Утаймавалі “казярога”

  • 1178
  • 11:14
  • 24.01.2008
Поделиться
Заехаўшы на рапсавае поле калгаса (СВК) “Абарона краіны”, успомнілі словы начальніка Рэчыцкага райсельгасхарчу С. Ф. Краўчанкі, што такога высокаўраджайнага рапсу, як у гэтай гаспадарцы, нідзе ў рэспубліцы не бачыў. Сапраўды, пасевы гэтай культуры выдзяляюцца гушчынёй, шчыльнасцю і непрывычнай для вяскоўцаў вышынёй. Яны больш як у рост чалавека.

Асабліва высокаўраджайнымі аказаліся айчынны сорт “казярог” і сарты галандскай селекцыі. З гектара выходзіць да 40 цэнтнераў, а на асобных участках — і да 50. Для параўнання скажам, што летась у сярэднім па вобласці ўраджайнасць рапсу не дасягнула 15 цэнтнераў з гектара.
— Мы не толькі выкарысталі высокаўраджайныя і самыя перспектыўныя сарты, а і пасеялі рапс па добрых папярэдніках, па новых тэхналогіях дагледзелі пасевы, — расказвае старшыня калгаса А. В. Мікалуцкі. — Першымі ў раёне прыступілі і да ўборкі. Хачу падкрэсліць такую акалічнасць: рапс — культура далікатная. Калі яго ўбіраеш днём, ды яшчэ ў спякоту, то губляецца вельмі многа вырашчанага ўраджаю. Таму пачынаем уборку прыцемкам і вядзём яе нават пры месячным святле. Вобразна кажучы, поўнасцю утаймавалі рапс. Страт амаль няма. Да таго ж, камбайнеры працуюць выдатна.
У саставе перадавога экіпажу, які першым на КЗР-10 пачаў абмалочваць рапс, працуе і сын старшыні калгаса Аляксей. Ужо другі год ён вядзе жніво ў пары са старшым камбайнерам Сяргеем Голубам (на здымку). Летась гэты экіпаж па намалотах збожжа заняў першае месца ў вобласці. На дажынках губернатар А. С. Якабсон павіншаваў маладых камбайнераў і пажадаў ім трымаць лідэрства на жніве 2005 года. Экіпаж працуе высокапрадукцыйна. За першыя дні намалаціў ужо каля 200 тон зерня. Тут трэба сказаць, што Сяргей пайшоў па сцяжынцы бацькі Івана Іванавіча Голуба, які шмат гадоў адпрацаваў камбайнерам. Зараз на пенсіі, але на перыяд жніва па-ранейшаму садзіцца за штурвал камбайна. Нядаўна з арміі вярнуўся і яшчэ адзін сын, Юрый. Ён таксама пайшоў у камбайнеры.
Зараз уборка рапсу ў калгасе вядзецца на апошніх гектарах. Няма праблем і з рэалізацыяй зерня. Яго ахвотна купляе адкрытае акцыянернае таварыства “Віцебскі маслаэкстракцыйны завод”, папярэдне аплочвае прадукцыю.
А тым часам у калгасе прыступілі ўжо да ўборкі збожжавых і зернебабовых культур, якія займаюць тут каля дзвюх тысяч гектараў. І яны радуюць добрай ураджайнасцю. Асобныя ўчасткі ячменю замежнай селекцыі, па прагнозах спецыялістаў, дадуць па 70 цэнтнераў збожжа.
Каб не было перапынкаў у рабоце камбайнаў, дадаткова на адвозку збожжа ад іх задзейнічалі некалькі грузавых аўтамабіляў. У работу ўключаны і тры велікагрузныя “МАЗы”, на якіх працуюць вопытныя вадзіцелі Віктар Аўдзеенка, Васіль Карака і Фёдар Пырх.
Збожжа новага ўраджаю хутка падсушваецца і падпрацоўваецца. Апрача польскай сушылкі М-819, у рабоце з першых дзён жніва задзейнічана некалькі іншых сушыльных і ачышчальных комплексаў. Штодзённа складскія памяшканні папаўняюцца сотнямі тон хлеба.
— І не толькі ў гэтай гаспадарцы, а і ў “Чырвоным сцягу”, “Савецкай Беларусі”, іншых сельгаспрадпрыемствах раёна, — зазначае галоўны аграном райсельгасхарчу В. Д. Палякоў. — З кожным днём жніво набірае тэмпы.
Летась пры ўраджайнасці 34,2 цэнтнера з гектара ў раёне дасягнулі валавога намалоту ў 78 тысяч тон. Сёлета прадугледжана павялічыць яго прыкладна на дваццаць працэнтаў. Для гэтага многае зроблена. Пасяўныя плошчы пад збожжавыя і зернебабовыя культуры павялічылі да 25 тысяч гектараў. Значна больш, чым летась, унеслі ў глебу мінеральных удабрэнняў, выкарысталі найбольш перспектыўнае насенне. І зараз хлебаробы стараюцца не пакінуць у полі ніводнага зярняці.

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов Подробнее об обработке
Лента новостей