Нашчадкі Кірылы Тураўскага годна працягваюць яго справу. Яскравым пацверджаннем таму стаў Дзень беларускай пісьменнасці, сапраўды ўсенароднае свята, якое ў мінулую нядзелю праходзіла ў старажытным Тураве. Удзел у ім прынялі каля 15 тысяч чалавек.
Музыкі ансамбля “Гуды”, якія прыехалі ў старажытны горад з Мінска, нібыта вярнулі час, на нейкія імгненні прымусілі ўдзельнікаў урачыстасці зазірнуць у мінулае. Гэтаму ж спрыяла і гістарычна-мастацкая імпрэза, дзея якой разгортвалася на абодвух берагах Прыпяці, ля падножжа Замкавай гары. “Князь Тур”, “Язычніцтва”, “Хрышчэнне”, “Манаства — асветніцтва — летапісцы”, “Прытча” — гэтыя эпізоды, сыграныя артыстамі, яшчэ раз падкрэслілі значнасць асобы Кірылы Тураўскага для ўсяго славянскага свету. Афіцыйная дэлегацыя падыходзіць да яго помніка і ўскладае кветкі. Затым усе накіроўваюцца ў імправізаваную глядзельную залу. На яе сцэну ўзнімаюцца намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь У. Н. Дражын, старшыня Гомельскага аблвыканкама А. С. Якабсон, старшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў, старшыня праўлення Таварыства Кірылы Тураўскага В. С. Сяліцкі, намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь У. М. Канаплёў, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — галоўны інспектар па Гомельскай вобласці В. У. Шчэцька, міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь У. В. Русакевіч, міністр культуры Рэспублікі Беларусь Л. П. Гуляка, міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь А. М. Радзькоў, старшыня Жыткавіцкага райвыканкама П. М. Савіцкі, Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Філарэт.
Слова бярэ старшыня арганізацыйнага камітэта па правядзенню Дня беларускай пісьменнасці, намеснік прэм’ер міністра У. Н. Дражын.
— У адзінаццаты раз мы праводзім гэтае свята на беларускай зямлі, усе папярэднія праходзілі ў цэнтрах нашай духоўнасці, — падкрэслівае прамоўца. — У гэтым радзе Тураў — старажытны цэнтр дзяржаўнасці і культуры, горад, які радуе ўсіх нас сваім новым абліччам.
Уладзімір Несцеравіч зачытаў віншаванне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі ўдзельнікам і гасцям урачыстасцей, прысвечаных Дню беларускай пісьменнасці. Ён таксама шчыра падзякаваў усім, хто працаваў на гэтае свята, — кіраўніцтву Гомельскага аблвыканкама, Жыткавіцкага райвыканкама і горада Турава, а таксама ўсім тым, хто добраўпарадкаваў населены пункт.
Старшыня Жыткавіцкага райвыканкама П. М. Савіцкі, звяртаючыся да ўдзельнікаў свята, шчыра павіншаваў іх з гэтай нагоды. Ён таксама выказаў падзяку тым афіцыйным асобам, якія прымалі рашэнне аб правядзенні ў Тураве Дня беларускай пісьменнасці. Па сутнасці гэтым рашэннем быў дадзены старт адра-джэнню горада як гістарычнага і культурнага цэнтра.
...Тураў святкаваў — спяваў і танцаваў.
І Замкавая гара літаральна расцвіла ад шматфарбных вырабаў майстроў народнай творчасці, што прыехалі ў Тураў з цэлымі вазамі сваёй прадукцыі. Тут, непадалёк ад адкрытых археолагамі рэшткаў Тураўскай царквы XII стагоддзя (госці свята падоўгу стаялі каля гэтых муроў), і вырас сапраўдны горад майстроў. Вочы разбягаліся ад хараства, філіграннай і вытанчанай работы руплівых палешукоў. Са знаёмства з вышыванымі іконамі Ніны Худобенкі, дарэчы, актыўнай нашай чытачкі з вёскі Засінцы Ельскага раёна, пачыналася дарога ў гэты незвычайны горад. І ці ж можна было мінуць Аўцюкоўскі падворак? Там на плоце такія дываны-ружы вывесілі! А “калінка” з Малых Аўцюкоў Ганна Печкурова сурвэткамі-павуцінкамі стол прыбрала: “Вітаю, госцейкі!” Многія рупіліся пад бярозавую браму, якую ахоўвалі цыбатыя лельчыцкія буслы. Ну як жывыя. А на падворку такое багацце сялянскае! Ігар Хамяк з вёскі Баравое ўсцешыў сваімі драўлянымі шкатулкамі, Міхаіл Дрынеўскі з вёскі Тонеж і лапці сплёў, і карабы з драўлянай стужкі і лазы, а бондар Іван Ляхавец з Дубровы прывёз бочкі — “купляйце, суседзі, не пашкадуеце!”
Не злічыць, колькі гасцей наведала выставу драўляных карцін Аляксандра Масла з вёскі Чырвоны Бор Жыткавіцкага раёна. Годна, таленавіта прадставіў разьбяр па дрэву родны кут Кірылы Тураўскага. Працяглая чарга была жадаючых і паспытаць майстэрства за ткацкім станком Ганны Цюцюнік з Мазыра. З ільняных і баваўняных нітак прылюдна “вырасталі” яе дываны, посцілкі, ручнікі. Душа спявала, гледзячы на такую прыгажосць, гонар ахопліваў за сваю Гомельшчыну. І гэты настрой народнага свята разносілі на ўсю ваколіцу шматлікія фальклорныя калектывы, “віючы” вянок з песень беларускіх. Прычым з усіх абласцей рэспублікі прыехалі самадзейныя артысты, каб вясёлкавым россыпам сваіх галасоў выказаць пашану старажытнаму Тураву ў Дзень беларускай пісьменнасці. Блукаў між гасцямі тураўскі лекар-аптэкар, доктар Баўтрумей, паддаючы весялосці сваімі жартамі. І, здаецца, імкнуліся пераспяваць адны другіх суседнія з тураўцамі калектывы “Запясочанка”, “Пухаўчанка”, “Міжрэчча”, “Каласок” і многія іншыя. Ды ці ёсць жанчыны больш галасістыя, чым на Палессі!
