«Мая споведзь з пекла Штутгофа»: пісьмо Анны Дубоўскай з канцлагера. Поўны тэкст 1945 года

  • 443
  • 20:47
  • 08.05.2026
Поделиться

Гэта публікацыя была надрукавана ў «Гомельскай праўдзе» 3 красавіка 1945 года. Прапануем матэрыял нашым чытачам без скарачэнняў. Упэўнены, што споведзь нашай зямлячкі растопіць самае жорсткае сэрца.

Пісьмо Анны Дубоўскай з канцлагера Штутгоф было надрукавана ў «Гомельскай праўдзе» 3 красавіка 1945 года
З архіва "ГП"

Пісьмо беларускай дзяўчыны

Гэта пісьмо напісана беларускай дзяўчынай Аннай Архіпаўнай Дубоўскай з вёскі Свірыдавічы Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці, вызваленай разам з тысячамі іншых савецкіх людзей з нямецкай няволі. У гэтым пісьме раскрываецца страшэнны малюнак жыцця ў фашысцкім рабстве і радасць вызвалення з нямецкага іга.

«Добры дзень, мілая і дарагая мамачка!

Я ўвезена праклятымі немцамі. Калі нас прывезлі ў Германію, першым чынам адправілі ў размеркавальны лагер – рынак рабоў паблізу Данцыга. Там мяне купіў адзін немец. Я вымушана была працаваць на яго ад зары да зары, не разгінаючы спіны. Харчавалася вельмі дрэнна.

Я рашылася бегчы, але мяне на пяты дзень злавілі і пасадзілі ў турму. Там я прасядзела два тыдні. Мяне моцна збілі і адправілі ў канцэнтрацыйны лагер недалёка ад Данцыга. Тут у Штутгофе сядзела больш за сто тысяч мужчын і жанчын усіх нацыянальнасцей. Мне стала тут яшчэ ў многа разоў горш. Вельмі над намі здзекваліся ізвергі немцы. Працавалі мы так цяжка, як ніколі мне гэтага не прыходзілася. Карчавалі пні, грузілі камні. Атрымлівалі ў дзень 150 грамаў эрзац-хлеба, літр баланды з лісцяў бурачкоў або смярдзючай каштанавай мукі. Збівалі нас бязлітасна. Спалі мы 150 чалавек у маленькім халодным барачным памяшканні. Месца заўсёды не хапала. Кожны дзень на нашых вачах паміралі сотні такіх самых, як я. Крэматорый працаваў бесперапынна. Там спальвалі людзей, якія ўжо не маглі працаваць. Потым гітлераўцы пачалі складваць трупы штабялямі, аблівалі іх гаручым і спальвалі. Чорны смуродны дым не пераставаў вісець над лагерам. У лагеры была спецыяльная газавая камера, у якой душылі людзей.

Забіць зняволенага нічога не каштавала. Наадварот, гэта заахвочвалася. Тэрыторыя лагера была абнесена шасцю радамі дроту, у які быў пушчаны электрычны ток. Нас вартавала больш за 50 злых сабак. У такіх умовах я праіснавала год і сем месяцаў, але ўвесь час думала аб вас і нашай Радзіме. Нават у самыя цяжкія хвіліны верыла, што Чырвоная армія прыйдзе і вызваліць нас, бязвінна цярпеўшых. Калі савецкія войскі пачалі падыходзіць, нас вывезлі з Штутгофа і пачалі адпраўляць у глыб Германіі. Шлях быў вельмі цяжкім. Нас не кармілі і прымушалі ісці. Адстаючых прыстрэльвалі. Наша група ішла ззаду. На адным кіламетры мы налічылі 180 трупаў.

Мы настолькі знясілелі, што ўсе пагалоўна захварэлі. З’явіўся тыф, страўнікавыя захворванні.

10 сакавіка нас пастроілі ў калону, але не прайшлі мы і кіламетра, як уся ахова ўцякла. Паказаліся нашы танкі.

Родная мамачка! Я не магу перадаць, якая радасць ахапіла ўсіх нас. Мы былі выратаваны ад вернай смерці. Родная, любімая Чырвоная армія вызваліла нас. Я вам гэта пішу, а тут з намі сядзяць вясёлыя і радасныя байцы і афіцэры танкісты, нашы вызваліцелі, родныя савецкія людзі. Ну, да хуткага пабачэння. Даруйце, што так няскладна напісала сваё першае пісьмо. Вельмі яшчэ хвалююся, цяжка пра ўсё расказаць. Прывітанне шлю вам, мае верныя падругі, з якімі мы былі ўвесь час у лагеры: Буланава Дзіна Фёдараўна з Арла, Быхавец Праскоўя Іванаўна з вёскі Пушкары Чарнігаўскай вобласці, Тахт Аляксандра Аляксандраўна з Чырвонагвардзейска, Горава Надзежда Васільеўна з Керчы, Огава Яўгенія Аляксандраўна з Ленінграда.

Цалую вас усіх моцна, мамачка, прывітанне ўсім родным, прыяцелям і знаёмым!

Ваша дачка Аня».

Дзеючая армія, 28 сакавіка (ТАСС)

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов Подробнее об обработке
Лента новостей