Вандроўка трыццаць пятая. Суткова. Лоеўскі раён
Цікава, што гэтая вёска ў Страдубскім сельсавеце Лоеўшчыны злілася з аграгарадком Пярэдзелка. Прычым на тэрыторыі апошняга ў сядзібным доме графіні Кацярыны Бараноўскай, аб’екце залатога кольца Гомельшчыны, размешчаны Суткоўскі дзіцячы садок-школа. Вось так усё пераплецена-перакрыжавана адзіным, лічы, лёсам.
Цікава, што гэтая вёска ў Страдубскім сельсавеце Лоеўшчыны злілася з аграгарадком Пярэдзелка. Прычым на тэрыторыі апошняга ў сядзібным доме графіні Кацярыны Бараноўскай, аб’екце залатога кольца Гомельшчыны, размешчаны Суткоўскі дзіцячы садок-школа. Вось так усё пераплецена-перакрыжавана адзіным, лічы, лёсам.
Але ж прыехала я ў вёску Суткова, таму і страчалася з мясцовымі жыхарамі.
Суткоўскі старажыл Марыя Салаўёва
Суткова вядома яшчэ з XVIII стагоддзя як селішча ў Рэчыцкім павеце Мінскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага. Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай — у складзе Расійскай імперыі. У 1897 годзе тут меліся бальніца, вінакурня і цэглавы завод. У 1930-м быў арганізаваны калгас «Дняпроўская камуна». Тут працавалі кузня, крухмальны завод, паравы млын. У 1959 годзе мясцовая гаспадарка ўжо насіла назву саўгаса «Дняпроўскі» з цэнтрам у Пярэдзелцы. У 1999 годзе тут жылі 406 чалавек, зараз — 321.
Безумоўна, найперш скіравала я да самай узроставай жанчыны Суткова Марыі Салаўёвай, 1922 года нараджэння. Сёння, дарэчы, у Марыі Платонаўны дзень нараджэння. Віншуем! Маці, якая адна выгадавала траіх дзяцей, безумоўна, заслугоўвае павагі. Зараз лёс выпаў ёй жыць з сынам-пенсіянерам Віктарам.
— Як не п’е — залаты чалавек, — падзялілася маці. — Сёння вось і супу зварыў, і прыбраў у хаце. Я ж тры гады, як зрок страціла. Дачушкі мае далёка. Рая ў Пецярбургу, Валя — ва Ушачах на Віцебшчыне. Не скажу: прыязджаюць, агарод дапамагаюць садзіць.
З глыбіні пакояў выйшаў мужчына з тварам, нібы парослым імхом. «Вось табе і сынок, — падумалася. — Ды маці за яго маладзей выглядае!»
Нібы ўгадаўшы маю думку, цётка Марыя падзялілася: «Адна дзяцей я расціла, не было на каго аперціся. Мужыкі мае ўсе — налётныя пціцы. Адзін балабай на кватэры стаяў... Ай, не хачу згадваць іх».
Чатыры браты Платонаўны загінулі на вайне. Дапамагчы некаму, разлічвала толькі на сябе. Даяркай працавала, прыбіральшчыцай. У 17 гадоў старэйшая дачка паехала працаваць у Комі. «А за малодшую мне руку на сходзе ціснулі — залаты медаль у школе атрымала! — з гонарам расказала сівая маці, ветэран працы. — Дзеці мае былі дагледжаныя, накормленыя: гадавала кароў, парсюкоў, соткі садзіла. Як гэта, скажыце, цяпер такія маткі ёсць, што дзетак кідаюць? Гэта ж святога ў іх за душой ні кропелькі!»
Аляксей і Таццяна Канаваленкі
У Суткове давялося пазнаёміцца з сям’ёй ветэранаў-медыкаў Канаваленкаў. Аляксей Пятровіч і Таццяна Андрэеўна разам 55 гадоў. Колісь яны пазнаёміліся ў Андрушоўцы на Жытоміршчыне. Аляксей прыехаў працаваць урачом-тэрапеўтам па размеркаванні пасля Кіеўскага медінстытута, а Таццяна — пасля Жытомірскага медвучылішча фельчарам. Але абодвух праз пэўны час пацягнула на малую радзіму. Так звязалі лёс з мясцовай бальніцай у Суткове, якая слаўная сваімі традыцыямі. Канаваленкі нагадалі мне, што ўзведзена першая тутэйшая бальніца была яшчэ пры ўладальніцы гэтых мясцін Бараноўскай. У першую сусветную ў Суткове працаваў земскі ўрач Яўген Клумаў. Засведчана, што ім у 1914 годзе тут зроблена першая аперацыя на сэрцы. Доктар Клумаў у 1921 годзе пераехаў у Мінск, у перадваенным 1938-м абараніў кандыдацкую дысертацыю, стаў прафесарам. Калі сталіцу акупіравалі фашысты, дапамагаў падполлю, падтрымліваў медыкаментамі два палявыя шпіталі і чатыры партызанскія атрады. Восенню 1943 года Яўгена Уладзіміравіча і яго жонку Галіну Мікалаеўну схапіла гестапа. Яны загінулі ў газавай камеры Трасцянца...
