Вёска з назвай Асаўцы... ці ў пачатку, ці ў канцы

  • 2142
  • 11:13
  • 24.01.2008
Поделиться
З назвай гэтай вёскі асацыяцыі не з лепшых. Асаўцы, як вядома, яшчэ
і самыя буйныя могілкі пад Гомелем. Ці не таму і адносіны да добраўпарадкавання тэрыторыі гэтага населенага пункта адпаведныя, як да ўскраіны. Але ж гэта хоць і ў Гомельскім раёне, але ўспрымаецца як ускраіна нашага абласнога цэнтра.
У адзін з будніх дзён адправілася я ў шлях-дарогу да вёскі Асаўцы. І ўжо на прыпынку Сонечным разам з некалькімі пасажырамі была “усцешана”: мікрааўтобусы № 100, аказваецца, рухаюцца сюды не так часта, як здавалася. Калі надумаеце ехаць, то толькі не ў прамежку паміж 10 і 13 гадзінамі, а таксама з 14 да 16 гадзін — трапіце ў перапынкі руху. А ўжо пасля 18.50 у Асаўцы не заехаць. Як і ў выхадныя. Па суботах і нядзелях рух аўтобуса № 23 і маршруткі № 19 наладжаны толькі да аўтарынка.
Пехатой топаць каля могілак — не самы лепшы варыянт. Ды жыццё ж чалавечае, як вядома, нельга распісаць толькі згодна з графікам руху транспарту. Даводзіц-ца многім і зранку ў любое надвор’е шыбаваць, і ўвечары. Пра гэта, прынамсі, і пісалі нам у лісце ў рэдакцыю, у Камітэт дзяржкантролю Гомельскай вобласці жыхары гэтай вёскі. І не толькі пра гэта.
Дарога з калдобінамі, і ад прыпынку “Сонечная” амаль да могілак — без асобнай трасы для прахожых. Ідзеш па дарозе, а насустрач імчаць туды-сюды агромністыя “КАМазы”. Пясок з кар’ера “Асаўцы” перакачоўвае на вытворчасць ААТ “Гомельбудматэрыялы”. Кажуць, гэтым летам асаўчане нават перагарадзілі дарогу жывым ланцугом, каб машыны ехалі па пыльны матэрыял не праз іх вёску. Дабіліся, вялікагрузы едуць збоку, але ж кар’ер няўмольна наступае сваімі жоўтымі горкамі на агароды вяскоўцаў, стварае адпаведную няўтульнасць. Што ж, з патрэбамі завода патрэбна мірыцца, але ж, як казалі тутэйшыя жыхары, хай бы і вытворцы, маючы салідны патэнцыял, крыху паклапаціліся пра дарогу, якую “дабілі”.
У кастрычніку была тут аўтарытэтная камісія пад старшынствам намесніка старшыні райвыканкама П. М. Жураўлёва, галоўнага архітэктара раёна А. П. Карпенкі і шэрагу спецыялістаў. Паабяцалі, што да 15 лістапада будзе зроблены выбарачны рамонт дарожнага пакрыцця, а ў наступным, 2005-м, дарогу перададуць на абслугоўванне ДРСУ-113. Выбарачны рамонт — выдатны спосаб адцягнуць тэрміны на больш доўгую перспектыву. Крыху засыпалі, ну і хай яшчэ пачакаюць асаўчане. Але ж, чамусьці, па вялікаму рахунку нікога не непакоіць, як жа ў гэтыя шэрыя дні напрыканцы года ісці па вясковых дарогах людзям? А неўзабаве ж і завеі, маразы. Хлюпнеш па пояс у лужыну непадалек ад могілак... Тым больш, што і пасля візіту камісіі многія лямпачкі на слупах так і не засвяціліся. “Праблематычна нават у магазін дайсці ў цэнтры вёскі, не тое што блукаць па ваколіцах”, — скар-дзіліся людзі.
Неяк беспарадачна, хаатычна вядзецца і забудова Асаўцоў. Хаты раскіданы, як з парашута. Пачынаецца населены пункт так званым пасёлкам з больш чым паўсотні хат, і толькі далей ужо выглядае вёска. Агароджы — у каго які матэрыял пад рукамі. Ужо нават лістамі шыферу адгароджваюцца ці то ад суседзяў, ці то ад пяску з кар’ера. Гледзячы на ўсё гэта, міжволі згадваеш дагледжаныя, выфарбаваныя з густам агароджы ў населеных пунктах нават у самай глыбінцы Палесся, адметныя калодзежы, і крыўдна за асаўчан, якія, лічы, ужо з горадам зрасліся. Праўда, да канца года ім абяцалі прасвідраваць аж чатыры мелкатрубныя кало-дзежы.
Пра іншыя свае мары-пажаданні са мной падзяліліся жыхары Асаўцоў:
Вольга ГРЫДЗІНА, прадпрымальнік:
— Мы тут пабудаваліся і марым, каб падвялі газ, тэлефон. Жыць побач з цы-вілізацыяй і не мець такіх выгод! Ды што казаць, нават з вадой напруга...
Андрэй КАЛЯСНЁЎ, навучэнец
ПТУ-56:
— У нас няма месца, дзе можна сабрацца і культурна адпачыць моладзі. Быў за фермай клуб — разбурыўся, яго расцягнулі, можна сказаць. Дык мы летам на матацыклах у другія вёскі на дыскатэкі ездзілі.
Валянціна КАЛІНІНА, буфетчыца:
— Чатыры гады таму мы пабудавалі катэдж у Асаўцах. Газ чакаем з надзеяй!
Іван СЫНКОЎ, вартаўнік:
— Тры кіламетры ад горада, а ўсё ў нас тут закінута, як на задворках. Тэлефон, колькі жывем, працуе з перабоямі па ўсёй вёсцы.
Што тычыцца газу, то райвыканкам выйшаў з хадайніцтвам у аблвыканкам аб распрацоўцы праектна-сметнай дакументацыі і ўключэнні ў план работ на 2004 — 2005 гады. Але ж пакуль (будзем спадзявацца!) прыйдзе газ, трэба навесці парадак з дарогамі. Хаця б дзеля будучых насельнікаў вёскі, якія зараз наведваюць мясцовы дзіцячы садок. Утульны, светлы, з нейкай асаблівай атмасферай дабрыні сапраўднага дома, ён здаўся сонечным промнем у суцемку праблем забытай вёскі.
Тамара ВІКТАРАВА

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов
Лента новостей