«Гомель валейбольны» завітаў у Петрыкаў
28.07.2021 / Гомельская правдаГісторыя абласнога грамадскага аб’яднання пачалася крыху менш за два месяцы таму. Яго мэта – развіццё дзіцяча-юнацкага валейбола на Гомельшчыне.
У рамках праекта Kids Volley прадстаўнікі «Гомеля валейбольнага» Юрый Хлапонін, Людміла Загорцава, Святлана Лазко разам з майстрам спорту СССР па валейболе Любоўю Вартанян і партнёрам арганізацыі ААТ «Приорбанк» у асобе ўпраўляючага цэнтра банкаўскіх паслуг па горадзе Гомелі Юрыем Багдановічам завіталі на стадыён спартыўнага комплексу «Прыпяць». Госці выказалі спадзяванні на далейшае развіццё валейбола ў рэгіёне і пажадалі спартсменкам плённай працы над сабой і высокіх спартыўных вынікаў.
– Не кожная з вас павінна стаць выдатнай спартсменкай, вы абераце свой жыццёвы шлях, але спорт дорыць нашмат болей, чым перамогі. Гэта здароўе, адчуванне сваёй запатрабаванасці і, безумоўна, сяброўства, – адзначыла намеснік старшыні Петрыкаўскага райвыканкама Святлана Сянько.
Юным валейбалісткам уручылі мячы і спецыяльныя падарункі ад ААТ «Приорбанк» і грамадскага аб’яднання «Гомель валейбольны». Пасля слоў падзякі з боку прадстаўнікоў спартыўнай галіны Петрыкаўшчыны адбыўся майстар-клас і матч паміж камандамі спартшколы.