Алег Іванцоў і яго каманда. Як працуе ўнікальная клініка-шпіталь

13.10.2023 / Гомельская правда
Адпраўляючыся ў сёлетнім жніўні на медыцынскую рэабілітацыю (раней перанёс дзве складаныя хірургічныя аперацыі), я не падазраваў, што буду праходзіць яе ў лячэбніцы, якая змяніла свой статус, ператварыўшыся ў Гомельскую ўніверсітэцкую клініку – абласны шпіталь інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны.

Галоўны ўрач Алег Іванцоў праводзіць нараду са спецыялістамі. Фота аўтара

Калі пацікавіўся ў галоўнага ўрача, кандыдата медыцынскіх навук Алега Анатольевіча Іванцова аб прычынах гэтага, ён адказаў:

– Усё ў жыцці мяняецца, мадэрнізуецца, ідзе наперад. Так і з нашай медустановай, якой споўнілася 82 гады. Перайменаванне адбылося згодна з патрабаваннямі часу, удасканальваннем метадаў дапамогі хворым, больш актыўным удзелам у лячэбных працэсах вучоных.

– Алег Анатольевіч, як да вас прыйшло рашэнне служыць медыцыне?

– Са школьных гадоў я ведаў, кім стану. Толькі ўрачом. Па той прычыне, відаць, што вырас у сям’і медыкаў. Маці працавала неўролагам у псіхіятрычнай бальніцы, а бацька – загадчыкам аддзялення таракальнай хірургіі ў туберкулёзнай. Я наведваўся да яго на работу і шмат чым цікавіўся. Скончыўшы з залатым медалём школу і атрымаўшы ў 1989 годзе дыплом Гродзенскага медыцынскага інстытута, уладкаваўся на работу ў бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі роднага горада, дзе галоўным урачом быў Мікалай Кузьміч Раманаў. Даводзілася вельмі цяжка. Пасля катастрофы на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі не хапала ўрачоў, медыцынскіх сясцёр, таму было многа дзяжурстваў, падпрацовак, прыёмы ў паліклініцы, хірургічныя аперацыі… Увесь гэты час я адчуваў дзейсную падтрымку загадчыцы ўралагічнага аддзялення бальніцы, выдатнага чалавека і спрактыкаванага хірурга Валянціны Іванаўны Кавалеўскай і таго ж Мікалая Кузьміча. Калі ж галоўным урачом яе стаў Мікалай Мікалаевіч Кішко, а я праз каторы час яго намеснікам, а пасля прызначаны галоўным урачом абласнога шпіталя інвалідаў Айчыннай вайны, многаму навучыўся ў яго і майго папярэдніка заслужанага ўрача Рэспублікі Беларусь Леаніда Ібрагімавіча Друяна.

Такімі вось шляхамі ішоў я наперад па медыцынскай дарозе, на ўсё жыццё памятаючы бацькавы і матчыны словы аб тым, што да людзей трэба адносіцца з павагай, прыслухоўвацца да іх меркаванняў, давяраць ім.

– Ужо пятнаццаць гадоў вы з’яўляецеся галоўным урачом медыцынскай установы. І калі параўнаць стан спраў у ёй тады і зараз, на што б звярнулі ўвагу?

– На тое, што кожны з галоўных урачоў шпіталя здолеў арганізаваць калектывы медперсаналу на работу ў вельмі складаных умовах і пакінуць свой след у яго гісторыі. Напрыклад, за час вайны шпіталь вярнуў у строй 72 (!) працэнты параненых, якія адправіліся на фронт біць ворага. Калі перадыслацыра­ваўся ў 1944-м у Гомель, і яму былі выдзелены разбураныя будынкі, калектыў медыкаў, каб аднавіць іх, дадаткова асвоіў прафесіі муляраў, тынкоўшчыкаў, сталяроў, унёс у фонд абароны краіны 74 тысячы рублёў і адпрацаваў на добраўпарадкаванні горада 2500 чалавека-дзён. Во які быў патрыятызм!

