У гомельскім гісторыка-краязнаўчым музеі ў аграгарадку Пакалюбічы Гомельскага раёна да 87-й гадавіны з дня нараджэння пісьменніка-земляка Івана Сяркова адкрыта выстава фотадакументаў “Шляхам жыцця”

  • 2748
  • 15:16
  • 06.01.2016
Поделиться
Сын пісьменніка Андрэй, ветэран “Гомсельмаша”, прадставіў у мясцовую скарбонку шмат што з бацькоўскай спадчыны. Неацэнную каштоўнасць маюць рукапісы, накіды новых твораў, творчыя планы пісьменніка, які 12 гадоў кіраваў абласной пісьменніцкай арганізацыяй, будучы галоўным рэдактарам абласной студыі тэлебачання. 
Змешчаны на выставе і публікацыі пра Івана Сяркова і яго знакамітую трылогію з “Гомельскай праўды”, раённай газеты “Маяк” і іншых выданняў. Ёсць тут і любімы скураны дыпламат пісьменніка, у якім ён насіў новыя публікацыі, сярод якіх было багата і гумарыстычных.
Дырэктар музея Кацярына Верабей, адкрываючы вечар памяці пісьменніка-земляка, падкрэсліла: “Мы ганарымся, што на нашай пакалюбіцкай зямлі нарадзіўся пісьменнік, які так шчыра, вачыма дзяцей адлюстраваў перажытае на вайне ў сваіх аповесцях “Мы з Санькам у тыле ворага”, “Мы — хлопцы жывучыя”, “Мы з Санькам — артылерысты”. Яго трылогія перакладзена на многія мовы народаў былога СССР, а таксама балгарскую і іншыя. 
Пісьменнік Васіль Ткачоў распавёў пра ўласныя стасункі з Іванам Сярковым, пра вылучэнне ў свой час пісьменніка-земляка на Дзяржаўную прэмію.
Тамара Кручэнка згадала мерапрыемствы, праведзеныя пісьменнікамі ў Пакалюбічах у 2009-м, у Год Сяркова, калі з дапамогай сельсавета на доме пісьменніка была ўсталявана Памятная дошка, расказала пра апошнюю сустрэчу з жонкай пісьменніка, яго музай і дарадцам ва ўсіх справах Любоўю Андрэеўнай. 
Пра дзесяцігоддзе дружбы з гэтай цудоўнай жанчынай дзялілася былая загадчыца пакалюбіцкага музея Любоў Харсеева. Жыхарка Пакалюбічаў, супрацоўніца “Гомельскай праўды” Кацярына Краўцова падаравала музею фота, зробленыя ёй на мерапрыемствах у аграгарадку, звязаных з памяццю пра славутага земляка, прачытала ўрыўкі з сяркоўскіх аповесцяў. 
Дарэчы, да 87-годдзя пісьменніка прымеркавана і новае выданне яго трылогіі. Так што пытайцеся ў кніжных крамах, набывайце і чытайце!
На здымку: сын Івана Сяркова Андрэй і дырэктар пакалюбіцкага музея Кацярына Верабей на адкрыцці выставы. 

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов Подробнее об обработке
Лента новостей