Як даць адстаўку “заморскай” вітаміннай прадукцыі?

  • 1580
  • 11:14
  • 24.01.2008
Поделиться
Да 15 жніўня гэтага года Савет Міністраў плануе прадставіць на зацвярджэнне Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь Дзяржаўную рэспубліканскую праграму “Агародніцтва” да 2010 года. Вядучыя пазіцыі ў яе рэалізацыі адведзены Гомельшчыне. Генеральны дырэктар абласной асацыяцыі вытворцаў пладова-агародніннай прадукцыі і бульбы В. А. Папкоў растлумачвае, што мэта праграмы — поўнасцю забяспечыць насельніцтва краіны ўласнай прадукцыяй у шырокім асартыменце, абысціся без замежнай і пры гэтым значна павысіць экспартныя пастаўкі. Паспрабуем разабрацца на прыкладзе агародніцкай галіны вобласці, якія магчымасці для гэтага ёсць.
Наперадзе планеты ўсёй
Як сведчыць статыстыка, за апошнія пяць гадоў вытворчасць агародніны ў свеце павялічылася на 21 працэнт. Зараз у сярэднім на кожнага жыхара планеты прыпадае 100 кілаграмаў вітаміннай прадукцыі ў год. Больш таго, пры правільнай палітыцы цэнаўтварэння гародніна з’яўляецца надзейнай крыніцай грашовых даходаў. Калі гаварыць мовай эканомікі, то па сваёй эфектыўнасці і патэнцыяльных магчымасцях рынкаў збыту альтэрнатывы гародніне ў раслінаводстве няма.
— Улічваючы гэтыя фактары, — сказаў В. А. Папкоў, — наша асацыяцыя пры ўсебаковай падтрымцы аблвыканкама і ў першую чаргу губернатара на працягу апошніх трох гадоў ушчыльную занялася гароднінай і дабілася пэўных напрацовак.
Летась аб’ёмы вытворчасці гародніны па ўсіх катэгорыях гаспадарак склалі 359,6 тысячы тон, у тым ліку частка з гэтай колькасці вырашчана ў цяпліцах. Па забеспячэнню ранняй капустай Гомельшчына закрывае палавіну патрэб рэспублікі, а цыбуляй — і таго больш. Але звярніце ўвагу яшчэ на больш характэрны фактар. Вытворчасць агародніны летась на душу насельніцтва вобласці склала 239,6 кілаграма. Вобразна кажучы, мы ідзём наперадзе ўсёй планеты.
Агародніцтвам займаюцца і прыватны, і грамадскі сектары. Але найбольшую нагрузку на сябе бярэ асацыяцыя, гэта значыць грамадскі сектар. Менавіта ён нясе адказнасць за забеспячэнне насельніцтва гароднінай, бульбай і садавінай у міжсезонны перыяд, які працягваецца ад сямі да васьмі месяцаў. Доўгае захоўванне гэтай прадукцыі магчыма толькі пры высокай прамысловай тэхналогіі вытворчасці і ў адпаведных складскіх памяшканнях.
Трэба адзначыць, што тут праблем хапае, а прыватны сектар увогуле не мае адзначаных магчымасцей. Ды і цэны, у адрозненне ад прыватніка, дзяржаўныя прадпрыемствы не могуць уздымаць па самай высокай планцы, асабліва вясной. Але справа не толькі ў гэтым. Успомнім: яшчэ тры гады назад у нас не было сваёй цыбулі, а завазная каштавала ў некалькі разоў даражэй. Калі ж узяліся за яе вырошчванне ў грамадскім сектары, то праблема была вырашана. Значна больш сталі вырошчваць бульбы. Яе слава аднаўляецца. На чарзе — зялёны гарошак і часнок.
Да нас у вобласць за вопытам едуць кіраўнікі і спецыялісты сельскіх прад-прыемстваў з іншых рэгіёнаў рэспублікі і нават з-за мяжы. На супрацоўніцтва з намі смела ідуць партнёры Захаду. Праводзяцца сумесныя нарады, работа з партнёрамі набірае размах.
Галандскія селекцыянеры для гомельскіх агароднікаў
Пастаянна расшыраецца супрацоўніцтва галандскіх і нашых агароднікаў, што дазваляе не толькі забяспечыць патрэбы вобласці ўласнай прадукцыяй у шырокім асартыменце, а і пастаянна павялічваць экспартныя пастаўкі яе, павышаць рэнтабельнасць галіны.
