Баянаў. Петрыкаўскі раён
Майскі пагодны дзень — найлепшы час завітаць у вёску, тым больш што Баянаў знаходзіцца паблізу ад цэнтральнай трасы на Петрыкаў. У далёкім 1795 годзе гэты населены пункт меў назву Баяніч. Ад цяперашніх жыхароў мы даведаліся і пра яшчэ адно найменне, якое бытавала: Баянава. Так, дарэчы, назва вёскі пазначана зараз на аб’яве на вуліцы Савецкай пра прыезды сюды аўталаўкі.
Майскі пагодны дзень — найлепшы час завітаць у вёску, тым больш што Баянаў знаходзіцца паблізу ад цэнтральнай трасы на Петрыкаў. У далёкім 1795 годзе гэты населены пункт меў назву Баяніч. Ад цяперашніх жыхароў мы даведаліся і пра яшчэ адно найменне, якое бытавала: Баянава. Так, дарэчы, назва вёскі пазначана зараз на аб’яве на вуліцы Савецкай пра прыезды сюды аўталаўкі.
Шчыра кажучы, разгубіліся, калі прайшлі колькі хат і ўбачылі замкі на дзвярах. Не заўважылі гаспадароў і на агародах. Аказалася, што хаты на ўездзе належаць дачнікам,
якія бываюць тут наездамі.
Цішыню вёскі парушаюць залівістым спевам птушкі. Наўкол такі водар бэзу! Яго тут багата каля сядзіб. Ды іх шмат ужо і пахавана — на вуліцах вялікія прагалы між дамамі. Сышлі гаспадары, а за імі і хаты. Вось і чарговая лядашчая будыніна свеціцца выбітым бокам: кандыдат на знос. Вёска з больш чым 220-гадовай гісторыяй паціху дажывае свой век.
Кацярына
Ветэран працы 77-гадовая Кацярына Грамовіч сустрэла нас са шчырай усмешкай. Адчулі, што Кацярына Фёдараўна чалавек душэўны і спагадны, і не памыліліся. Былая даярка, маці трох дачок, бабуля чатырох унукаў і пяці праўнукаў, гаспадыня, якіх пашукаць. У двары чысценька, клумбы засаджаны кветкамі, садовыя арэлі для адпачынку. У хаце ўсё прыбрана па-святочнаму: не так даўно ж быў Вялікдзень. Новыя фіранкі на вокнах, і нават матылі да іх дэкаратыўныя прымацаваны.
Кацярына Грамовіч сярод кветак усмешкаю свеціцца
Кацярына Грамовіч сярод кветак усмешкаю свеціцца
— Дзеці дапамагаюць з унукамі, дзе б я адна ўсё ўладкавала, — шчыра падзялілася цётка. — Два ўнукі і ўнучка ў мяне ў міліцыі служаць. Адзін унучак, серадольшы, з Мазыра прыязджае, на нафтаперапрацоўчым працуе. Тут у мяне пчолак даглядае, пасеку трымае. Дарэчы, старшы мой унук Дзіма Пусікаў — падпалкоўнік міліцыі. Адзін праўнучак рыхтуецца ўжо да выпускнога ў школе, а малодшай праўнучцы тры гадочкі.
Кінуліся ў вочы вышываныя гладдзю накідкі на падушкі: такая акуратная работа, каб табе дзе вузельчык. Убачыўшы нашу зацікаўленасць яе творчасцю, цётка Кацярына стала даставаць з шафы тое, што яшчэ не раздарыла дзецям са свайго рукатворнага скарбу. І дыван тканы паказала. Скрушна падзялілася: колісь была і гаспадарка вялікая, а цяпер толькі куры.
