За станоўчымі вынікамі трэба бачыць і недапрацоўкі

  • 1515
  • 11:15
  • 24.01.2008
Поделиться
Такую думку на выязным пасяджэнні аблвыканкама ў Жлобінскім раёне,
на якім разглядаліся пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця не толькі гэтага рэгіёна, а і вобласці ў цэлым, выказаў старшыня аблвыканкама
А. С. Якабсон. У пасяджэнні прынялі ўдзел кіраўнік адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Г. М. Нявыглас і памочнік Прэзідэнта Рэспублікі
Беларусь — галоўны інспектар па Гомельскай вобласці В. У. Шчэцька.


Стракатасць відавочная
За некалькі апошніх гадоў у Жлобіне адбыліся добрыя змены. Папрыгажэлі вуліцы, пабудаваны новыя і рэканструяваны старыя збудаванні сацыяльна-бытавога, вытворчага прызначэнняў. Выраслі жылыя кварталы, з’явіліся скверы, зоны адпачынку. Сваё аблічча памянялі і вёскі раёна. На працягу 2001 — 2005 гадоў выкананы, а па асобных кірунках значна перавыкананы асноўныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця. Колькасць беспрацоўных знізілася, а заработная плата ўзрасла на 3,8 працэнта. Забяспечана ўкараненне ўсіх дзяржаўных сацыяльных стандартаў па абслугоўванню гарадскога і сельскага насельніцтва. У гэтым пераканаліся ўдзельнікі пасяджэння аблвыканкама, калі наведалі водазабор “Лебядзёўскі”, КСУП “Нівы”, мясакамбінат, футравую фабрыку, падраздзяленні КЖУПа “Унікум”, гандлёвыя, медыцынскія ўстановы, сярэднюю школу № 13, іншыя сацыяльна значымыя аб’екты.
У дакладзе на пленарным пасяджэнні старшыня райвыканкама М. В. Касюкоў падкрэсліў, што раён працягвае дынамічна развівацца і сёлета. Добрыя напрацоўкі ёсць у прамысловасці, сельскай гаспадарцы, будаўніцтве, медыцыне, адукацыі. Напрыклад, рост аб’ёмаў прамысловай вытворчасці пры прагнозе 107,5 працэнта ў першым квартале дасягнуў 110,4 працэнта, у тым ліку спажывецкіх тавараў — 111,5. Валавая вытворчасць прадукцыі сельскай гаспадаркі ў адносінах да першага квартала мінулага года склала 107,2 працэнта, што таксама вышэй прагнознага паказчыка. Прыкметна зніжаюцца выдаткі на выпуск прадукцыі. Працягвае расці заработная плата. Аднак яе высокі ўзровень у раёне дасягаецца за кошт Беларускага металургічнага завода, іншых моцных аб’ектаў гаспадарання. У асноўным жа работнікі атрымліваюць пакуль невысокую заработную плату. Стракатасць назіраецца і ў іншых паказчыках. Гэтую думку акрэсліў намеснік старшыні аблвыканкама У. У. Маёраў. Калі ў цэлым назіраюцца высокія тэмпы росту прамысловай прадукцыі, то на заводзе “Свет”, швейнай фабрыцы і ў “Аўстрабеле” яны зніжаны. А гэтыя прадпрыемствы складаюць 14,3 працэнта ад усіх.
Тое ж можна сказаць і пра работу сель-скай гаспадаркі. Напрыклад, надоі малака ад каровы ў РСУП “Бабоўскі” больш як у два разы вышэйшыя, чым у СВК “Рэкта”. Неаднолькавыя вынікі работы ў будаўнічых, бытавых, іншых арганізацыях, хаця паўсюдна ў цэлым ёсць рост.
Аб тым, што трэба больш увагі ўдзяляць пытанням сельскай гаспадаркі, асабліва жывёлагадоўлі, гаварыў на пасяджэнні памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — галоўны інспектар па Гомельскай вобласці В. У. Шчэцька. У раёне горш, чым па вобласці, жывёла забяспечана кармамі. Слаба вядзецца работа па абнаўленню дойнага статка.
— За апошнюю пяцігодку, і асабліва за 2005 год, па ўсіх напрамках сацыяльна-эканамічнага развіцця раён дабіўся пэўных поспехаў, — зазначыў А. С. Якабсон. — Але за станоўчымі вынікамі і паказчыкамі не заўважаюцца хібы, пралікі і недапрацоўкі. А іх трэба не толькі заўважаць, а і выпраўляць.
Аляксандр Серафімавіч падкрэсліў, што такая сітуацыя характэрна для вобласці ў цэлым.