Вось такі жыццёвы прыклад служэння сваёй справе заўжды быў узорам для сям’і Канаваленкаў. Яны сумленна выконвалі свой прафесійны абавязак, дапамагалі людзям у любы час сутак, у любое надвор’е. Галава сям’і адпрацаваў тэрапеўтам 46 гадоў, жонка — каля 40 патранажнай, участковай медсястрой. Пра іх работу ад суткаўчан чула я толькі добрыя душэўныя водклікі. Выхавалі Канаваленкі дзвюх дачок. Тамара працуе ў ідэалагічнай службе на «Гомсельмашы», Людміла — псіхолагам у Мінску. У Канаваленкаў-старэйшых ужо двое ўнукаў, праўнучка Віка, якой два з паловай годзікі.
Вольга Калядзенка, прыгажуня і разумніца, якая адчувае хуткасці XXI веку
— Калісьці тагачасны галоўны ўрач Лоеўскай ЦРБ Анатоль Рысюк нас падахвочваў, каб дочкі працягнулі бацькоўскую справу, паступалі ў медыцынскія навучальныя ўстановы, — дзеліцца Таццяна Андрэеўна. — Але дзяўчаты адразу не схацелі нашага «хлеба», маўляў, ні днём, ні ноччу няма вам спакою. Таму і пайшлі другімі сцяжынамі. Мы ж з мужам і цяпер адзін другога падтрымліваем сваімі медыцынскімі парадамі...
У 1991 годзе ў Суткова прыехалі паўсотні перасяленцаў з Брагіншчыны, з вёскі Гдзень. Так тут з’явілася вуліца Гдзеньская. У доме № 4 жыве шматдзетная сям’я Наталлі Папковай. Сімпатычная жанчына — маці чацвярых дзетак, шчаслівая ў трэцім па ліку шлюбе. Лёс быў пахаваць першага мужа. З другім не склалася жыццё, і толькі зараз Наталлі і яе дзеткам усміхнулася шчасце. Сяргей Патапаў — прыватны прадпрымальнік, з якім сем месяцаў таму нажылі дачушку Вераніку, уцеху, радасць і для сябе, і для старэйшых дзяцей. Сяргей займаецца нарыхтоўкай лесу, а Наталлі дапамагае штодзень з дзецьмі маці Любоў Чалая.
— Я ж сама шматдзетная, пяцёра ў мяне, — падзялілася ветэран працы. — Ды хіба раней так на нас увагу звярталі? А на Палессі ў нас вялікія сем’і. Мы вось пакінулі сваю вёску Гдзень, а два мае браты і сёння там жывуць, кароў, свіней трымаюць, агароды сеюць. Дарэчы, людзі з нашай вёскі жывуць у Суткове і на вуліцы Садовай. Прывыклі, прызвычаіліся, але ж іншы раз сніцца ўсё тое, дзе маладосць твая...
У чаканні чарговага транспарту ў бок Гомеля я неўпрыкмет прыпыніла легкавушку, якая выязджала з Суткова. Мілавідная дзяўчына Вольга Калядзенка за рулём БМВ прапанавала падкінуць да Рэчыцы — будзе хутчэй. Так пазнаёмілася з дачкой начальніка аддзялення паштовай сувязі ў Пярэдзелцы Людмілай Янковіч. Магу засведчыць — пабольш бы такой моладзі! Вольга — маці дваіх дзяцей, сыну 12, дачушцы — сем гадкоў. Працуе ў прыватным гандлі. Энергічная, рахманая, з машынай на «ты».
— Мы не ўвесь час тут, на Гомельшчыне, жылі, — падзялілася Вольга. — Мама мая ўраджэнка Холмечы, а бацька з Омска. Доўгі час сям’я жыла ў Растове. Калі я ў 11 клас хадзіла, пераехалі бліжэй, на маміну радзіму. А ўлюбёнасць у тэхніку ў мяне ад бацькі, ён часта браў з сабою ў рэйсы. Зараз ён на аўтамабілі МАЗ працуе. Першую машыну сваю набывала я ў крэдыт, «жыгулі-васьмёрку». Гэта ўжо другая, хутчэйшая.
Шчыра, па-чалавечы, пажадала я гэтай абаяльнай жанчынцы-матулі толькі зялёнага агеньчыка святлафора!
Реклама
Самое читаемое
- Вандроўка сорак першая. Ягаднае, Веткаўскі раён
- 12:34
- 11.02.2017
- 20707
- Вандроўка сорак пятая. Глыбоцкае. Гомельскі раён
- 17:03
- 19.09.2017
- 19950
- Вандроўка саракавая: Бушацін. Лоеўскі раён
- 09:47
- 28.12.2016
- 18470
- Гаўлі. Вандроўка сорак чацвёртая.
- 10:34
- 23.07.2017
- 18383
- Глушэц. Вандроўка сорак трэцяя
- 11:40
- 01.06.2017
- 17078
- Вандроўка трыццаць дзявятая. Мікалаеўка. Добрушскі раён
- 08:49
- 20.10.2016
- 16246
- Вандроўка трыццаць восьмая. Лапаціна. Гомельскі раён
- 10:01
- 24.08.2016
- 15611
- Вандроўка трыццаць шостая. Шчытцы. Лоеўскi раён
- 15:24
- 03.06.2016
- 15257
- Вандроўка сорак шостая. Слава. Лоеўскі раён
- 17:01
- 14.11.2017
- 14918
- Грышы. Ельскі раён
- 13:59
- 15.03.2018
- 13634



