Новае палессе. Лельчыцкi раён
Сучасная назва гэтай вёскі са 140-гадовай гісторыяй дорыць надзею, што і праз дзесяцігоддзі тут будзе жыццё. Ва ўсякім разе, знаёмства з мясцовымі жыхарамі ўпэўніла: палешукі клапоцяцца пра захаванне традыцый продкаў, пра ўласны дабрабыт, шчырасць і цеплыню адносін.
Сучасная назва гэтай вёскі са 140-гадовай гісторыяй дорыць надзею, што і праз дзесяцігоддзі тут будзе жыццё. Ва ўсякім разе, знаёмства з мясцовымі жыхарамі ўпэўніла: палешукі клапоцяцца пра захаванне традыцый продкаў, пра ўласны дабрабыт, шчырасць і цеплыню адносін.
Верыцца, што па гэтай зямлі колісь хадзіў казачны Лель! Як заспяваў нам народны фальклорны калектыў “Палескія напевы”, мароз пайшоў па скуры. Працяжна, з такімі пералівамі галасоў, з характэрным для гэтага кутка Беларусі дзеяслоўным канчаткам “са”. Нездарма манера выканання зберагаецца тут, у глыбінцы Палесся, як нематэрыяльная духоўная каштоўнасць. Надзея Кужалевіч, Ніна Палын, Валянціна Баравая, Марыя Янкавец, Марыя Светава, Любоў Бялоцкая, Ева Грыцкевіч, Любоў Семяндзеева не толькі з’яўляюцца носьбітамі спеваў і абраду “Грамніцы”, але і ўборы матуль, бабуль сваіх зберагаюць. Ну дзе зараз можна знайсці модныя ў вёсках у 60-я гады мінулага стагоддзя чорныя жаночыя курткі-плюшаўкі? У Новым Палессі яны новенькія, блішчаць, бы толькі-толькі прыдбаныя! Не кажу ўжо пра каляровыя хусткі, вышытыя святочныя фартухі.
З гісторыі вёскі
Вядома яна з XIX стагоддзя ў Лельчыцкай воласці Мазырскага павета Мінскай вобласці. Колісь называлася Каросцін, па назве рэчачкі Каросцінка.
З 1879 года — у складзе Сіманіцкага царкоўнага прыходу. У 1932-м тут арганізавалі калгас, працавалі кузня, паравы млын. У 1940 годзе ў Новым Палессі жылі 515 чалавек, было 40 двароў.
У Вялікую Айчынную вайну гітлераўцы спалілі вёску і забілі 24 жыхары. У 1959 годзе тут жыў 621 насельнік, яна была ў складзе саўгаса-камбіната “Ударны” з цэнтрам у вёсцы Ударнае. У 2004-м тут было 120 гаспадарак.
Зараз у Новым Палессі жывуць 115 чалавек. Працуе сельскі клуб, радуе землякоў захаваннем традыцый народны фальклорны калектыў “Палескія напевы”.
Каб быў лёс не палыновы!
На вуліцы Залеснай мы трапілі ў гасцінны дом сям’і Палын. Гаспадыня Ніна працуе ў сельскім клубе, акурат рыхтавалася да абраду “Грамніцы”. Майстрыха, якіх пашукаць. Падалося, што нават хата Палыноў спявае, бо ўпрыгожана рукадзеллем: вышыванымі ручнікамі, сурвэткамі, карцінамі, падузорнікамі, “покрышкамі”. І вельмі ўжо сучасным абсталяваннем — душавой кабінай.
— Мама мая, Ева Мікалаеўна Вага, рукастая была, — падзялілася жанчына. — Як я йшла на пенсію, прывезла і падаравала мне дзве даматканыя сарочкі. Матулька вышывала крыжыкам, а я гладдзю больш. Цяпер захоўваю яе вырабы як самы каштоўны скарб. Муж мой, Іван Фёдаравіч, чалавек актыўнай грамадзянскай пазіцыі. Дастойна адпрацаваў мой гаспадар шафёрам у леспрамгасе, загадчыкам гаспадаркі ў школе.
З ім мы перажылі вельмі цяжкую страту свайго сына Віці...
Як сапраўдныя палешукі (а яны ж, вядома, тыя ж беларусы, толькі са знакам якасці), пенсіянеры Ніна і Іван Палын жывуць сваёй працай на зямлі: вырошчваюць гародніну і садавіну, трымаюць індавутак, парсюка, курэй. І канешне ж, захапляюцца ўлетку зборам ягад і грыбоў.
89-гадовая Антаніна Флёрка і сёння хвалюецца згадваючы ваеннае дзяцінства
Паўвека разам
22 гады адпрацаваў камбайнерам Фёдар Баравы, больш 12 — вальшчыкам лесу, трактарыстам у леспрамгасе. А сем гадоў таму назад захапіўся разьбой па дрэве. Ды так натхнёна ўпрыгожыў свой дом звонку выявамі зайцоў, мядзведзяў і іншых лясных істот, што ніводзін падарожнік не міне, абавязкова зазірне ў двор, пацікавіцца: што ж зараз рыхтуе майстар? Вось і мы зайшлі, бо ўбачылі здалёк свежыя нарыхтоўкі для бусліных дзюб.
