Сёння спаўняецца 165 гадоў з дня нараджэння Еўдакіма Раманава

  • 3080
  • 17:27
  • 11.09.2020
  • Міхаіл СТРАЛЕЦ, прафесар, доктар гістарычных навук
Поделиться
unnamed (2).jpgСлавуты фалькларыст, археолаг, гісторык, адзін з заснавальнікаў беларускай этнаграфіі Еўдакім Раманавіч Раманаў нарадзіўся ў мястэчку Нова-Беліца Гомельскага павета Магілёўскай губерні (цяпер у межах Гомеля).

Даследчык-энцыклапедыст паходзіў з беднай мяшчанскай сям’і. Нягледзячы на цяжкае матэрыяльнае становішча, у дванаццаць гадоў паступіў у Гомельскую прагімназію. У 1869 годзе пайшла з жыцця яго маці. Каб працягваць вучобу, Еўдакім наймаецца да багатага купца рэпетытарам. Экстэрнам здаў экзамены на атрыманне звання народнага настаўніка.

34 гады аддаў айчыннай адукацыйнай сістэме, працаваў на Магілёўшчыне. Спачатку бліскуча рэалізаваў сябе ў якасці настаўніка, затым інспектаваў народныя вучылішчы. Пасля быў кароткі перапынак у педагагічнай дзейнасці. У 1907–1914 гадах ён зноў на пасадзе інспектара народных вучылішчаў, але ўжо ў Вільні. 

Усе гэтыя гады Еўдакім Раманаў пазіцыяніраваў сябе не толькі як педагог. Ён задумаў выдаць пятнаццацітомны «Беларускі зборнік». Спатрэбілася 26 гадоў, каб выйшлі дзевяць тамоў. Праз шэсць гадоў пасля смерці Раманава ўбачыў свет дзясяты. Да пачатку Вялікай Айчыннай былі падрыхтаваны да друку 11–14 тамы, аднак усе загінулі ў час вайны. Лёс пятнаццатага невядомы. «Беларускі зборнік» лічыцца энцыклапедыяй побыту, творчасці, матэрыяльнай і духоўнай культуры беларускага народа XIX – пачатку XX стагоддзяў. 

Еўдакім Раманавіч правёў піянерскае даследаванне гістарычнай тапаграфіі Веліжскага павета Віцебскай губерні. Ён ажыццявіў першую спробу комплекснага аналізу курганоў і могільнікаў X–XII стагоддзяў. Важная частка спадчыны нараджэнца Нова-Беліцы – археалагічныя карты Магілёўскай, Віцебскай і Гродзенскай губерній. Дзякуючы Еўдакіму Раманавічу экспертнае супольніцтва атрымала банк дадзеных на 1000 гарадзішчаў Беларусі. Навуковец здзяйсняў сістэматычныя захады па выяўленні стаянак першабытнага чалавека. Паспяхова вывучаў змест і формы надпісаў на цвёрдых матэрыялах і не менш паспяхова класіфікаваў іх у адпаведнасці з часовым і культурным кантэкстам. З адкрытых ім помнікаў эпіграфікі найбольш вядомы «Рагвалодаў камень», які адносіцца да XII стагоддзя. 

З імем Еўдакіма Раманавіча звязана з’яўленне трох этна­графічных музеяў у губернскіх гарадах: Віцебску, Магілёве і Вільні. Ён казаў: «Я ў першую чаргу беларус, і мэта маёй працы – выратаваць хаця б частку помнікаў роднай літаратуры ад пагібелі, на якую яны наканаваны». 

Кандыдат філалагічных навук Дзмітрый Паўлавец дакладна разабраў творчую кухню Раманава. Дзмітрый Дзмітрыевіч піша: «Клопат пра чысціню мовы, імкненне пазбегнуць памылак падштурхнулі да стварэння свое­асаблівай методыкі запісу: этнограф прымушаў казальніка яшчэ раз пераказаць твор. Пасля гэтага мова лілася больш свабодна, і, захапіўшыся, забыўшыся на пана-збіральніка, ён, непрыкметна для сябе, гаварыў, як звычайна ў штодзённым жыцці, на чыстай беларускай мове». 

Раманаў апублікаваў больш за 100 навуковых прац. Музеі атрымалі ў падарунак ад яго значныя этнаграфічныя і археалагічныя калекцыі. 
4E6A8953.JPG 

Адзначыўся ён і як таленавіты рэдактар. На працягу шасці гадоў адказваў за не­афіцыйную частку «Могилевских губернских ведомостей». У актыў Раманаву можна запісаць бездакорнае рэдагаванне трох выпускаў «Магілёўскай даўніны», двух выпускаў «Матэрыялаў па этнаграфіі Гро­дзенскай губерні», аднаго выпуску «Крыніц для гісторыі Магілёўскага краю».

Апошні перыяд у жыцці – стаўрапольскі, куды Раманаў пераехаў за некалькі дзён да дзяржаўнага перавароту ў Расіі, сутыкнуўся з вельмі вострымі матэрыяльнымі праблемамі. З жыцця пайшоў 20 студзеня 1922 года. 

Еўдакім Раманаў узнагароджаны Малым і Вялікім залатымі медалямі, дыпломамі навуковых таварыстваў, імяннымі прэміямі Расійскай акадэміі навук.

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов
Лента новостей