Найбольш пашчасціла Марыі Пашчасцьевай

  • 1494
  • 11:13
  • 24.01.2008
Поделиться
Менавіта Марыя Савельеўна Пашчасцьева, педыятр з 43-гадовым стажам з 7-й дзіцячай паліклінікі Гомеля стала ўладальніцай галоўнага прыза нашага традыцыйнага конкурсу “Усмешка фартуны” — тэлевізара “Гарызонт”. І першай атрымала на ўрачыстасці ў актавай зале рэдакцыі “Гомельскай праўды” гэты шыкоўны падарунак пад апладысменты членаў тыражнай камісіі. Прыемна, што практычна ўсе, хто выйграў прызы, прыехалі да нас, каб непасрэдна пазнаёміцца з журналістамі, адчуць “дыханне” творчай лабараторыі адной са старэйшых газет рэспублікі.
За святочным сталом сабраліся людзі, якія ўжо не адно дзесяцігоддзе лічаць “Гомельскую праўду” сваёй шчырай дарадчыцай. І ўдвайне прыемна, што пашчасціла многім упершыню, прычым людзям, не ведаўшым асаблівай раскошы. Пенсіянерка Альберціна Іванаўна Фокіна, атрымліваючы падвеску з золата, прыгадала, што апошні раз вырабы з каштоўнага металу насіла гадоў 45 назад. “Калі адпраўляла талончык на ўдзел у конкурсе, перахрысцілася сама і паштовую скрыню перахрысціла”, — расказала жанчына. А вось выхавацельку дзіцячага садка Валянціну Іванаўну Джумаву паведамленне пра выйгрыш фотаапарата заспела якраз на святкаванні дня нараджэння сына. “Так што падарунак прыйшоўся якраз у пару! — падзялілася чытачка. — А атрымаць яго я прыехала разам з дачкой Вольгай, выпускніцай дарожна-будаўнічага тэхнікума”. І першы свой фотаздымак маці з дачкой зрабілі непасрэдна ў рэдакцыі.
— Ведаеце, не столькі важны сам прыз, як увага калектыва газеты, магчымасць вось так сустрэцца з вамі і пагутарыць, — сказаў С. М. Кароль.
Звыш 15 гадоў Станіслаў Мікалаевіч працаваў у сістэме аблсельгасхарчу, курыраваў жывёлагадоўлю. “Мяне найбольш цікавяць і хвалююць публікацыі пра жыццё вёскі, яе праблемы. Добра, што газета дае аператыўную інфармацыю. І пакуль жыву, буду выпісваць “Гомельскую праўду”, — зазначыў пенсіянер.
Аляксей Аляксандравіч Барысенка, ветэран шклозавода, вадзіцель з 45-гадовым стажам, па стану зда-роўя не здолеў сам прыехаць за сваім выйгрышам, наборам посуду — прыслаў сына, які ўзначальвае калектыў “Гомельагракамплекта”. Па прызнанню Алега Аляксеевіча, са знаёмства з навінамі ў нашай газеце ён пачынае кожны свой рабочы дзень. І гэта, вядома ж, акрыляе нас, журналістаў.
Прыемна, што многія прызы прыйшліся, як кажуць, “без прымеркі”. Напрыклад, сярод уладальніц спартыўных касцюмаў — вялікія прыхільніцы здаровага ладу жыцця, аматаркі спорту І. А. Кутузава і З. І. Літвінава. А залатыя завушніцы зробяць яшчэ больш абаяльнай прыгажуню Таццяну Грамыка, якая працуе ў раддоме ў Ветцы. У свой час перажыла яна з родным райцэнтрам шмат горычы, ведае трагедыю Барталамееўкі, выгнанніцкі лёс перасяленкі, але зноў вярнулася на Веткаўшчыну. І нібы адплочваецца ёй цяпер за перажытае хоць невялічкімі, але радаснымі праявамі, той жа “усмешкай фартуны”.
А на развітанне па добрай традыцыі — калектыўны здымак нашых верных сяброў і пажаданне і далей ісці па жыцці разам з “Гомельскай праўдай”.
Тамара КРУЧЭНКА
Фота Алега БЕЛАВУСАВА

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов
Лента новостей