Майстар з радасцю падзяліўся: 17 сакавіка адзначыць 50-годдзе шлюбу са сваёй Аляксандрай Яўхімаўнай. Яна сапраўдная паляшучка: і чарніцы жвава збірае, і за словам у кішэню не лезе, і ведае, як з гаспадаром знайсці агульную мову, каб быў лад у хаце.
— Распісаліся мы тады ў Замошшы, як бачыце, нездарма, — распавёў Фёдар Лявонавіч. — Яўхімаўна, як і я, з Новага Палесся, у калгаснай брыгадзе рабіла. Траіх дзяцей нажылі мы. Аднак адну дачушку... (дзядзька Фёдар засмучаецца — заўвага аўтара) страцілі, то цяпер дзве донькі: Наташа жыве ў Мазыры, Галя загадвае бібліятэкай у гомельскай СШ № 72. Унукаў, трох хлапцоў, маем.
У планах Баравога рэстаўраваць сваю выдатную работу, дуэт “Бабуля і дзядуля”. Кажуць, што з гэтай каларытнай парачкай, што ў любое надвор’е сядзіць каля дома № 36 на вуліцы Садовай, многія госці вёскі і цяпер вітаюцца, як з жывой.
Аляксандра і Фёдар Баравыя: “Нас сілкуе роднае Палессе”
Песня пра долю
Не маглі мы не зазірнуць і да Таццяны Палын, якая адшчыравала працоўны век тэхнічкай у школе, на ФАПе. Хацелася пабачыць яе “просцілкі”. Вельмі ўжо далікатная работа, ніколькі не горш за фабрычныя.
— Удвох яны ткуцца, адзін не справішся, — зазначыла цётка Таня. — Мне сястрыца Саша дапамагала. Ой, колькі я іх падарыла родным людзям! А кросны стаяць у музеі сялянскага побыту. Моладзь ужо не цікавіцца нашым майстэрствам.
Я ж папрасіла Яўхімаўну праспяваць песню: бо тут, у Новым Палессі, без яе ніяк:
У полі бероза, у полі кудрава,
А на той берозі зезюля кувала,
Ох, зезюля кувала,
Як маці сыночка
ў армію адпраўляла.
Бярнацкія — Ганна, Павел, Вольга, Мікалай і Маша
Бярнацкія — Ганна, Павел, Вольга, Мікалай і Маша
Бярнацкія — сям’я шматдзетная
У натоўпе вяскоўцаў на Стрэчанне вельмі ўжо выдзяляліся каларытныя казакі ў адпаведнай форме, на якой пазначана прыналежнасць бранскаму гораду Старадубу. Высветлілася: то Бярнацкія, бацька і старэйшы сын, 20-гадовы Павел, мазыране, якія два гады таму зрабілі свой выбар: жыць у Новым Палессі.
— Мая Ганна адсюль, а я пэўны час жыў у Расіі, — падзяліўся Мікалай на чысцейшай рускай мове. — Звыш 11 гадоў быў у пошуку зямлі, якая б лягла на сэрца, дзе б захацелася прытуліцца вялікай сям’ёй. Вось выбралі жончыну радзіму. Захоплены прыродным арганічным земляробствам. І хаця ў нас усё тут яшчэ толькі ў пачатковым стане, спадзяюся, што і ўсе дзеці далучацца, палюбяць зямельныя работы, як і я.
Бярнацкія чакаюць пятае дзіця, чацвёртую па ліку дзяўчынку. Насця, Вольга, Маша ў іх ужо ёсць. Дай Бог здароўечка матулі Ганне, каб дзіцятка з’явілася ў час, было здаровым. Хочацца верыць, што сям’я, зямля, мірнае жыццё на Гомельскім Палессі будуць заставацца самымі важнымі каштоўнасцямі.
Реклама
Самое читаемое
- Вандроўка сорак першая. Ягаднае, Веткаўскі раён
- 12:34
- 11.02.2017
- 20707
- Вандроўка сорак пятая. Глыбоцкае. Гомельскі раён
- 17:03
- 19.09.2017
- 19950
- Вандроўка саракавая: Бушацін. Лоеўскі раён
- 09:47
- 28.12.2016
- 18470
- Гаўлі. Вандроўка сорак чацвёртая.
- 10:34
- 23.07.2017
- 18383
- Глушэц. Вандроўка сорак трэцяя
- 11:40
- 01.06.2017
- 17078
- Вандроўка трыццаць дзявятая. Мікалаеўка. Добрушскі раён
- 08:49
- 20.10.2016
- 16246
- Вандроўка трыццаць восьмая. Лапаціна. Гомельскі раён
- 10:01
- 24.08.2016
- 15611
- Вандроўка трыццаць шостая. Шчытцы. Лоеўскi раён
- 15:24
- 03.06.2016
- 15257
- Вандроўка сорак шостая. Слава. Лоеўскі раён
- 17:01
- 14.11.2017
- 14918
- Грышы. Ельскі раён
- 13:59
- 15.03.2018
- 13634



