“Крыловы: бацька і сын”

  • 2581
  • 11:14
  • 24.01.2008
Поделиться
Так называецца сумесная выстава жывапісных твораў Валянціна Аляксандравіча Крылова і яго сына Андрэя. На вялікі жаль, бацькі ўжо няма, і якімі яго карцінамі ўпрыгожыць гэтую выставу, вырашаў толькі сын. Трэба аддаць яму належнае: ён выбраў тое, што дае яскравае ўяўленне аб складаным, напоўненым пошукамі сваёй адметнасці, вельмі няпростым творчым шляху Валянціна Аляксандравіча.
Аўтару гэтых радкоў пашчасціла быць знаёмым з Крыловым-старэйшым. Гэта быў надзвычай сціплы, далікатны мастак. Аднак менавіта ад яго я ўпершыню пачуў словы шчырага захаплення жывапісам Германа Пранішнікава. І гэта ў той час, калі яго самога не вельмі песцілі спагадлі-вай увагай. Ці не таму, нават з’яўляючыся адным са старэйшых на Гомельшчыне членаў Саюза мастакоў СССР, ён не трапіў ні ў адзін даведнік, ні ў адну мастацкую энцыклапедыю. Факт сам па сабе ўнікальны па сваёй парадаксальнасці. Але гэта ніяк не перашкодзі-ла яму заставацца прыхільнікам сапраўднага мастацтва. Ён вырошчваў незвычайныя кветкі, якія потым удзячна “пазіравалі” яму, захоўваў вернасць лепшым класічным традыцыям пейзажыстаў. Саратаўскае вучылішча, а потым Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут не пазбавілі яго самабытнасці, а наадварот — умацавалі яе.
І вось яшчэ адно пасмяротнае выпрабаванне выставай. Што можа ён сказаць сёння сваімі творамі гледачу, якому, дзякуй Богу, дазволена нарэшце бачыць усё? Як будуць суседнічаць яны з надзвычай лірычнымі, нібыта цнатлівымі ў сваёй чысціні творамі сына?
Спачатку і мы збіраліся адвесці адну экспазіцыйную залу карцінам Валянціна Аляксандравіча, а другую — Андрэя. Але раптам заўважылі іх нейкае шчымлівае духоўнае падабенства. Нават — у каларыце. Паспрабавалі злева ад бацькавай “Вясны” павесіць сынаву “Светлую нядзелю”, а справа ад яе — яго ж “Сярэбранае стагоддзе” і вырашылі: не, падзяляць экспазіцыю не трэба. І дзвюхзальная экспазіцыя атрымалася надзвычай цэласнай, нібыта і сапраўды належыць аднаму ўдумліва таленавітаму мастаку. Гэта нават не толькі духоўная роднаснасць, але і трапяткая пераемнасць светабачання, светаадчування.
Андрэй Крылоў усё больш відавочна ў нечым галоўным паўтарае лёс бацькі. Ён таксама, як калісьці Валянцін Аляксандравіч,— у няспынным пошуку сваёй мастакоўскай існасці. Нагадаем, што многія лічылі і бацьку майстрам фарбавых паўтаноў. Але калі сын, свядома ці падсвядома, ідзе ад рэалі-зму да шматкаляровасці яго адчування, то Валянцін Аляксандравіч, часцей за ўсё, імкнуўся ад адчування — да рэалізму. Зрэшты, не ўсё так проста. У шматлікіх нацюрмортах (“Са жбанам”, “Жнівень”, “З егіпецкай статуэткай”, “Вобла”) В. А. Крылоў нібыта спрачаецца фарбамі з... самім сабой. Тут у знітаваным адзінстве — метафарычнасць, гіпербалізацыя і... пачуццёвасць. Майстар увасаблення складаных жанравых твораў (“А зоры тут ціхія”), ён не менш пераканаўча пісаў і псіхалагічна вывераныя партрэты (“Еўфрасіння Полацкая”, “Сын Андрэй”). А побач у экспазіцыі дзіўная па фрагментарнай дакладнасці карціна “Гомель. Кіеўскі спуск”.
В. А. Крылоў умеў сваім шчодрым талентам вельмі многае. Нечым, па ўсёй верагоднасці, падзяліўся з сынам. І выстава стала яскравым сведчаннем гэтай таленавітай пераемнасці.
А 22 верасня Андрэй Крылоў зноў завітаў у нашу галерэю, каб пазнаёміцца з цудоўнымі запісамі ў кнізе водгукаў, правесці некалькі аўтарскіх экскурсій для навучэнцаў індустрыяльнага тэхнікума і старшакласнікаў школ горада. Якім жа сюрпрызам для нас і наведвальні-каў галерэі стала жаданне Андрэя Валянцінавіча перадаць усю светлагорскую экспазіцыю яго і бацькавых твораў у фонд нашай кар-ціннай галерэі! Адразу на 31 твор адметнага жывапісу мы сталі багацейшыя. Ці трэба гаварыць, што ў наш занадта меркантыльны час такія ўчынкі — вялікая рэдкасць. І тым больш вартыя ўдзячнага захаплення. Шчыра дзякавалі мастаку старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Чырва, намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Мяркулаў...
— А я задаволены тым, што нашы з бацькам карціны набылі пастаянную прапіску ў вашай цудоўнай галерэі, — сказаў на развітанне Андрэй Крылоў.
Ізяслаў Катляроў,
дырэктар Светлагорскай карціннай галерэі “Традыцыя” імя Германа Пранішнікава

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов Подробнее об обработке
Лента новостей