Вулкан. Лоеўскі раён

  • 3712
  • 15:30
  • 04.04.2019
  • Гомельская правда
Поделиться
Кажуць, метафарычнасць назвы гэтай вёскі была звязана ў свой час з хуткаплыннымі зменамі сельскага жыцця. У 1930-м тут быў створаны калгас з аднайменнай назвай, працавалі вятрак і кузня. Потым землі тутэйшыя назвалі калгасам імя К. Маркса. Цяпер гэта ўжо палеткі КСУП «Малінаўка-Агра». Міжволі хочацца спытаць у цяперашніх жыхароў вёскі ў Малінаўскім сельсавеце: як жывецца вам на... Вулкане?
Кажуць, метафарычнасць назвы гэтай вёскі была звязана ў свой час з хуткаплыннымі зменамі сельскага жыцця. У 1930-м тут быў створаны калгас з аднайменнай назвай, працавалі вятрак і кузня. Потым землі тутэйшыя назвалі калгасам імя К. Маркса. Цяпер гэта ўжо палеткі КСУП «Малінаўка-Агра». Міжволі хочацца спытаць у цяперашніх жыхароў вёскі ў Малінаўскім сельсавеце: як жывецца вам на... Вулкане?

Жывем на вуліцы Цэнтральнай



Забудова вёскі адметная: усе хаты і сёння групуюцца каля цэнтральнай дарогі і аднайменнай вуліцы. Ёсць дыхтоўныя домікі, па якіх пазнаеш: Вулкан не мінула катастрофа на ЧАЭС, многае будавалася тут па дзяржаўнай чарнобыльскай праграме. І сёння гэта даволі шматлюдная вёска. Са сваімі цікавымі лёсамі, пачуццямі, што зрэдчас і на вулкан падобныя.

Любіць сямейнікаў


Дом сям’і Карпенка прываблівае звонку намаляванай выявай прыгожага зайчыка, па чым і вызначаеш: дзяцей тут любяць! Аказалася, што так упрыгожыла сцяну ўласнаручна матуля: у Наталлі і яе мужа Аляксандра — пяцёра сыноў! Самы маленькі — Дзяніска, заўважыўшы нас, доўга не мог звыкнуцца з незнаёмцамі. Чаго толькі не рабілі, каб дзіця заўсміхалася. Але ж толькі ступіў у хату бацька з чатырохгадовым Уладзікам — прыехалі з райбальніцы — і малодшы расцвіў.
Сям’я Карпенка дружная. «Нам шмат дапамагаюць упраўляцца з усімі бытавымі справамі і бацькі мужа, і мая мама, сёстры нашы», — падзялілася гаспадыня. І параіла: астатніх сыночкаў можна заспець у базавай школе-садку ў аграгарадку Малінаўка.

«Цяпер вяжу пінеткі»


Ураджэнка Дзяражычаў Тамара Пазднякова знайшла сваю долю тут, у вёсцы Вулкан. Муж Аляксандр яшчэ працуе шафёрам у гаспадарцы, а гаспадыня — шчаслівая бабуля чатырох унукаў. Зарабіла яна ў мясцовых жыхароў славу жанчыны-гаспадыні. Повар па спецыяльнасці, Тамара і для сям’і гатуе прафесійна. Дом упрыгожаны і яе рукадзеллем, кветкамі. «Маладзейшай была, шмат вышывала крыжыкам. Нямала работ сваіх падарыла ў школу, клуб у Малінаўцы. Цяпер больш вязаннем займаюся», — падзялілася жанчына.


У суседнім пакоі пазнаёміліся і з яе свякроўкай Любоўю Мікітаўнай. Залюбаваліся сцэнай: немаладая жанчына калыхала свайго праўнучка Захарку.

А ён такі маленькі, худзенькі. Прабабуля расказала: хлопчык з блізнят, вельмі дробненькі нарадзіўся, але ж паціху вырасце, стане на ножкі. Згадала сваё нараджэнне ў 1942-м, калі бацька пайшоў на фронт і не вярнуўся.

«У пасляваенную нішчымніцу разам з мамай і трыма браточкамі мы радаваліся жалудам, ліпаваму лісту і гнілой бульбе. І нічога, акрыялі», — зазначыла Мікітаўна.

Лёс на кані не аб’едзеш

На доме Дваракоўскіх шыльда, на якой пазначана, што тут жыве ўдзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Аляксандр Іванавіч, па словах яго гаспадыні Раісы, 1926 года нараджэння, заспеў ліха пабачыць: і партызаніў, і ваяваў. На жаль, чалавек ужо сам не ў стане сябе абслугоўваць. Тое, што пабраўся другім шлюбам з ураджэн­кай Буды-Петрыцкай, якая вярнулася на радзіму з Ташкента ў 90-я гады мінулага стагоддзя, стала вызначальным у яго лёсе. Раіса Андрэеўна маладзейшая за гаспадара, зараз і корміць яго з лыжкі, як дзіця. На левае вока ён не бачыць.