У 1944 годзе шпіталь быў узнагароджаны пераходным Чырвоным сцягам Міністэрства аховы здароўя СССР як лепшы шпіталь Савецкага Саюза, а ў 2006-м на міжнародным конкурсе сярод шпіталяў краін СНД заняў ганаровае другое месца па прафілактыцы захворванняў, умацаванні здароўя, рэабілітацыі ветэранаў войнаў і ўдзельнікаў лакальных канфліктаў.

Мая задача заключалася ў тым, каб калектыў не толькі заставаўся дастойным славы сваіх папярэднікаў, але і прымнажаў іх здабыткі, выходзіў на больш высокі ўзровень работы, заняў сваю нішу, якая б адпавядала сённяшняй назве медустановы. Справа ў тым, што паводле даручэння кіраўніка дзяржавы ў кожным рэгіёне Беларусі, дзе меліся медыцын-скія ВНУ, было прызнана мэтазгодным арганізоўваць медыцынскія клінікі, і такім чынам звязваць у адзінае цэлае навуку і практыку. Тым больш што адначасова паўстала і такое пытанне: з кожным годам удзельнікаў і інвалідаў вайны, для лячэння якіх і былі створаны ў рэспубліцы чатыры шпіталі, станавілася ўсё менш і менш, і трэба было вырашаць, чым яны будуць займацца ў далейшым, у што рэфармуюцца. Раней за ўсіх аб гэтым сталі думаць у нашым гомельскім шпіталі: заняцца медыцынскай рэабілітацыяй хворых, развіваць яе. Што азначае: прымяняючы розныя метады лячэння з дапамогай вучоных, аднаўляць працаздольнасць хворых. І, заўважце, рабіць гэта ў адным стацыянары.

– Яшчэ ў бытнасць галоўным урачом Леаніда Ібрагімавіча Друяна назва ўстановы была «Гомельскі абласны клінічны шпіталь ін­валідаў Айчыннай вайны». Падкрэслю: клінічны шпіталь.

– Разумею, што хочаце сказаць. І тлумачу, што тады было закончана будаўніцтва другой чаргі шпіталя на 220 ложкаў, уведзены ў эксплуатацыю канферэнц-зала і памяшканні кафедры медыцынскага ўніверсітэта, адкрыты аддзяленні пасляінсультнай і пасляінфарктнай рэабілітацыі, пачата аказанне неадкладнай неўралагічнай дапамогі, а ў 2006 годзе з’явілася аддзяленне рэабілітацыі для траўматалагічных хворых. Другое такое ж аддзяленне пачало працаваць у нас у 2008-м, калі на пасадзе галоўнага ўрача шпіталя Леаніда Ібрагімавіча змяніў я.

Паступова багаты практыч­ны вопыт калектыву зліўся з такім жа вопытам вучоных медуніверсітэта і імкненнем да самасцвярджэння і дасканаласці ініцыятыўнай студэнцкай моладзі, якая папоўніла іх рады. Дастаткова сказаць, што на базе нашай клінікі-шпіталя сёння працуюць ужо чатыры кафедры ўніверсітэта: неўралогіі і нейрахірургіі, прапедэўтыкі ўнутраных хвароб, тэрапіі № 3 і сасудзістай хірургіі. Вось так шпіталь ператварыўся ў высокапрафесійную клініку, і ў клініцы-шпіталі дзейнічае адзін з першых у рэспубліцы цэнтраў медыцынскай рэабілітацыі, якую праходзяць пасля інсультаў, інфарктаў міякарда, цяжкіх траўм, анкалагічных захворванняў грамадзяне не толькі нашага рэгіёна, а і рэспублікі, замежных краін. Ён разлічаны на 180 ложкаў з добрымі ўмовамі знаходжання пацыентаў.

Падкрэслю, што, адкрыўшы новую нішу, установа не страціла свае ранейшыя функ­цыі, і мы працягваем прымаць на стацыянарнае лячэнне ветэранаў вайны і працы, вязняў фашысцкіх канцлагераў і гета, блакаднікаў Ленінграда, воінаў-інтэрнацыяналістаў, працаўнікоў ваеннага тылу, грамадзян пажылога ўзросту.

– Адным з асноўных фак­тараў паспяховай работы любой медыцынскай установы з’яўляецца добра развітая матэрыяльная база.