Нашаму экспарту
могуць пазайздросціць

і ў рэспубліцы
На пасяджэнні аблвыканкама было адзначана, што ў першым квартале гэтага года ўзяты добры старт на рэалізацыю праграмы новай пяцігодкі. Выкананы асноўныя прагнозныя сацыяльна-эканамічныя паказчыкі вобласці. Уведзена ў эксплуатацыю 94 тысячы квадратных метраў жылля, што дазволіла выканаць заданне першага квартала. Тэмпы роста валавой прадукцыі ў сельскагаспадарчых арганізацыях склалі 113 працэнтаў да ўзроўню адпаведнага перыяду мінулага года. На 14,7 працэнта павялічыліся платныя паслугі насельніцтву. Але асабліва прыкметныя дасягненні ў знешнеэканамічнай дзейнасці вобласці. Экспарт у параўнанні з 2005 годам узрос на 28,3 працэнта, а станоўчае сальда склала 499,6 мільёна долараў ЗША.
— Такім поспехам па рэалізацыі нашай прадукцыі ў блізкае і далёкае замежжа могуць па-добраму пазайздросціць і ў рэспубліцы, — адзначыла старшыня камітэта эканомікі аблвыканкама Э. Л. Карніцкая. — Намечаны канкрэтныя мерапрыемствы, каб не толькі ўтрымаць вышэйшую ступеньку па гэтым паказчыку ў Беларусі, а і павялічыць экспартныя пастаўкі, зрабіць нашы тавары яшчэ больш канкурэнтаздольнымі.
Трывожыць пакуль той факт, што ўзрасла колькасць стратных прадпрыемстваў.

Бюджэт папаўняецца,
але даўгі застаюцца
Паспяховае выкананне мэтавых паказчыкаў вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі са-дзейнічае грашоваму папаўненню бюджэту вобласці. Аб гэтым гаварыў на пасяджэнні аблвыканкама намеснік начальніка фінансавага ўпраўлення В. С. Козыраў. За першы квартал гэтага года паступіла 346 мільярдаў рублёў, што складзе 22,9 працэнта да гадавога плана. Значна лепш, чым летась, папаўняюць бюджэт у Буда-Кашалёўскім, Ельскім, Калінкавіцкім і некаторых іншых раёнах. Адначасова ў першым квартале даўгі па плацяжах склалі 58,4 мільярда рублёў. Ёсць і крэдыторская запазычанасць у сацыяльнай сферы. Праўда, яна намнога меншая, чым у іншых абласцях рэспублікі. Па сацыяльна-ахоўных артыкулах і камунальных паслугах пратэрмінованай запазычанасці ўвогуле няма.
У структуры расходаў бюджэту вобласці прыярытэтнай з’яўляецца сацыяльная накіраванасць, на якую ў першым квартале выдзелена 66,2 працэнта з усяго даходу. Летась было 61,6 працэнта.
Усе бюджэты раёнаў і гарадоў, а таксама пасялковых і сельскіх Саветаў пераведзены з 1 студзеня 2006 года на абслугоўванне праз казначэйскую сістэму.
На пасяджэнні выступіў кіраўнік адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Г. М. Нявыглас. Генадзь Мікалаевіч назваў Гомельшчыну адным з найбольш развітых рэгіёнаў дзяржавы і адзначыў поспехі па многіх кірунках. Адначасова звернута ўвага на той факт, што за гігантамі хаваюцца невялікія суб’екты гаспадарання, якія працуюць нездавальняюча. Такія гаспадаркі мясцовым уладам трэба трымаць пад кантролем. Эканоміка павінна расці паўсюдна.
У вобласці назіраецца большы рост злачыннасці, чым у некаторых рэгіёнах. У такой сітуацыі патрэбна паляпшаць работу не толькі праваахоўным органам. Працоўныя калектывы, грамадства ў цэлым і мясцовыя ўлады павінны ўзмацніць выхаванне людзей, стварыць ім неабходныя працоўныя ўмовы.
У ходзе пасяджэння аблвыканкама адзначаны пераможцы спаборніцтва за першы квартал 2006 года па сацыяльна-эканамічнаму развіццю сярод гарадоў і раёнаў вобласці. Імі ў розных групах прызнаны горад Гомель, Калінкавіцкі і Мазырскі раёны.
* * *
У час інтэрв’ю журналістам А. С. Якабсон адзначыў, што сёлета стаіць задача не менш як на 15 працэнтаў скараціць колькасць стратных прамысловых прадпрыемстваў. І чаго б гэта ні каштавала, такая задача будзе выканана.
Аляксандр Серафімавіч звярнуў увагу і на той факт, што да канца года па ўсіх параметрах сацыяльна-эканамічнага развіцця вобласці будуць зроблены значныя крокі наперад.
Сцяпан БАЛОТКІН

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов Подробнее об обработке
Лента новостей