Сервіс крочыць у вёску

  • 1196
  • 11:13
  • 24.01.2008
Поделиться
Для хлебаробаў сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва “Гусявіца” Буда-Кашалёўскага раёна 2004 год стаў пераломным на шляху да фінансава-эканамічнай стабілізацыі. Тут значна перакрылі прагнозныя паказчыкі па вытворчасці і рэалізацыі сельгаспрадукцыі. Асабліва парадавала вяскоўцаў збожжавае і льняное поле. Напрыклад, пры ўраджайнасці 31 цэнтнер з гектара валавы збор хлеба склаў 3000 тон, што на 1200 тон больш, чым у 2003 годзе.


— У немалой ступені поспеху садзейнічала тое, што да кожнай сельгаскампаніі мы своечасова і добра рыхтавалі тэхніку, якая затым высокапрадукцыйна працавала ў полі, — гаворыць старшыня кааператыва У. І. Кісялёў. — Да вясны яшчэ далёка, але пра тэх-ніку мы клапоцімся і зараз. Усе прычапныя глебаапрацоўчыя і сеяльныя агрэгаты ачысцілі, паставілі на захоўванне ў майстэрню і рамантуем. Вядзём таксама планавы рамонт трактароў, камбайнаў, іншых сельгасмашын. Дарэчы, на аглядзе-конкурсе па добраўпарадкаванню машынна-трактарных двароў мы занялі другое месца ў раёне. І тут трэба сказаць, што вялікую дапамогу аказвае нам аграсервіс. Мы ў гэтай арганізацыі пастаянна набываем запчасткі для сеялак, плугоў, культыватараў, іншай тэхнікі. Нядаўна з абменнага пункта прывезлі два рухавікі для трактароў “МТЗ-80”. Асабліва выручаюць нас партнёры ў час неадкладных палявых работ, па першаму ж сігналу аказваюць дапамогу.
Такія добрыя водгукі аб рабоце адкрытага акцыянернага таварыства “Буда-Кашалёва-Аграсервіс” я раней чуў ад старшыні СВК “Губічы” М. А. Рыбіка, дырэктара эксбазы “Пянчын” У. У. Яўсеенкі, іншых кіраўнікоў сельскай гаспадаркі. І гэта, думаю, не выпадкова. У аграсервісе пастаянна паляпшаецца і ўдасканальваецца работа па аказанню дапамогі вяскоўцам у рамонце сельгастэхнікі.
— Многае ў гэтым плане было зроблена і на працягу 2004 года, — расказвае дырэктар “Буда-Кашалёва-Аграсервіса” Ф. А. Свердлікаў. — У нас расшыраны і мадэрнізаваны рамонтныя ўчасткі, набыта новае абсталяванне. Пашыраем і сферу сваёй дзейнасці.
У першую чаргу Фёдар Антонавіч звяртае ўвагу на той факт, што арганізаваны новы ўчастак па электрарамонту. Хутка запрацуе і ўчастак па тэхнічнаму абслугоўванню легкавых і грузавых аўтамабіляў. Ушчыльную заняліся ў аграсервісе і капітальным рамонтам збожжавых камбайнаў “Дон-1500”. Гэту работу пачалі ў 2003 годзе, а зараз амаль усе гаспадаркі раёна карыстаюцца паслугамі рамонтнікаў з Буда-Кашалёва. Тое ж можна сказаць пра рамонт іншых відаў сельгасмашын.
Варта заўважыць, што большасць дэталяў і механізмаў для рамонту тэхнікі ў Буда-Кашалёва завозіцца непасрэдна з айчынных, і ў першую чаргу гомельскіх, прадпрыемстваў, а не праз камерцыйныя фірмы.
Стабільны і калектыў у аграсервісе, касцяк якога захоўваўся нават у гады эканамічнай разрухі. У ліку лепшых работнікаў Ф. А. Свердлікаў называе інжынера па забеспячэнню Анатоля Васільевіча Пракаповіча, начальніка цэха па рамонту сельгасмашын Юрыя Іванавіча Дмітраўцова, звеннявога па рамонту збожжавых камбайнаў Сяргея Васільевіча Ядранцава, слесараў Пятра Васільевіча Сергачова, Мікалая Віктаравіча Ляонава і яго брата Леаніда, іншых кваліфікаваных спецыялістаў, якія да ўсяго валодаюць сумежнымі прафесіямі, добра ведаюць сваю справу.
Немалаважна для сельскіх працаўнікоў і тое, што “Буда-Кашалёва-Аграсервіс” з’яўляецца дылерам сталічных трактарнага і маторнага заводаў. Дзякуючы гэтаму, напрыклад, закупленыя трактары знаходзяцца на гарантыйным абслугоўванні на працягу года. Дарэчы, трактары, механізмы, запасныя часткі ў Буда-Кашалёве набываюць не толькі мясцовыя вяскоўцы, а і з Светлагорскага, Чачэрскага і Кармянскага раёнаў.
Сцяпан БАЛОТКIН
НА ЗДЫМКУ: дырэктар “Буда-Кашалёва-Аграсервіса” Ф. А. Свердлікаў і старшыня кааператыва “Гусявіца” У. І. Кісялёў на машынна-трактарным двары гаспадаркі

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов Подробнее об обработке
Лента новостей