Такія акуратныя, прыгожыя, прывабныя стэлажы з морквай, капустай, цыбуляй, іншымі відамі гародніны і бульбы, якія дэманстраваліся нядаўна на спецыялізаваных выставах у камунальных сельскагаспадарчых вытворчых унітарных прадпрыемствах “Брылёва” і “Камбінат “Усход” Гомельскага раёна, некалі я бачыў у Венгрыі. Дададзім, што прадукцыя гэта не толькі смачная, а і ўтрымлівае шмат вітамінаў. Да таго ж не дарагая. Таму і не залежваецца доўга на прылаўках магазінаў. Што датычыць непасрэдна выставы, то яна была арганізавана для спецыялістаў Мінсельгасхарчу і Гомельскага аблсельгасхарчу, а таксама абласных асацыяцый, прадпрыемстваў па вытворчасці агародніннай прадукцыі, навуковых работнікаў галіновых інстытутаў, якія прынялі ўдзел у рабоце рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі. Размова ішла аб перавагах тэхналогій вырошчвання навейшых гібрыдаў і сартоў агародных культур адкрытага грунту з насення селекцыі галандскай фірмы “Бейо Задэн Б. В.” у прыродна-кліматычных умовах нашай вобласці. На канферэнцыю прыехаў і рэгіянальны дырэктар фірмы Ян Лангерак.
— Спачатку наша супрацоўніцтва было, калі можна так сказаць, эпізадычным, — зазначыў галандскі спецыяліст, — мы прыглядваліся да партнёраў, іх работы, магчымасцей, а калі пераканаліся, што з гамяльчанамі можна эфектыўна і ўзаемавыгадна працаваць, то пачалі расшыраць супрацоўніцтва. Упэўнены, што нашы кантракты будуць доўгатэрміновымі.
Ян Лангерак даў высокую ацэнку Гомельскай асацыяцыі вытворцаў пладова-агародніннай прадукцыі і бульбы.
Дададзім, што нядаўна на рэспубліканскай селектарнай нарадзе па пытаннях сельскай гаспадаркі ім выказаў па-дзяку Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка.
Перспектыва па далейшаму развіццю агародніцтва ў вобласці праглядваецца добрая. Вядзецца планамерная работа па паглыбленню канцэнтрацыі і спецыялізацыі галіны, на аснове якой прадугле-джваецца пры найменшых затратах рэзка павялічыць вытворчасць агародніны і давесці яе ўдзельную вагу ў грамадскім сектары да ўзроўню 85 працэнтаў. Бяда, аднак, у тым, што шмат яшчэ невырашаных пытанняў, праблем, няўзгодненасці дзеянняў з іншымі структурамі.

Не ганяліся б прадаўцы
за дарагоўляю
Тое, што за апошнія гады агародніцкая галіна вобласці зрабіла значны крок наперад, сумненню не падлягае. У той жа час трэба адзначыць: у мінулы міжсезонны перыяд насельніцтва горада і вобласці ўсё ж недастаткова забяспечвалася таннымі агароднінай і бульбай уласнай вытворчасці, не гаворачы ўжо пра садавіну. На аднаго гарадскога жыхара закладка гародніны складала ўсяго 5,9 кілаграма, а бульбы — 7,5 кілаграма. У той жа час многія сельгаспрадпрыемствы, у тым ліку і спецгасы, не маглі збыць вырашчаны ўраджай.
Кіраўнікі і спецыялісты большасці суб’ектаў гаспадарання, якія звязаны з вырошчваннем і рэалізацыяй агародніны, спасылаюцца на стрымліванне цэн з боку дзяржавы ў чацвёртым квартале 2004 года і першым квартале 2005 года на агароднінную прадукцыю. 39 спецгаспадарак вобласці вымушаны былі нават прадаць бульбу ніжэй сабекошту. Значна знізілася рэнтабельнасць прадукцыі. Такі факт сапраўды быў. Памылка прызнана на рэспубліканскім узроўні ў фарміраванні цэн у міжсезонны перыяд 2004 — 2005 гадоў. Намечаны канкрэтныя меры па ліквідацыі ўпушчэнняў.
