яму прапанавалі скончыць дыверсійную школу ў Германіі. А недзе праз паўгода на самалёце закінулі на памежжа Беларусі і Украіны, адкуль перадаў дзве шыфроўкі аб вялікай колькасці вагонаў на чыгуначных станцыях Гомель і Добруш. Шпіён паказаў месца схованкі парашута, радыёстанцыі, працоўных кніжак калгасніка і пуцявога абходчыка, паношаных кірзачоў, картуза, іншага сялянскага аддзення і трох тысяч рублёў.
Адзін супраць траіх
Аб далейшым лёсе здрадніка, які, нібы той драпежны шчупак, трапіў у нерат, Пётр Ільіч нічога не ведае, але ўпэўнены, што ён атрымаў па заслугах. Пазней Пчалінцаў абясшкодзіў узброеных бандытаў, якія рабавалі пасажыраў, што перамяшчаліся ў таварняках. А было гэта пры такіх абставінах.
Дыспетчар бранскай чыгуначнай станцыі патэлефанаваў прыёмшчыку вагонаў станцыі Унеча Пятру Пчалінцаву, што ў цягніку, які бярэ кірунак на Гомель, магчыма, едзе група марадзёраў.
Пётр Ільіч адразу пазваніў дзяжурнаму па станцыі міліцыянеру, з якім арганізаваў аператыўны службовы нарад і стаў чакаць цягніка. За 18 хвілін былі правераны ўсе вагоны, ды толькі зламыснікаў там не аказалася. Але пасажыры сцвярджалі, што яны былі і пазабіралі ў іх усё, што ўяўляла нейкую каштоўнасць, што адзін з іх быў у вайсковай форме, другі – высокага росту, а трэці – нізкага.
У гэты момант да аператыўнікаў прыспешыў кульгавы мужычок і заявіў, што тыя трое недалёка ад станцыі скінулі яго з адкрытай платформы чыгуначнага саставу, садраўшы скураную куртку, хромавыя боты і забралі тры вялікія сумкі з купленымі рэчамі.
Службоўцы разышліся па сваіх рабочых месцах, а Пётр Ільіч пачаў абход вартавых пастоў. Каля стрэлачнага пераходу ў цемры заўважыў трох чалавек з сумкамі ў руках. Мільганула здагадка: тыя самыя. Але, каб канчаткова ўпэўніцца ў гэтым, вырашыў абыйсці незнаёмцаў. Спецыяльна спатыкнуўшыся, слізгануў промнем ліхтара па іх, і сумненні зніклі.
Яго запыталі, як прайсці на вакзал. Пётр Ільіч паказаў напрамак і прыстроіўся ў іх за спінамі. Выбраўшы зручны момант, пекануў вайскоўца і высокага рукаяткай рэвальвера па галаве і, стрэліўшы ў паветра, грозна скамандаваў «Рукі ўгору»! Першы з іх адразу падпарадкаваўся, недамерак са страху бразнуўся вобзем, а вярзіла марудзіў і стаяў з прыўзнятымі на ўзроўні грудзей рукамі, імкнучыся апусціць іх. Гэты манеўр Петр Ільіч ведаў. Ідучы на злачынства, адпетыя крымінальныя бандыты на спецыяльным прыстасаванні трымалі прыгатаваны рэвальвер ці пісталет у рукаве паліто ці курткі, і ў патрэбны момант прывязаная да гумавога жгуціка зброя пад яе грузам слізгала ўніз, у далонь злачынцы, які адразу мог страляць. На ўсякі выпадак Пчалінцаў яшчэ раз смалянуў яго па галаве, і тут прыбеглі іншыя аператыўнікі.
Аглушаных марадзёраў скруцілі і даставілі на вакзал. Яны былі ўзброены рэвальверамі і пісталетамі, а верхавод банды меў іх ажно два. Ды яшчэ колькі нарабаваных гадзіннікаў. Пры вопісу змесціва сумак, тры з якіх назваў сваімі, той кульгавы мужычок, дзе знаходзілася 12 бутэлек царкоўнага віна, больш ста жаночых шаляў, многа іншых рэчаў, быў арыштаваны як спекулянт.
На лініі абароны
Спытаў у Пятра Ільіча, ці не служыў ён да вайны ў праваахоўных органах, калі ведаў пра бандыцкі манеўр з рэвальверамі і пісталетамі на гумцы.
– Ды не, – усміхаецца суразмоўца, – я скончыў толькі сем класаў і некаторы час працаваў рабочым сеназавода ў сваім Спасскім раёне Разанскай вобласці. У нашай сям’і было пяцёра дзяцей, і апроч таго, што дапамагаў бацькам па гаспадарчых справах, актыўна займаўся фізкультурай. Бегаў кросы, падымаў гіры, захапляўся лыжнымі гонкамі і самба і марыў некуды паступіць на вучобу, каб атрымаць хадавую спецыяльнасць. Выбраў школу фабрычна-завадскога навучання ў Маскоўскай вобласці. Туды і з’явіўся якраз у першы дзень вайны.
А праз дзесяць дзён усім выдалі сякеры і рыдлёўкі і адправілі пад горад Ржэў, дзе стваралася лінія абароны. Пётр трапіў у групу з 25 такіх жа падлеткаў, дзе майстрам быў Аляксей Іванавіч Сакураў, і быў прызначаны як бы старастам у ёй.
