На новым месцы. Аб чым пісала «Гомельская праўда» ў 1945-м

17.05.2025 / Гомельская правда

Пачынаючы з лістапада мінулага года ў нашу вобласць пачалі прыязджаць перасяленцы – беларусы з Польшчы, згодна з пагадненнем паміж Польскім нацыянальным камітэтам вызвалення і Беларускім урадам ад 9 верасня 1944 года.

За гэты час да нас прыехала 841 сям’я, большая частка сяляне.

Нягледзячы на цяжкасці ваеннага часу, савецкая дзяржава аказвае перасяленцам значную дапамогу. Да 1 сакавіка гэтага года імі атрымана зямля, дзяржпазыкі 820 тысяч рублёў, лес для пабудовы сядзіб. Для маючых патрэбу ў фуражы адпушчана 190 тон сена і 38 тон зерневых адыходаў.

Беларуска-нямецкія і польска-нямецкія нацыяналісты распаўсюджвалі хлусню аб небяспецы пераезду ў Савецкі Саюз, імкнучыся перашкодзіць выкананню пагаднення аб узаемнай эвакуацыі польскага насельніцтва з Беларускай ССР у Польшчу і беларускага насельніцтва з тэрыторыі Польшчы ў Беларускую ССР.

Ніжэй мы змяшчаем артыкул тав. Аблажэвіча і пісьмы тав. Шукайла, Роля, Дарашкевіч, Дуброўскага, якія абвяргаюць усе гэтыя паклёпы. Пісьмы друкуюцца са згоды аўтараў.

З лістоў да родных і знаёмых

«Дарагія! Паведамляю, што даехалі да месца прызначэння ў Гомельскую вобласць благапалучна і размясціліся ў вёсцы Прыбар Гомельскага раёна. Ні на мяжы, ні пасля яе ніякай рэвізіі нашым рэчам не было. Усе рэчы, жывёлу і іншую маёмасць, якую мы ўзялі з сабой, усё давезлі да месца ў поўнай захаванасці», – так піша Іван Трафімавіч Роля свайму швагру і сястры Улітовіч у вёску Лужаны Крынскай воласці Беластоцкага павета.

Іван Трафімавіч лічыць пераезд застаўшыхся ў Польшчы землякоў на савецкую зямлю, безумоўна, неабходным і ў сваім лісце дае ім рад гаспадарчых парад: «Вязіце з сабой коней, кароў, свіней, курэй. Саламарэзка тут амаль што непатрэбна, бо ёсць у дастатку для жывёлы добрыя кармы».

«Дарагія! – піша далей Іван Роля. – У Гомелі вялікія базары, на якіх можна купіць усё, што толькі табе патрэбна. А цэны намнога меншыя, чым у Беластоку».

Роднай сястры ў вёску Нятупа Гарадоцкай воласці Беластоцкага павета піша Ганна Пятроўна Дарашкевіч: «Дарагая Маруся! Калі ты яшчэ не запісалася на выезд, то запісвайся і прыязджай хутчэй да нас. Не вер хлусням нядобрых людзей, што ў нас адбяруць рэчы. Гэта няпраўда. Выязджай і ўсе сваё бяры з сабой. Мы жывём у вёсцы Прыбар Гомельскага раёна. Гэта вёска падобна на Нятупу, але прыгажэйшая за яе: вакол лес, вялікая рэчка, ты хутка тут прывыкнеш. Я працую, як і там, краўчыхаю, але тут маю больш заказаў, чым у Нятупе. Мае дочкі Зоя і Аля вучацца ў школе сямігодцы, якая знаходзіцца каля дому».

Побач з паведамляннямі аб умовах пераезду, аб сустрэчы, якую ім аказала насельніцтва, перасяленцы паведамляюць сваім родным і знаёмым аб тым, аб чым самі раней мелі недакладнае ўяўленне.

Канстанцін Трафімавіч Дуброўскі з вёскі Прыбар піша свайму знаёмаму ў мястэчка Крынкі Беластоцкага павета Канстанціну Аўсімавічу: «Кастусь, аба мне не клапаціцеся. Жыву добра. Я перамяніў месца жыхарства і ведаю за што.Тут нас надзялілі зямлёй. Вакол нас лес, які мы атрымоўваем у дастатковай колькасці. Дзяржава нам дае пазыку на пабудову хат і надворных будынкаў. Мая старэйшая дзяўчынка ходзіць у школу, якая ёсць у нашай вёсцы».

Далей тав. Дуброўскі піша, што ў яго нарадзілася чацвёртае дзіцё, якое ён хрысціў згодна са старажытным звычаем, і ніхто яму ў гэтым не перашкаджаў. У лісце ён таксама паведамляе аб тым, што, згодна з Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР, яго жонка на нованароджанага атрымае мануфактуру, адначасовую і штомесячную дапамогу.

У роднай сям’і

Як зараз памятаю, як ліліся праз край радасць і лікаванне, калі ў 1939 годзе адбылося гістарычнае ўз’яднанне беларускага народа ў адзінай дзяржаве.

Нядоўга прыйшлося нам жыць пры роднай савецкай уладзе. Але гэты выдатны час моцна запомніўся, яго не маглі зацямніць годы фашысцкага змроку. Вось чаму я, як і многія беларусы, з радасцю чытаў тэкст пагаднення паміж Польскім нацыянальным камітэтам вызвалення і Беларускім урадам аб эвакуацыі беларусаў у БССР.

Адным з першых я запісаўся на пераезд у Беларускую рэспубліку і разам з многімі другімі беларусамі прыехаў на нашу сапраўдную Радзіму.

З трапяткім пачуццём радасці набліжаліся мы да савецкай зямлі. Пасля кароткага мітынгу на граніцы мы зараз жа селі пісаць лісты беларусам, якія засталіся ў Польшчы, з мэтай рассеяць хлусню агентуры польскага эмігранцкага ўрада і беларуска-нямецкіх нацыяналістаў, якія, тармозячы перасяленне беларусаў, сеялі ўсякія паклёпы пра Савецкі Саюз.

У Гомелі на вакзале нас сустрэлі прадстаўнікі аблвыканкама. Пасля задушэўнай цёплай гутаркі і кароткага знаёмства з эканомікай і геаграфіяй вобласці я разам з групай другіх перасяленцаў паехаў ва Уваравіцкі раён. Тут калгасныя падводы развезлі нас па кватэрах. Мая кватэрная гаспадыня Скарына Таццяна прыняла нас вельмі ветліва і радасна. Мы адраз адчулі, што трапілі ў сваю беларускую сям’ю.

Зараз я атрымліваю ад савецкай дзяржавы бясплатна зямлю на пасеў, атрымаў у дзяржбанку пазыку ў 5 тысяч рублёў.

Клопаты савецкага ўрада аб нас у такі цяжкі ваенны час вельмі кранаюць, і ў адказ на гэтыя клопаты мы з жонкай вырашылі, устроіўшыся, узяць з дзетдома дзіцё, якое страціла ў час вайны бацькоў, і выхаваць яго як сваё роднае дзіцё.

І. АБЛАЖЭВІЧ, Уваравіцкі раён, вёска Сямёнаўка

«Гомельская праўда», 4 красавіка 1945 года