— Сашаў бацька быў старшынёй калгаса тут, на Вулкане, да вайны. І пайшоў у партызаны. Калі паліцаі хацелі расправіцца з яго сям’ёй, маці са старэйшымі сынам і дачкой паспелі збегчы, а Сашка ў весніцах сядзеў, — расказала жонка. — Дык яго суправадзілі аж у Шчытцы, заперлі ў кладоўку. А там ужо ў няволі была жанчына з дзіцем. Яна і сказала Сашу, каб улучыў момант, калі ахова пойдзе ку­рыць, і збег. Ён так і ўратаваўся. Бег па полі, між снапоў, састаўленых у «бабкі», а яму ўслед стралялі. Потым у яр скаціўся, у кустах перасядзеў і вярнуўся ў Вулкан. Тут і бацька прыйшоў за ім, забраў у лес.

Удзельнічаў Саша ў падрыве моста тут дзесь на Лоеўшчыне. Потым перабазіраваліся яны ў Акцябрскі раён. Ногі ў падлетка апухалі, і ў адзін з прылётаў з Вялікай Зямлі самалёта Сашку забралі падлячыць у Маскву. Там навучыўся справе падрыўніка, былі спробы на фронт у цягніках кінуцца, але здымалі яго не раз і вярталі ў сталіцу. Потым быў накіраваны ў Севастопаль, на карабель, удзельнічаў у размініраванні. Пасля вайны ён яшчэ і тэрміновую служыў.

Раіса Андрэеўна не наракае на лёс. Колісь вывучылася на бухгалтара і паехала ў Крым да брата. Працавала ў ваеннай часці. Замужжа з камандзірам узвода башкірам Тагірам. Пазней пераехалі з ім у Ташкент. Дзяцей лёс не даў. Пасля распаду адзінай краіны вяртанне на малую радзіму, да сястры, з «відам на жыхар­ства». Неяк, седзячы ў Лоеве на аўтастанцыі, абаяльная сваёй безабароннасцю жанчына далася ў знакі ўдаўцу Аляксандру Іванавічу. Слова за слова, расповеды адзін другому пра лёс. Вось так і парадніліся.

У 1959 годзе ў вёсцы Вулкан жылі 154 чалавекі, у 1999-м — 142. Здавен прастольным святам вёскі лічыцца 21 мая — Іаана Багаслова.

Багатая бабуля

12 унукаў і столькі ж праўнукаў у Марыі Рагожнік. У жанчыны чацвёра дзяцей, і ўсе працаўнікі. Вера — даглядчыца жывёлы, жыве на Вулкане, Люда і Ніна з поштай звязаны, Саша пільшчыкам лесу ў Малінаўскім лясніцтве.


— Часцей усіх Ніна ў мяне бывае, яна на пенсіі, — па-мацярынску падзялілася Марыя Сяргееўна. — Вядома ж, ва ўсіх клопатаў хапае. І я век у калгасе адпрацавала. Гаспадар рана пайшоў на той свет, у 56 гадкоў. Вочы субяседніцы заслязіліся, і яна, кульгаючы (вельмі баляць калені), патупала ў схованку па ўзнагароды мужа. Прынесла цэлафанавы пакецік, у якім медаль «Ветэран працы», юбілейны ленінскі, па тры знакі — ударніка камуністычнай працы і пераможцы сацспаборніцтва 1975, 1976, 1978 гадоў.

— Колісь мой Анатоль казаў: ну, дачакаюся пенсіі, і будзе яна адпаведнай маёй працы — самай вялікай у калгасе! 22 гады рупіўся трактарыстам. І не дачакаў, — выдыхнула цётка Марыя. — Мне давялося без яго і касіць, і дзяцей вучыць, у армію сына адпраўляць, вяселлі ладзіць, унукам і праўнукам радавацца.


Безумоўна, сустрэліся мы далёка не з усімі жыхарамі Вулкана. А іх тут зараз, як паведаміла кіраўнік справамі Малінаў­скага сельвыканкама Валянціна Гародная, 115 чалавек. Таму ёсць надзея, што вёска і надалей захавае сваю вулканічную жыццёвую сілу.

У 1959 годзе ў вёсцы Вулкан жылі 154 чалавекі, у 1999-м — 142. Здавен прастольным святам вёскі лічыцца 21 мая — Іаана Багаслова



Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов Подробнее об обработке
Лента новостей