Каму вяршкі, а каму карэньчыкі

  • 2837
  • 00:00
  • 05.08.2008
  • Ольга ДАНИЛКОВА
Поделиться
Працягваецца конкурс “Здоровое питание — основа долголетия»,
які праводзяць упраўленне адукацыі аблвыканкама і рэдакцыя газеты “Гомельская праўда”. Вось які цікавы расказ у намінацыі “Літаратурны” даслаў нам гамяльчанін Рыгор Раманавіч Нафтолін.

“Малодшы брат маёй жонкі — заўзяты рыбалоў. Не браканьернічае, усё па-люд-ску, на вудачку або спінінг. Прычым зацікавіў гэтым хобі сваю жонку.
Аднойчы паехалі яны разам з маленькай дачкой Кацюшай і пляменнікам Ромкам (маім сынам) на Сож. Злавілі рыбацкую ўдачу ўдосталь, пачысцілі вялікіх і маленькіх рыбак, пасмажылі на патэльні. Паклікалі пачаставацца малых, а самі вырашылі адкласці заслужаны ўлоў на вячэру. Рыбацкі азарт пераважыў пачуццё голаду. Але шчасце ў другой палове дня адвярнулася. Хаця мянялі месцы лоўлі.
Між тым Каця і Раман не сумавалі. Доўга гулялі, паспелі прагаладацца і, не дачакаўшыся дарослых, паціху даелі рэшткі пакінутай рыбкі, закусваючы хрусткімі брылёўскімі агуркамі. На дэсерт у імправізаваным меню быў яшчэ адзін брылёўскі ласунак — сакавітыя яблыкі. Потым задаволеныя дзеці ляглі спаць.
А няўдалыя рыбаловы вярталіся ні з чым да жылля. Галодныя. Але бадзёрыла думка, што чакаюць на патэльні рачныя дары. Наколькі ж вялікім было расчараванне, калі ўбачылі толькі рыбныя костачкі, акуратна выкладзеныя на стале. Побач — семачкі ад яблыкаў. Што заставалася рабіць? Сумна ўсміхнуліся, пасмакавалі рабрынкі, задаволіліся семкамі. І з жартам узгадалі даўнюю прымаўку наконт таго, што снеданне з’еш сам, абед дзялі з сябрамі, вячэру аддай ворагу. Праўда, у іх было інакш: абед прапусцілі, а вячэра дасталася родным. Ды супакоіла думка, што такія карысныя прадукты, як рачная рыбка, смачная мясцовая гародніна і садавіна добра ацэнены.
Увогуле атрымалася накшталт герояў вядомай народнай казкі пра вяршкі і ка-
рэньчыкі. Толькі тут у ролі разумнага селяніна выступілі нашы малыя, а даверлівым мядзведзем сталі старэйшыя”.
Вольга Данілкова

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов Подробнее об обработке
Лента новостей