Лепшы настаўнік вобласці, экскурсавод са стажам і проста шчаслівы чалавек. Гэта ўсё пра выкладчыка беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 16 Мазыра Яўгена Валер’евіча Есіса. За што яго любяць дзеці, высвятляла карэспандэнт «Гомельскай праўды».

Што сцірае ўсе перашкоды
– Яўген Валер’евіч, педагагічная праца – гэта шчаслівая выпадковасць або свядомы выбар? Хто вас натхніў і як складаўся прафесійны лёс?
– Мне пашчасціла сустрэць таленавітых выкладчыкаў яшчэ ў школе. Настаўніца пачатковых класаў Надзея Рыгораўна Кіслова адкрыла таямніцу роднага матчынага слова. Пазней яе развівалі, удасканальвалі і паглыблялі педагогi беларускай мовы і літаратуры. Як вынік, у 2004 годзе я стаў студэнтам беларуска-культуралагічнага аддзялення філалагічнага факультэта Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта. Адразу пасля заканчэння быў залічаны ў магістратуру, займаўся даследаваннем творчасці Уладзіміра Караткевіча з пункту гледжання каларыстыкі.
Прафесійную дзейнасць распачаў у Прудкоўскай сярэдняй школе Мазырскага раёна. Гэта быў час станаўлення, набыцця вопыту, адточвання атрыманых ва ўніверсітэце ведаў. Потым паступіў у аспірантуру Нацыянальнага інстытута адукацыі, займаўся распрацоўкай методыкі выкарыстання электронных адукацыйных рэсурсаў на ўроках беларускай літаратуры. У 2013 годзе стаў настаўнікам сярэдняй школы № 16 Мазыра. І тут, пад кіраўніцтвам дырэктара Аксаны Міхайлаўны Кавальковай, пачаўся раскрывацца мой педагагічны патэнцыял.
– Падзяліцеся сакрэтамі паспяховай працы. Напрыклад, як на працягу 45 хвілін утрымаць увагу цэлага класа?
– На сваім вопыце я зразумеў: прадмет любіш дзякуючы настаўніку. Зараз ужо магу смела гаварыць пра ўласны стыль выкладання, свае падыходы, «фішкі», ідэі, прыёмы, якія скіраваны на павышэнне матывацыі да вывучэння прадмета. Амаль кожны ўрок хочацца зрабіць цікавым, а, галоўнае, эфектыўным. На ўроках беларускай літаратуры імкнуся паказаць, што айчыннае слоўнае мастацтва – гэта вялікая скарбніца для асэнсавання будучага, якое ў многім залежыць і ад настаўніка-славесніка.
– Як знайсці паразуменне з падлеткамi? Ёсць меркаванне, што сёння яны асабліва няпростыя: залежныя ад гаджэтаў, абыякавыя да навакольных, распешчаныя.
– Не згодзен. Мы жывём у час імгненнай інфарматызацыі, аднак усё залежыць ад асобы настаўніка, яго ўласнага жадання і імкнення наладзіць добразычлівую атмасферу са сваімі вучнямі. Часта многія нюансы рабяты дапамагаюць знайсці самі: праз гутаркі, абмеркаванні актуальных пытанняў, выкананне праектаў. Сумесная дзейнасць сцірае ўсе перашкоды і адкрывае дарогу наперад. А гаджэты можна выкарыстаць і на карысць.
– Быць патрыётам сёння – гэта перш за ўсё ведаць і любіць родную мову. Згодны?
– Так, для мяне беларуская мова – гэта паказчык нацыі, асноўны сродак камунікацыі, наканаваны лёс. Павага да матчынай мовы прыйшла з сям’і: у маленстве чуў шмат легенд і паданняў, песень, казак. У школе таксама вучыліся па-беларуску. Дома заўсёды гучала і гучыць зараз нацыянальнае радыё. Мы, беларусы, павінны імкнуцца да таго, каб беларуская мова стала агульнаўжывальнай, запатрабавальнай у грамадстве. Тады зусім па-іншаму будуць ставіцца да яе вывучэння ў школе і ВНУ. Вырашэнне гэтай праблемы мне бачыцца ў фарміраванні высокага прэстыжу двухмоўнай асобы, якая зможа рэалізаваць свае магчымасці ў шматмоўным асяроддзі.
Гонар за сваю нацыянальную прыналежнасць
– Шмат размоў аб тым, што прафесія настаўніка стала абсалютна жаночай. Як ставіцеся да такіх гендэрных усталёвак?