І ўсё ж сімвалам свята было друкаванае слова, увасобленае ў кнігах і СМІ.
З самага ранку на цэнтральнай плошчы Турава разгарнулі свае адметныя выставы рэдакцыі звыш 20 рэспубліканскіх газет і часопісаў. Пакуль журналісты рыхтаваліся дастойна прадставіць свае выданні, на канцэртнай пляцоўцы праходзіў форум моладзі “Галасы маладых у СМІ “За здароўе і развіццё”. Слухаючы вы-ступленні вядомых гуртоў і выканаўцаў, удзельнікі свята і госці мелі магчымасць аформіць падпіску на любімыя газеты і часопісы. Прыемна, што і нашу “Гомельскую праўду” ў Тураве цэняць. Шматлюдна было і каля стэнда нашай газеты, і ў час прэзентацыі, на якой прэса Гомельшчыны была прадстаўлена 22 газетамі. Усіх прывабіла віктарына на лепшае веданне біяграфіі “ГП”, сённяшняга дня рэдакцыі, якую праводзілі журналiсты Алена Аленчанка і Ігар Журбін. Было шмат жадаючых атрымаць прызы ад абласной газеты. Дасталіся яны самым уважлівым чытачам. Прычым галоўны прыз — майку з лагатыпам “Гомельскай праўды” — прама на сцэне апрануў пераможца віктарыны, ва-дзіцель з Ельска Аляксандр Газука. А колькі шчырых, сонечных фарбаў падаравала выступленне народнага ансамбля народнай песні “Славяне” Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага універсітэта імя П. В. Сухога, які суправаджаў нашу сустрэчу з чытачамі!
Вядома ж, шмат было прыемных сюрпрызаў і падарункаў для аматараў яе вялікасці Кнігі. У шматлікіх кнігарнях і кіёсках купляліся творы як класікаў, так і сучасных пісьменнікаў, можна было ўзяць аўтографы ў нашых землякоў Міколы Мятліцкага, Алы Канапелькі, Анатоля Зэкава, Уладзіміра Гаўрыловіча. А з якім хваляваннем набывалі тураўцы “Тураўскае евангелле”, выдадзенае ў цудоўна ілюстраванай кнізе выдавецтвам “Беларуская энцыклапедыя”!
У мерапрыемствах свята прымалі ўдзел дэлегацыя Расіі на чале з намеснікам кіраўніка Федэральнага агенцтва па друку і масавых камунікацыях Андрэем Раманчанкам, прадстаўнікі дыпламатычных місій, акрэдытаваных у Беларусі: В’етнама, Індыі, Казахстана, Малдовы, Польшчы, Расійскай Федэрацыі, ЗША, Таджыкістана, Туркменістана, Украіны, Францыі, Чэхіі, міжнародных аб’яднанняў — Выканаўчага камітэта СНД, офіса АБСЕ, Эканамічнага суда СНД, прадстаўніцтва ААН.
Значнай падзеяй Дня беларускай пісьменнасці стала навукова-творчая экспедыцыя “Дарога да святыняў” з Благадатным Агнём ад Гроба Гасподня.
А завяршылася свята феерверкам — салютам нашай памяці і вернасці тым справам, якія пачаў некалі наш вялікі суайчыннік Кірыла Тураўскі.
Аліна КЛЫГА,
Тамара КРУЧЭНКА
Реклама
Другие статьи раздела
Самое читаемое
-
Речичанка познакомилась с мужчиной на сайте «Табор», а после «ночи любви» лишилась двух смартфонов и 1 700 руб
- 12:59
- 15.04.2017
- 419364
-
В Житковичском районе сгорел «ВАЗ-2106»
- 13:00
- 21.05.2021
- 185773
-
Оставил пять детей у воды и ожидал их в автомобиле: новые подробности трагедии в Светлогорском районе
- 18:17
- 21.07.2018
- 124726
-
Гомельчанин убил приятеля одним ударом в лицо, но не стал скрываться и вызвал милицию (видео)
- 13:26
- 16.09.2019
- 86025
-
Страшное ДТП произошло вечером 12 октября на улице Советской в Гомеле. Есть погибшие
- 23:42
- 12.10.2019
- 83831
-
В Лельчицком районе авто опрокинулось в мелиоративный канал - погибли два человека
- 12:30
- 18.05.2021
- 82168
-
МОРОЗОВЦЫ: империя зла (часть 4)
- 11:16
- 03.02.2007
- 75301
-
"Растерялась и не знала что делать". В Гомеле нашлась женщина, которой по ошибке выдали лишних 5000 рублей
- 10:23
- 21.06.2019
- 74295
-
«Морозовцы» и «пожарники» продолжают числиться в международном розыске
- 16:36
- 19.12.2015
- 73690
-
Смертельное ДТП на перекрестке улицы Интернациональной и проспекта Ленина в Гомеле (добавлено видео)
- 10:04
- 26.08.2018
- 72106


