4 студзеня спаўняецца 95 гадоў з дня нараджэння беларускага савецкага дзіцячага пісьменніка Івана Кірэевіча Сяркова

04.01.2024 / Кристина Ворона
“Мы з Санькам у тыле ворага”. Хто не чуў пра гэтую аповесць для дзяцей? Але мала хто ведае, што яе аўтар нарадзіўся ў вёсцы Пакалюбічы Гомельскага раёна.

Кадр з фільма па аповесці І. Сяркова "Мы — хлопцы жывучыя"

У 2009 годзе Івану Сяркову споўнілася б 80 гадоў. Да гэтай даты на радзіме аўтара адкрылі ў яго гонар мемарыяльную дошку, а ў абласным аддзяленні Саюза пісьменнікаў Беларусі 2009-ы аб’явілі годам Івана Сяркова.
Іван Кірэевіч вядомы не толькі як пісьменнік, але і як журналіст. Больш таго, менавіта журналістыцы ён прысвяціў сваё жыццё.

Прафесійны шлях Івана Сяркова пачаўся ў гомельскай раённай газеце “Маяк”. Ён любіў расказваць пра сваё ваеннае дзяцінства ў Пакалюбічах. Тады калегі і параілі яму напісаць кнігу, каб яскравыя ўспаміны не прапалі. Так убачыла свет аповесць “Мы з Санькам у тыле ворага”, якая стала пачаткам аўтабіяграфічнай трылогіі.

Кнігі прысвечаны прыгодам беларускіх хлапчукоў падчас нямецка-фашысцкай акупацыі Беларусі. Цяжкія выпрабаванні выпалі на долю Ванькі і Санькі. На вачах хлопцаў расстрэльваюць аднавяскоўцаў, рабуюць і руйнуюць хаты. Падлеткаў не бяруць у партызаны, аднак яны не губляюцца: прыходзяць на дапамогу параненаму камісару, запасаюцца зброяй і ўсё роўна збіраюцца нашкодзіць ворагу.

Напэўна, твор прыцягвае перш за ўсё тым, што апавядае пра дзяцей — равеснікаў чытачоў. Вось як разважае галоўны герой, які толькі скончыў трэці клас: “Што такое вайна, я ведаю. Вайна — гэта калі бацьку прыносяць з сельсавета павестку, каб ён хуценька збіраўся ў нейкі там ваенкамат. Маці пачынае плакаць, збіраць торбу. Бабуля таксама ходзіць па хаце з кута ў кут і гаворыць, што якой толькі пошасці на чалавека не прыдумаюць. I ў мяне шкрабаюць на душы кошкі, але я трымаюся, каб не заплакаць. Я мужчына”.

Ужо не адно пакаленне школьнікаў выхоўваецца, беручы за ўзор паводзіны і ўчынкі галоўных герояў, вясковых хлапчукоў Вані Сырцова і Санькі Макавея. Крыху пазней у жыцці Івана Сяркова з’явілася Гомельская абласная студыя тэлебачання, на якой ён працяглы час займаў пасаду галоўнага рэдактара. Пра гэты этап біяграфііпісьменніка ў 2009 годзе пісала “Гомельская праўда”. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Дуброўскі ўспамінаў: “У кабінеце галоўнага рэдактара ў самым канцы калідора на другім паверсе тэлецэнтра дзверы ніколі не зачыняліся. Светлы стол, завалены сцэнарыямі, некалькі крэслаў для наведвальнікаў ды даволі стары каляровы, вечна ўключаны тэлевізар-манітор. Да Івана Кірэевіча Сяркова можна было заходзіць без стуку, і для кожнага супрацоўніка ў яго знаходзіўся час. Менавіта ў гэтым кабінеце вырашаўся лёс кожнай перадачы, якая павінна была выйсці ў эфір”.

Сузор’е сучасных дзіцячых аўтараў Гомельшчыны прадстаўляе і Уладзімір Ліпскі, які ўсё жыццё працуе з рабятамі і для рабят. Часопісы “Вясёлка” і “Буся”, Беларускі дзіцячы фонд і Міжнародная асацыяцыя дзіцячых фондаў — вось асноўныя вехі яго дзейнасці. За ўклад у рашэнне пытанняў па абароне правоў беларускіх дзяцей Уладзімір Сцяпанавіч адзначаны прэстыжнай Міжнароднай прэміяй Альберта Швейцэра і ордэнам Святога царэвіча Дзімітрыя.

Уладзімір Ліпскі піша вершы, апавяданні, казкі, у якіх спалучае рэальнае з фантастычным. Пісьменнік будуе творы так, кааб праз літаратуру дзеці самастойна разважалі і знаёміліся са светам. Уладзімір Сцяпанавіч звяртаецца да чытачоў не толькі на старонках часопісаў і кніг, ён сустракаецца з імі на літаратурных вечарынах.

Адказы на многія пытанні казак Ліпскага можна знайсці ў самім жыцці. Пісьменнік упэўнены, што і казкі нараджаюцца там. Часам яны з’яўляюцца на свет літаральна з аднаго слова ці гуку.

Адзін з самых таленавітых і вядомых землякоў-калінкавічан вядомы яшчэ як ініцыятар правядзення фестывалю народнага гумару ў Аўцюках. У гэтым годзе свята сабрала артыстаў з усёй Беларусі і гасцей з Расіі, Украіны, Малдовы.

“Пакуль на зямлі жывуць дзеці, будуць жыць і казкі. Гэта значыць — яны несмяротныя”. Гэтыя словы — дэвіз рэчыцкага казачніка Анатоля Караленкі. Цікава, што піша ён казкі пра нафту. Чаму менавіта нафта? Амаль 30 гадоў Анатоль Захаравіч працаваў майстрам брыгады зваршчыкаў на прадпрыемстве “Рэчыцанафта”. А ўсяго ў гэтай галіне ён адрабіў 44 гады. Некаторыя з 150 казак Анатоля Караленкі ўвайшлі ў школьныя падручнікі.

Дарэчы, казка “Мёртвая вада” ўдастоена дыплома другой ступені рэспубліканскага конкурсу на лепшую публікацыю на экалагічную тэматыку “Мой родны кут, як ты мне мілы”. А вясной 2007 года пісьменнік з казкай “Магия времени” стаў лаўрэатам першага літаратурнага конкурсу імя Кірылы Тураўскага.

У 2016 годзе выйшаў новы зборнік казак пісьменніка “Дзецям пра нафту”. Гэта ўжо дваццатая кніга аўтара. Яна прызначана для дзяцей малодшага школьнага ўзросту. Зараз да друку рыхтуецца кніга “Ча радзей”, у якую ўключаны апавяданні, казкі і аповесць. Калегі Анатоля Захаравіча лічаць, што яго імя заслугоўвае занясення ў Кнігу рэкордаў Гінеса, бо ніводны пісьменнік на постсавецкай прасторы не пісаў казак пра нафту.