– На жаль, гэта так. Але мужчыны-настаўнікі ў школе ёсць. Часцей за ўсё гэта выкладчыкі працоўнага навучання, фізічнай культуры і здароўя, гісторыі, фізікі, хіміі. Сярод іх ёсць і філолагі. Кожны сам выбірае свой лёс і робіць адпаведныя крокі. Радуе, што ў педагагічныя ўніверсітэты краіны сёння ідуць вучыцца хлопцы.

– Ці складана вам працаваць у жаночым калектыве?
– Не. Настаўніцтва – творчы працэс. За свае амаль 13 гадоў я ніколі не пашкадаваў, што абраў шлях настаўніка. З цягам часу асэнсаваў, што гэта вельмі пачэсная і важная справа-місія. Галоўнае, не хто ты ў гендэрным плане, а тое, з якім пачуццём выкладаеш абраны табой прадмет. Быць настаўнікам беларускай мовы і літаратуры – адказная дзейнасць: зацікавіць вучняў, паказаць адметнасці і асаблівасці роднага слова, ролю творцы і вартасць мастацкага твора, каб кожны ўдзельнік адукацыйнага працэсу змог адчуць гонар за сваю нацыянальную прыналежнасць. Лічу, што я шчаслівы чалавек. І мае вучні не баяцца падысці да мяне параіцца, пагутарыць, расказаць аб хвалюючым. Галоўнае – наладзіць паважлівыя і добразычлівыя ўзаемаадносіны.
Заўтра будзе новы дзень. І новыя адкрыцці
– У якіх конкурсах у апошні час удзельнічалі? Што дае вам такі вопыт?
– Насамрэч конкурсаў вельмі шмат. Але ёсць адзін, аб якім я магу гаварыць гадзінамі, – прафесійнага майстэрства «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь». У яго я прыйшоў у 2014 годзе. Тады спыніўся на завочным туры трэцяга этапу.
Праз тры гады ўзяў рэванш: стаў пераможцам абласнога этапу ў сваёй намінацыі, фіналіст заключнага этапу. Яшчэ праз тры гады паспрабаваў сябе ў якасці журы. А ўвосень 2022 года кіраўніцтва школы прапанавала мне далучыцца да конкурсу зноў. Не раздумваючы, пагадзіўся.
Было цяжка: трэба было перамагчы галоўнага канкурэнта – самога сябе. Але творчасць, натхненне, конкурсная «чуйка», прафесіяналізм, ініцыятыўнасць – складнікі, якія зноў ажылі ў настаўніцкай душы. Як вынік – пераможца абласнога этапу ў намінацыі «Руская мова і літаратура, беларуская мова і літаратура» ўжо ў 2023 годзе. У верасні чакае барацьба за фінал. Сёлета я паўдзельнічаў у конкурсе «Лепшы класны кіраўнік», арганізаваным адукацыйнай платформай «Знай.бай». Заняў шостае месца з 80 класных кіраўнікоў. Гэта цудоўны вопыт, новыя знаёмствы, абмен думкамі і ідэямі. Зразумеў, што трэба захаваць сваю прафесійную індывідуальнасць, імкліва рухацца наперад, не спыняцца на дасягнутым. Бо заўтра будзе новы дзень. І новыя адкрыцці.
– Ці падарожнічаеце вы па Беларусі? Дзе асабліва любiце бываць?
– Амаль восем гадоў я працаваў экскурсаводам. Сінявокую Беларусь аб’ездзіў уздоўж і ўпоперак. Больш за ўсё падабаюцца гістарычныя мясціны: люблю павандраваць па вулачках Полацка і Турава, Віцебска і Мінска, асэнсаваць імгненнасць часу ў Крэўскім ці Мірскім замках, прыгадаць важную ролю Навагрудка, паблукаць у Любчы ці Нясвіжы. І гэты шэраг можна працягваць бясконца.
– Чым займаецеся ў вольны час? Хобі, захапленні, цікавыя заняткі…
– Праца настаўніка – гэта 24 гадзіны 7 дзён у тыдзень. А вось калі выпадае вольная хвілінка, то яна плануецца загадзя. У адпачынку люблю павандраваць па Беларусі, пачытаць мастацкую літаратуру, паслухаць музыку, схадзіць на тэатральную пастаноўку ці выставу. А яшчэ ўспомніць, што я сын, брат, дзядзька – удзяліць час сваім родным і блізкім, сябрам.