– Удзяляем гэтаму пытанню вялікую ўвагу, у чым адчуваем дзейсную падтрымку галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама і профільнага міністэрства. Парк медыцынскай апаратуры і тэхнікі рэгулярна абнаўляецца, у практыку ўкаранёны дзясяткі самых дасканалых метадаў дыягностыкі і лячэння. Шэсць гадоў таму быў адкрыты цэнтр традыцыйнай кітайскай медыцыны, і ў гэтым напрамку да пандэміі мы актыўна працавалі. Зараз працуем з кітайскімі калегамі праз інтэрнэт, праводзім анлайн-канферэнцыі і практычныя заняткі.

Летась удалося адкрыць унікальную ангіяграфічную аперацыйную, што дазволіла выконваць аперацыі на сасудах галаўнога мозга без разрэзаў, выдаляючы з іх тромбы і анеўрызмы. З тымі пацыентамі, якія трапляюць да нас у стадыі, калі вось-вось можа адбыцца інсульт, мы праводзім прафілактыку, і яны вяртаюцца дадому з добрымі вынікамі. Праз ангіяграфічную аперацыйную прайшло ўжо каля тысячы пацыентаў, і, трапіўшы да нас з ішэмічным інсультам у стадыі яго вострага перыяду, яны маюць шанцы выйсці з клінікі-шпіталя здаровымі, без парушэння рухальных функцый. Наогул жа мы дабіліся таго, што 20 працэнтаў пацыентаў з інсультамі пасля нашага лячэння вярнуліся да працы. Гэта на ўзроўні лепшых сусветных паказчыкаў.

– Дарэчы, аб пандэміі кавіда…

– Той перыяд быў нялёгкім іспытам. Наша ўстанова адной з першых уключылася ў лячэнне гэтых пацыентаў і была адзінай на Гомельшчыне, якая адначасова прымала хворых на кавід і некавідных. Палова на палову. Для чаго пераабсталявалі частку карпусоў і стварылі неэпідэмічную сітуацыю для апошніх. У выніку праз шпіталь прайшла не адна тысяча хворых на кавід, паталогія якіх не закранула іншых нашых пацыентаў.

91-гадовы Леанід Пракопавіч Перавошчыкаў высока ацаніў створаны на ўсёй тэрыторыі шпіталя безбар’ерны асяродак. Ветэран Узброеных Сіл Мікалай Сцяпанавіч Мішчанка адзначыў, што яму давялося лячыцца ў сямі шпіталях, і менавіта ў гомельскім адчуваў і адчувае з боку персаналу атмасферу асаблівай цеплыні, сардэчнасці і суперажывання

Хачу падкрэсліць, што ў нашым калектыве, у якім працуе семсот чалавек, кожны на сваім месцы з’яўляецца высокапрафесійным і адказным работнікам, якую б пасаду не займаў. Так было раней, так будзе і ў далейшым.

– Я асабіста як пацыент правёў 12 дзён сёлетняга жніў­ня ў другім тэрапеўтычным аддзяленні клінікі-шпіталя і на сабе адчуў не толькі высокую кваліфікацыю ўрачоў, сярэдняга і малодшага медыцынскага персаналу, а і ветлівасць, спага­ду і клапатлівасць. Ветэран педагагічнай працы Ганна Дані­лаўна Навуменка адзначыла: «Неаднойчы даводзілася звяртацца да ўрачоў і медыцынскіх сясцёр з рознымі пытаннямі, і кожны раз атрымлівала ад іх дакладныя адказы».

– У калектыве, якім я ганаруся, сапраўды пануюць асабліва чуйныя адносіны да хворых, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Мы заўсёды гатовы дапамагчы і ў сваёй дзейнасці кіруемся запаветамі слыннага рускага медыка Мікалая Васільевіча Скліфасоўскага: «Любіце хворых, асабліва простых людзей».

За першае сёлетняе паўгоддзе ў Гомельскай універсітэцкай клініцы – абласным шпіталі інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны стацыянарна пралячыліся 7056 чалавек, а з дня заснавання ўстановы – каля аднаго мільёна. Людзі ў белых халатах па-ранейшаму на перадавой «франтавой» лініі медыцынскай установы, дзе дагэтуль жыве вайна і да канца не ліквідаваны яе наступствы.