Але ж ёсць і іншыя праблемы. Пакуль вельмі слаба разварочваецца перапрацоўчая галіна вобласці. Летась прамысловасць перапрацавала ўсяго 6,3 працэнта вырашчанай у вобласці агарод-ніны і 3,9 працэнта бульбы. Сёлета добрыя змены адбываюцца толькі ў справе пераапрацоўкі гарошку. У той жа час мала што робіцца па павелічэнню перапрацоўкі іншай агародніны і бульбы, пашырэнню асартыменту вырабаў з гэтай прадукцыі. Ну чаму б з улікам патрэб вобласці не арганізаваць выраб, напрыклад, чыпсаў, якія завозяцца ў наш рэгіён з-за мяжы?
Вытворцы сельгаспрадукцыі маюць вялікія прэтэнзіі да гандлёвых арганізацый, устаноў грамадскага харчавання. Па-ранейшаму нарыхтоўкі гародніны, бульбы, садавіны і ягад вядуцца недастаткова. Нямала было выпадкаў, калі ў нашых сельскіх гаспадарках не ведалі, куды дзець яблыкі, а для рэалізацыі насельніцтву завозілі іх з Польшчы, Расіі, прытым па значна вышэйшых цэнах. Або такі прыклад. Капуста скормлівалася жывёле, а ў той жа час прадавалася ў магазінах імпартная. Падумаць тут ёсць над чым, каб не паўтараць памылак сёлетняй восенню. Ды і зараз трэба актывізаваць работу па закупках раслінаводчай прадукцыі.
З 1 жніўня ў максімальным рэжыме запрацавалі ўстановы грамадскага харчавання, якія ў асноўным на закупку прадуктаў харчавання выкарыстоўваюць бюджэтныя сродкі. Асабліва гэта датычыць сталовых і кафэ, якія працуюць пры школах, іншых навучальных установах, дзіцячых садках і яслях. У абласной асацыяцыі вытворцаў агародніны паведамляюць, што могуць забяспечыць іх патрэбы сталовымі буракамі, морквай, іншай агароднінай. Прытым па нізкіх цэнах.
Многае па рэалізацыі агародніннай прадукцыі залежыць і ад саміх вытворцаў. Летась аблвыканкам зрабіў для іх добры падарунак у выглядзе арганізацый асенніх кірмашоў у выхадныя дні ў Гомелі і іншых буйных гарадах вобласці. Большасць сельскіх гаспадарак прадала значную частку сваёй прадукцыі па прымальных цэнах. Але той, хто пастаянна наведваў кірмашы, помніць: з адных машын і латкоў цыбулю прадавалі па 400 — 500 рублёў за кілаграм, а ў іншых прапаноўвалі па 600 — 700 і нават па 800 рублёў. Раскуплялі тое, што дзешавей. Нагадаю, што цыбуля рэнтабельна, калі рэалізаваць яе па 300 рублёў за кілаграм і нават менш. Натуральна, чым вышэйшая цана, тым большая рэнтабельнасць. Але гэта ўжо другая тэма.
Як потым я даведаўся, за цэнамі гналіся ў асноўным гаспадаркі, у якіх ёсць сховішчы. Разлік быў просты. Не рэалізуем цяпер — прададзім вясной ды па значна большай цане. Хацелі выйграць, а ў выніку прайгралі. Па-першае, частка прадукцыі за зіму сапсавалася, а па-другое, у адрозненне ад папярэдніх гадоў гараджане стварылі сабе запасы
(і не толькі цыбулі, а і іншай агародніны і бульбы) па ніжэйшых цэнах з восені. І вясной пакупнікоў было мала.
Аб гэтым напамінаю наўмысна, бо ведаю, што нашы ўлады і сёлета будуць арганізоўваць сельскагаспадарчыя ярмаркі. Калі вытворцы не будуць ганяцца за дарагоўляю, то рэалізуюць прадукцыю на радасць сабе і пакупнікам. У адваротным выпадку можна застацца пры сваіх інтарэсах, а гараджане вымушаны будуць закупляць “заморскую” прадукцыю, дзе, трэба прызнаць, больш разумна падыходзяць да фарміравання цэн.
Сцяпан БАЛОТКІН

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов Подробнее об обработке
Лента новостей