Здабыткі ёсць, але і недапрацовак хапае

  • 1404
  • 11:16
  • 24.01.2008
Поделиться
На парадку дня выязнога пасяджэння аблвыканкама, якое вёў яго старшыня А. С. Якабсон, асноўным было пытанне аб развіцці аграпрамысловага комплексу Добрушскага раёна ў святле патрабаванняў Праграмы сацыяльна-
эканамічнага развіцця і адраджэння сяла ў Гомельскай вобласці
на 2005 — 2010 гады.


Па валу — крок наперад, па эфектыўнасці —
назад

Яшчэ тры гады назад па асноўных напрамках сельскагаспадарчай дзейнасці Добрушскі раён знаходзіўся ў ліку адстаючых у вобласці. Зараз сітуацыя змянілася ў лепшы бок. Калі ў 2003 го-дзе па ўраджайнасці зерневых і зернебабовых культур раён займаў шаснаццатае месца ў вобласці, то летась перамясціўся на трэцяе. Вытворчасць валавой прадукцыі ў сярэднім на работніка сельскай гаспадаркі павялічылася да 14,6 мільёна рублёў. Летась прадукцыйнасць зямлі склала 28,7 цэнтнера кармавых адзінак з гектара, што на тры цэнтнеры больш, чым у сярэднім па вобласці. У цэлым кармавая база значна ўмацавалася ў параўнанні з папярэднімі гадамі. Гэта дазволіла павысіць прадукцыйнасць жывёлы і павялічыць валавы выхад прадукцыі. Упершыню за многія гады сярэдні надой малака ад каровы летась перавысіў рубеж у чатыры тысячы кілаграмаў. А вось у рэспубліканскім сельскагаспадарчым унітарным прадпрыемстве “Племзавод ”Насовічы” ад каровы атрымана па 6034 кілаграмы малака. Характэрна, што высокіх паказчыкаў у жывёлагадоўлі дабіліся не толькі перадавыя гаспадаркі, а і тыя, якія раней былі адстаючымі. Напрыклад, у сельскагаспадарчым вытворчым кааператыве “Чырвоная Буда”, дзе тры гады назад не надойвалі і дзвюх тысяч кілаграмаў малака ад каровы, летась атрымалі па 4582 кілаграмы.
Большасць гаспадарак зрабіла значны крок наперад і ў мясной жывёлагадоўлі. Таму і ў цэлым па раёну сярэднясутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы ў параўнанні з 2005 годам летась павялічыліся на 24 грамы і склалі 525 грамаў. Узрос таксама валавы выхад свініны. Напрыклад, у камунальным сельскагаспадарчым унітарным прадпрыемстве “Новы шлях” аб’ёмы вытворчасці яе павялічыліся на 40 працэнтаў.
Дабрушане мэтанакіравана і планамерна вядуць работу па павелічэнню пагалоўя жывёлы, у тым ліку кароў. Па гэтым напрамку зроблена значна больш, чым у многіх іншых раёнах вобласці. Дастаткова сказаць, што толькі за год у статак уведзена 29 тысяч галоў буйной рагатай жывёлы, рост перавышае адзінаццаць працэнтаў. Трэба, аднак, адзначыць, гэтыя паказчыкі маглі б быць і лепшымі. Але ў раёне не хапае месцаў для ўтрымання пагалоўя. Недастаткова праводзіцца работа па будаўніцтву і рэканструкцыі жывёлагадоўчых памяшканняў, укараненню новых тэхналогій утрымання жывёлы. Вось адзін з характэрных прыкладаў. У Насовічах ужо даўно знаходзіцца ў стадыі рэканструкцыі малочнатаварная ферма, дзе плануецца ўстаноўка сучаснага даільнага абсталявання. Але канца гэтай работы пакуль не відаць. У дакладзе старшыні райвыканкама В. Ф. Мохаравай адзначалася, што падводзяць сельгаспрадпрыемства будаўнікі ПМК-95 “Гомельсельбуда”.
— Трэба прызнаць, што і з рэалізацыяй прадукцыі ў раёне многа праблем, — зазначыў першы намеснік старшыні аблвыканкама Г. В. Дашкевіч. — І не толькі ў Добрушскім, а і ў большасці іншых раёнаў. Не навучыліся мы пакуль гандляваць, а без гэтага ў сучасных рыначных умовах немагчыма эфектыўна гаспадарыць, мець прыбытак.
Амаль усю прадукцыю раслінаводства і жывёлагадоўлі дабрушане прадаюць па значна ніжэйшых цэнах, чым у сярэднім па вобласці. Ад гэтага нясуць вялікія страты. Застаецца тут высокім сабекошт прадукцыі сельскай гаспадаркі. Вялікі працэнт у ёй займаюць энерганосьбіты. Гэта недаравальна.
Падводзячы вынікі па першаму пытанню, старшыня аблвыканкама А. С. Якабсон зазначыў:
— Хаця раён за апошнія гады і прыбавіў, але ж зрабіць трэба яшчэ больш, чым зроблена, у першую чаргу па павышэнню эфектыўнасці вытворчасці. Гэта датычыць і іншых раёнаў.
У інтэрв’ю прадстаўнікам сродкаў масавай інфармацыі Аляксандр Серафімавіч падкрэсліў: праверкі кантралюючымі органамі паказалі, што ў рабоце нашых сельгаспрадпрыемстваў яшчэ шмат упушчэнняў і недапрацовак, але іх значна менш, чым было некалькі гадоў назад. Губернатар звярнуў увагу і на тое, што ў вобласці, асабліва ў чарнобыльскіх раёнах, трэба ажыццяўляць пераспецыялізацыю, каб займацца тымі галінамі, якія эканамічна выгадныя.