Работа такая: капаць супрацьтанкавыя рвы глыбінёй тры і шырынёй пяць метраў і будаваць доты (таўшчыня жалезабетоннай лабавой сценкі паўтара метра, астатнія – па аднаму метру, а зверху – мяшкі з пяском, якія абкладваліся дзёрнам). За змену кожны павінен быў выкінуць наверх 4,5 кубаметра грунту. А ён такі камяніста-гліністы, што іншым разам, каб угрызціся ў яго, даводзілася ў ход пускаць стамескі або распальваць на валунах вогнішчы, каб потым паліваць іх вадой і разбіваць на кавалкі.
Працавалі з шасці раніцы да дзевяці вечара. Адказнасць калектыўная. Калі хто не дацягваў да нормы, яму павінны былі дапамагаць іншыя, каб разам вяртацца, валіўшыся з ног, у пустуючую калгасную ферму, дзе жылі.
Лінію абароны прымаў маршал Савецкага Саюза Сямён Міхайлавіч Будзёны з ваеннымі спецыялістамі. Фашысты, між тым, наступалі, рваліся да Масквы, праследавалі чырвонаармейскія войскі, якія вымушаны былі адыходзіць на ўсход, каб заняць зручныя пазіцыі. Услед за імі рушылі і Пётр з таварышамі. Паратунку, здаецца, ад ворага не было. Спачатку ў небе з’яўляліся самалёты-разведчыкі «рамы» і скідвалі на зямлю лістоўкі з заклікамі здавацца і мяшэчкі з цукрам вагой 250 грамаў.
– Пабяжыш за імі, а фрыцы стральбу адкрываюць, – успамінае суразмоўца. – А потым бамбавозы ішлі. Адным словам, пакуль мы пехатой дабіраліся да Арэхава-Зуева, ад бамбёжак і атак фашыстаў з 250 навучэнцаў нашай школы засталося ў жывых толькі 27, а з Тамбоўскай, якая таксама ўдзельнічала ў будаўніцтве лініі абароны, яшчэ менш. Майстар параіў нам дабірацца дадому хто як зможа. У сваю вёску Зарэчча я трапіў у кастрычніку 1941 года і праз чатыры дні праводзіў на фронт бацьку і брата Васіля. Бацька загінуў, а Васіль вярнуўся калекам.
Да асобага распараджэння
Да жніўня 1942 года Пётр працаваў трактарыстам, чакаючы выкліку ў ваенкамат, і калі прыйшла павестка, ён разам з земляком Іванам Цярошыным на гадзіну спазніўся. Каманда прызыўнікоў, якія павінны былі стаць курсантамі танкавага вучылішча, ужо на вакзале, і афіцэр ваенкамата, сказаўшы, што яна недаўкамплектавана адным чалавекам, адправіў туды Івана. А Пятра Пчалінцава – дадому, чакаць асобага распараджэння. Якое прыйшло неўзабаве, і ў выніку ён трапіў у адну з часцей 73-га палка войскаў НКУС, дзе прайшоў спецыяльную падрыхтоўку.
Абавязкі гэтага падраздзялення заключаліся ў тым, каб ахоўваць чыгунку, масты, іншыя важныя аб’екты стратэгічнага прызначэння, дастаўляць боепрыпасы і харчаванне ў вайсковыя часці, у тым ліку і на перадавыя пазіцыі, забяспечваць парадак на станцыях і перагонах, займацца аператыўнай работай, вылаўліваць шпіёнаў, дыверсантаў, дэзерціраў, ілжэпартызан.
У час суправаджэнняў да фронту саставаў з наменклатурнымі грузамі нярэдка былі налёты нямецкіх самалётаў, бамбёжкі і абстрэльванні. Паратунак тады быў адзін, хаця і небяспечны: хавацца пад вагонамі. У час аднаго такога налёту Пётр Ільіч быў паранены, асколак да гэтага часу знаходзіцца ў яго целе.
– Першапачатковая воінская пасада ў мяне была стралок, і я быў добра падрыхтаваны як бранябойшчык, аўтаматчык, мінамётчык і станкавы кулямётчык. А вось наўпрост ніводнага фрыца на той свет не загнаў, хаця нават у рукапашных схватках мог даць фору каму хочаш. Бо загад камандзіраў наконт мяне быў такі: тваё месца быць дыспетчарам і прыёмшчыкам-афарміцелем вагонаў, для тэрміновай адпраўкі іх куды трэба. Пасля вайны я займаў розныя адказныя пасады ў ваенізіраванай ахове Беларускай чыгункі і ў Гомельскім аддзяленні. Скончыў школу рабочай моладзі, затым чыгуначны тэхнікум, на пенсію пайшоў у 73 гады.
Гамяльчанін Пётр Пчалінцаў, ветэран вайны і працы, ганаровы чыгуначнік Беларусі, 10 лістапада адзначыў сваё 99-годдзе. Для падтрымання жыццёвага тонусу ён робіць фіззарадку, гуляе па свежым паветры, адгадвае красворды і рэбусы, выпісвае і чытае некалькі перыядычных выданняў, сустракаецца са школьнікамі і навучэнцамі каледжаў, на сваім прыкладзе вучыць іх любіць Радзіму. Нягледзячы на салідны ўзрост, ён захаваў ясны розум і прыроднае пачуццё гумару.
З любімай жонкай – Нінай Іванаўнай, якая, на жаль, зышла на той свет, ён пражыў пяцьдзясят гадоў, і аб ім зараз клапоціцца сям’я сына-афганца Аляксандра. Не так даўно былы франтавік перанёс хірургічную аперацыю, і на маё пытанне, ці не звязана яна з тым асколкам, бадзёра адказаў: «А я пра яго ўжо і забыў».
Моцнага здароўя, сонечнага настрою, усяго найлепшага вам, паважаны ветэран!