— З імі найбольш і гутарыш у чаканні дзяцей. Дзякуй лёсу, не забываюць, прылятаюць на машынах, тэлефануюць. Дарэчы, унукі папярэджваюць, каб старонніх у хату не пускала, — шчыра расказала былая даярка. — Шмат цяпер блындае па вёсках розных махляроў. Слухаю я ўнукаў, але ж і сама ўжо за жыццё працоўнае навучылася бачыць людзей, хто чаго варты. Мы тут паблізу дарогі ажыўленай. Так што хочаш не хочаш, а змушаны ў людскія сітуацыі паглыбляцца, дапамагаць. Бывала, сямейная пара з дзіцяткам маленькім
едуць у бальніцу ўзімку, а машына на шасейцы заглохне. Прыходзяць, просяцца кашу зварыць малечы ці чаю сабе згатаваць. Як не пусціш? І начаваць
пускала.
Вось яно, наша Палессе, яго душа народная, дабрэнная, праяўляецца і ў гэтым скорасным, скупым на сантыменты веку. Толькі старажылы вёскі памятаюць, як талакой пераадольвалі ўсе пасляваенныя беды-няшчасці, не зачынялі хат.
З гісторыі вёскі
Вядома па пісьмовых крыніцах з XVIII стагоддзя як паселішча ў Мазырскім павеце Мінскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. У 1931 годзе тут быў арганізаваны калгас. У Вялікую Айчынную вайну ў баях за вёску Баянаў і яе ваколіцы загінулі 124 савецкія салдаты. Па аповедам мясцовых бабуль, многія падарваліся на мінах, якія акупанты пакінулі вакол невялікай рэчкі перад адыходам. 59 імёнаў пазначаны на гранітных плітах брацкай магілы. 21 мясцовы жыхар загінуў на фронце.
У маі 1944-га вёска была ў прыфрантавой паласе аперацыі “Баграціён”, таму баянаўцы часова былі пераселены ў Ігната-Фабіянаўку Калінкавіцкага раёна.
Кажуць, што ў пасляваенны час адсюль з’ехала ў Мінск трыа даволі таленавітых музыкаў: бацька граў на скрыпцы, адзін сын — на баяне, а другі — на балалайцы. На жаль, прозвішча іх цяпер тут не ведаюць.
У канцы 50-х — пачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя папулярным заробкам у Баянаве быў выраб гужвы. Гэтую лазу збывалі ў Мазыр для звязвання бярвення — сплаву лесу па Прыпяці.
Найбольш населеным Баянаў быў у 1959 годзе, тады тут жыло 218 чалавек. У 2004-м — толькі 18 гаспадарак, 23 жыхары. Зараз тут пастаянна жывуць 6 чалавек, з іх дзве бабулі — ветэраны працы, былыя даяркі. Двойчы ў тыдзень прыязджае аўталаўка, у сярэдзіне месяца паштавікі з Калінкавічаў дастаўляюць пенсію.
Паліна
— Уранку цікавімся адна ў другой: як ноч перажыла? Увечары дакладваем, чым дзень займаліся, што рабілі. Весялей час праходзіць! — распавядае гаспадыня дома на вуліцы Школьнай Паліна Рагавец.
Нашы гераіні жывуць у розных канцах вёскі і нібы з’яўляюцца яе вартаўніцамі. Шчыра кажучы, на тутэйшую мужчынскую палову спадзявацца ім не прыходзіцца. У тых на тварах напісана, што “чаркуюць”. А гэта яшчэ дадатковая небяспека.
Хата Паліны Фёдараўны адметная тым, што зроблена са шлаку, выфарбавана ў белы колер. Позірк яе вокнаў упіраецца ў малады сасоннік, які высаджаны на месцы пахаваных хат. Быў якраз дзень атрымання пенсіі, і цётка Паліна чакала паштовую машыну. “Ад машыны да машыны я нямею”, — сказала жанчына як бы сабе ў апраўданне, калі маладыя работнікі парупілі яе хутчэй распісвацца і спыняць гаворку.
