Ці ёсць нявеста для трактарыста?

  • 2412
  • 12:13
  • 16.07.2009
Поделиться
Будучыню краіны будаваць маладым. А ці ёсць яна ў сучаснай беларускай вёскі? Ёсць, калі ў яе мужна крочаць такія маладыя працавітыя энтузіясты.
Несці нялёгкую механізатарскую службу Андрэй Тукач пачаў адразу ж пасля школы.
— Мяне заўсёды цягнула да тэхнікі і зямлі, цікавіўся работай калгасных спецыялістаў і, гледзячы на старэйшага брата, таксама выдатнага трактарыста, я марыў, як і ён, паказаць свае магчымасці і моцна стаяць на зямлі, — кажа Андрэй.
Працуе хлопец у роднай вёсцы Дуброва Светлагорскага раёна ў філіяле РУП “Гомельэнерга” “Дуброва-агра”.
Нялёгкая гэта работа. Бывалі дні, калі за рулём свайго МТЗ-952 малады спецыяліст праводзіў па 19 гадзін у суткі. Безумоўна, часу на адпачынак не хапала. Ды і адпачыць, выйсці куды-небудзь, каб адвесці душу (акрамя толькі дыскатэкі), як кажа Андрэй, няма куды. Таму прыходзіцца ў свабодны час наведваць суседнія вёскі.
— Хацелася б, каб на сяле заставалася больш моладзі, асабліва дзяўчат, перспектыўных нявест, — усміхаецца хлопец. — Бо, канешне, праз пару год трэба ўжо і ажаніцца, стварыць сям’ю.
Выхаванаму ў шматдзетнай сям’і (а ў маці Андрэя яшчэ пяцёра дзетак), хлопцу важна стаць самастойным гаспадаром і выдатным бацькам. А на пытанне, ці хоча, каб яго сыны працавалі ў вёсцы, адказвае: “Цяжкая гэта праца, ды і заробак не адпавядае затрачаным сілам. А зацікавіць моладзь зараз можна ў першую чаргу матэрыяльна”.
Ужо ў 21 год за найлепшыя ў раёне дасягненні сярод маладых спецыялістаў вёскі Андрэй Тукач быў адзначаны падарункамі. І гэта толькі пачатак. Але да ўзнагарод і медалёў ён не імкнецца: “Працую, як і ўсе, але не адстаю.”
Вось такі сціплы герой нашага часу, праўдзівей нашай вёскі, які даказвае, што і там можна знайсці сябе. Як кажуць, не месца ўпрыгожвае чалавека, а чалавек месца.
Юлія МІТРАХОВІЧ
Фота аўтара


Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов Подробнее об обработке
Лента новостей