Сёння спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча

09.12.2021 / Гомельская правда
На жаль, лёс адпусціў паэту на гэтым свеце толькі 25 гадоў 5 месяцаў і 16 дзён. Значную частку свайго кароткага жыцця Багдановіч правёў далёка ад родных мясцін, аднак усёй душой імкнуўся ў Беларусь, выказваў у сваіх лірычных радках бязмежную любоў да яе, пісаў па-беларуску.

Максіму Багдановічу прысвечана новая кніга серыі «Жыццё знакамітых людзей Беларусі» выдавецтва «Мастацкая літаратура». Супрацоўнік Брагінскай раённай бібліятэкі Марына Баброўнік стала першым чытачом гэтага выдання. Фота Алега Белавусава

У Вільне на пачатку 1914 года быў выдадзены адзіны прыжыццёвы зборнік вершаў Максіма – «Вянок». І крытыкі адразу ж акрысцілі маладога паэта песняром прыгажосці. А як яшчэ можна назваць аўтара бессмяротных радкоў «Па-над белым пухам вішняў, быццам сіні аганёк, б’ецца, уецца шпаркі, лёгкі сінякрылы матылёк» або «Здароў, марозны, звонкі вечар! Здароў, скрыпучы, мяккі снег!»? Яго вершы ўключаны ў школьныя хрэстаматыі і пакладзены на музыку. Яго «Слуцкіх ткачых», «Зорку Венеру», «Вераніку» ве­даюць далёка за межамі нашай Радзімы.

Яго імя ўнесена ў каляндарны спіс ЮНЕСКА выдатных асоб і падзей свету.

Помнік Максіму Багдановічу ў Мінску адкрыты 9 снежня 1981 года. Фота з інтернета

Хвароба, якая была для сям’і Багдановіча рокам, не пашкадавала і Максіма. Вясна 1917-га стала апошняй у жыцці паэта. Ён памёр «у белым доме ля сіняй бухты» у Ялце, куды паехаў лячыцца ад сухотаў на грошы, сабраныя сябрамі.

Сёння мы ўспамінаем самага рамантычнага беларускага паэта з цеплынёй і ўдзячнасцю. За тое, што пакінуў нам надзвычайна светлыя радкі, за тое, што любіў Беларусь і жадаў ёй дабра. За тое, што яго вершы запаўняюць нашы душы пяшчотай і прыгажосцю, а зорка Венера, як і пры яго жыцці, усё гэтак жа ўзыходзіць над зямлёю, каб прывесці з сабой светлыя згадкi.