Спачатку падмарозіла, а потым засушыла

  • 1225
  • 11:16
  • 24.01.2008
Поделиться
Старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню аблвыканкама Л. М. Мальчук правёў прэс-канферэнцыю па актуальных пытаннях аграпрамысловага комплексу.
Ён праінфармаваў журналістаў аб тым, што познія замаразкі, а затым пастаянная спякота пашкодзілі пасевы больш чым на 55 тысячах гектараў. З іх на шасці тысячах гектараў зерневыя культуры загінулі. Асабліва пацярпелі сельгаспрадпрыемствы Нараўлянскага, Мазырскага, Калінкавіцкага, Ельскага, Жыткавіцкага і Петрыкаўскага раёнаў. У гэтыя раёны выехалі спецыялісты Мінсельгасхарчу і аблсельгасхарчу, якія сумесна з вучонымі Навукова-практычнага цэнтра па земляробству НАН Беларусі вызначаюць далейшы лёс пашкоджаных палёў. Спякота і дэфіцыт вільгаці ўскладняюць умовы для фарміравання ўраджаю, асабліва на пасевы ячменю і некаторых іншых зерневых культур. Таму ў перспектыве стаіць задача аб змяненні структуры пасяўных плошчаў. Зараз загінуўшыя і пашкоджаныя пасевы падсяваюцца і перасяваюцца. Усе плошчы добра падкормлены мінеральнымі тукамі. Частка ранніх зерневых ужо зараз выкарыстоўваецца на зялёны корм. У журналістаў тут жа ўзнікла пытанне, ці выканае ў такім разе вобласць першапачатковае заданне па намалоту хлеба ў мільён тон.
— На мільённыя намалоты, нягледзячы на частковае зніжэнне збожжавага поля, мы абавязкова выйдзем, — упэўнена адказаў на гэта Л. М. Мальчук. — Па-першае, непагадзь амаль не закранула пасевы Гомельскага, Добрушскага, Буда-Кашалёўскага і іншых валаабразуючых раёнаў, а па-другое, чакаецца ўраджайнасць вышэй леташняй. Не трэба скідаць з рахунку і той факт, што сёлета рана праведзена веснавая сяўба, а таму і жніво пачнецца раней, чым летась. Будуць прыняты ўсе меры па хуткаму і якаснаму яго правядзенню.
Многа ўвагі на прэс-канферэнцыі было ўдзелена ўдасканальванню работы і мадэрнізацыі перапрацоўчых прадпрыемстваў. Падкрэслівалася, што работа ў гэтым плане актыўна вядзецца на Гомельскім і Жлобінскім мясакамбінатах, у ААТ “Румянцаўскае”, на Рагачоўскім малочнакансервавым камбінаце, у гомельскім акцыянерным таварыстве “Малочныя прадукты”. У Гомелі, напрыклад, устаноўлена некалькі новых тэхналагічных ліній, у тым ліку па вытворчасці глазіраваных сыркоў. Дарэчы, асартымент іх пастаянна пашыраецца. На сённяшні дзень у гандлёвую сетку паступае больш дзесятка відаў гэтых да¬лікатэсаў.
Другое нараджэнне ў Даманавіцкага сушыльнага завода, які раней даходзіў, як кажуць, да ручкі. Тут плануецца вырошчваць грыбы і вырабляць кансервы з іх дабаўленнем. Мадэрнізуюцца таксама Тураўскі, Ельскі і некаторыя іншыя кансервавыя заводы.
Старшыня аблсельгасхарчу падкрэсліў, што першапачатковая задача перапрацоўчай прамысловасці — забяспечыць высакаякаснай харчовай прадукцыяй унутраны рынак. Вядома, лішкі трэба рэалізоўваць і за мяжу. І чым больш, тым лепш. Размова ідзе не толькі аб пастаўках на расійскія рынкі, а і ў іншыя рэ¬гіёны блізкага і далёкага замежжа. Многае для вобласці будзе залежаць ад пашырэння паставак каўбасных і іншых мясных вырабаў, у першую чаргу і спажыўцам Расіі. Трэба адзначыць, што мясакамбінаты вобласці пастаянна нарошчваюць аб’ёмы вытворчасцi. А ці забяспечаць іх сыравінай нашы сельгаспрадпрыемствы? Л. М. Мальчук зазначыў, што тут праблем не будзе. Толькі на асноўныя мясакамбінаты гаспадаркі грамадскага сектару даюць 47 працэнтаў сыравіны. Мясная галіна вобласці працягвае працаваць са станоўчай дынамікай, а гэта дае ўпэўненасць у добрай перспектыве.
У ходзе прэс-канферэнцыі былі закрануты таксама пытанні цэнафарміравання, работы сельскагаспадарчых ярмарак і многія іншыя.
Сцяпан БАЛОТКІН

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов
Лента новостей