— А з кім пагамоніш апрача Каці? — падзялілася цётка Паліна, і ў яе блакітных вачах адбілася такая туга... — Дачка памерла ў 53 гады. Сын з сям’ёй жыве ў Баранавічах. Ці ж блізкі свет яму ехаць? Добра, калі пару разоў на год даб’ецца. Працуе, яшчэ не на пенсіі. Часцей усіх даччына дачка, унучка Таццяна, прыкідваецца да мяне.
У дыхтоўнай хаце, дзе адчуваецца гаспадарская рука (муж працаваў трактарыстам) і сама гаспадыня-даярка стварала ўтульнасць, набывала дываны, мэблю, вышывала накідкі — аж 5 ложкаў і рарытэтная канапа з люстэркам вытворчасці гадоў 60-х мінулага стагоддзя. Хто ж будзе жыць тут пасля яе, цёткі Паліны? — свідравала скроні пытанне і павісала ў паветры без адказу.
Паліна Рагавец: сустракаю вас з поўным!
Паліна Рагавец: сустракаю вас з поўным!
Паліна Фёдараўна дастала сямейны фотаархіў, некалькі вялікіх і малых альбомаў, своеасаблівы летапіс сям’і і вёскі Баянаў, куды колісь прыйшла яна ў замужжа з Церабава.
— Нам тады трудно було на ферме рабіць, усё ўручную. Гной па калена, надыхаешся ім, што ніяк не пазбавіцца і дома такой “парфумы”, — як на споведзі дзялілася сялянка. — Калі муж памёр, мне 50 було. Казалі, каб вярталася я ў свой Церабаў. Я не захацела. Тут тады жыццё было весялейшым.
Застаўшыся ўдавой, Фёдараўна асвоіла ўсю мужчынскую работу. Дровы секла сама. Толькі нядаўна, калі стала дапамагаць сыну ў такой нарыхтоўцы паліва, адчула, што рукі ўжо страцілі былую сілу і дакладнасць. Змірылася.
Трымае ў чысціні і парадку дом. Радуецца простым рэчам: гаворцы з Кацярынаю, нашаму прыезду, прылёту каларытнага ўдода, які палюбіў зялёную пляцоўку каля яе дома. Смяецца, калі распавядае пра ўжо нарыхтаваны загадзя помнік сабе самой, з двума фотаздымкамі, якія ёй падабаюцца: 20-гадовай і цяперашняй. Шчыра пасмяяліся з Палінай Фёдараўнай над гэтым фактам. Глядзець помнік не сталі, скіравалі на іншае:
25 сакавіка будучага года ў яе 80-годдзе, так што час клапаціцца пра юбілей!
Реклама
Другие статьи раздела
Самое читаемое
- Змеи Беларуси – кого стоит бояться?
- 15:08
- 04.10.2018
- 237905
- В Гомеле после капремонта открылось общежитие для студентов медуниверситета
- 15:36
- 29.12.2020
- 196861
- Сегодня в Гомеле начинают отключать отопление в квартирах
- 09:23
- 04.05.2021
- 160741
- Блогер-тракторист из Хойников уехал в Латвию, а теперь рассказывает сказки о том, что у него хотели забрать ребенка
- 12:54
- 12.01.2021
- 156139
- Как мы работаем и отдыхаем в мае
- 10:54
- 01.04.2019
- 145869
- В Гомельском районе молодожены, возвращаясь со своей свадьбы, спасли пострадавших в ДТП
- 09:47
- 01.10.2019
- 134049
- КСУП «Агрокомбинат «Холмеч» опираются на профессионализм людей – и это приносит результат
- 17:29
- 26.09.2020
- 125622
- Кто протягивает руку первым, а кто, здороваясь, извиняется: правила хорошего тона
- 18:47
- 12.02.2017
- 117814
- В Беларуси на этой неделе ожидается до +20°С
- 14:38
- 29.10.2018
- 115832
- В Гомеле человек, переболевший COVID-19, стал первым в области донором плазмы с антителами
- 17:19
- 11.05.2020
- 115089