Самавольны
захоп земляў
да дабра не даводзіць

На пасяджэнні аблвыканкама вялікая ўвага была ўдзелена пытанню аб мерах па ўмацаванню кантролю за аховай і выкарыстаннем зямель, захоўваннем правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў. Адзначалася, што на працягу апошніх гадоў для забеспячэння экалагічна бяспечнай работы з адыходамі выдзяляліся вялікія сродкі з фонду аховы прыроды, якія выкарыстоўваліся мэтанакіравана. Былі выдзелены і значныя сумы бюджэтных грошай на мерапрыемствы па добраўпарадкаванню тэрыторый населеных пунктаў і навядзенню парадку на зямлі. У той жа час звернута ўвага на тое, што гадавое заданне па перапрацоўцы адыходаў дахаў у Гомелі не выканана. Застаецца вострай праблема арганізацыі своечасовага вывазу камунальных адыходаў з сельскіх населеных пунктаў, дачных участкаў, эксплуатацыі сельскіх міні-палігонаў цвёрдых бытавых адыходаў. Але асабліва трывожная тэма — гэта выпадкі самавольнага захопу зямельных участкаў пад кар’еры і забудовы. Такія выпадкі характэрныя для Веткаўскага, Петрыкаўскага, Рэчыцкага і некаторых іншых раёнаў. Напрыклад, рэчыцкае таварыства з абмежаванай адказнасцю “Будаўнічыя матэрыялы” для сваіх патрэб самавольна заняло зямельны ўчастак мясцовага лясгаса плошчай 0,2 гектара. Дорага абышлася прадпрыемству і яго кіраўніцтву гэта зямелька. Таксама за незаконны захоп участка ў Гомельскім раёне пад будаўніцтва ілавых пляцовак ачышчальных збудаванняў горада і эксперыментальнага сартыровачна-біямеханічнага завода гаспадарчым судом аштрафавана на салі-дную суму ўпраўленне капітальнага будаўніцтва Гомельскага гарвыканкама. На жаль, такіх прыкладаў нямала. Гаспадарнікам трэба памятаць, што іх незаконныя дзеянні могуць дорага абыходзіцца.
На пасяджэнні аблвыканкама разгледжаны і іншыя пытанні. У яго рабоце прыняў удзел старшыня абласнога Савета дэпутатаў В. С. Сяліцкі.
Сцяпан БАЛОТКІН

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов
Лента новостей