Сёння спаўняецца 85 гадоў старэйшыне «Гомельскай праўды» Станіславу Савасцееву

  • 1572
  • 11:19
  • 24.09.2020
Поделиться
Станіслаў Васільевіч і ў гэты дзень як звычайна найперш зазірне ў сваю паштовую скрыню, пачне дзень са знаёмства з роднай газетай. А мы, старэйшыя і юныя яго калегі, бу­дзем чакаць сустрэчу з ветэранам журналістыкі, былым першым намеснікам галоўнага рэдактара, у сябе на Палескай, каб павіншаваць юбіляра, паціснуць рукі сапраўднаму аксакалу.

IMG_5304.JPG

Сялянскі сын, ураджэнец вёскі Лебядзёўка Кармянскага раёна, з веданнем жыцця прыйшоў у газетчыкі, адслужыўшы ў войску, папрацаваўшы у калгасе. У раёнцы «Авангард» на малой радзіме Савасцееў пачынаў літсупрацоўнікам. Скончыў аддзяленне журналістыкі БДУ імя Леніна і паступова паглыбляў свае веды на практыцы. Міжраённая газета «Маяк» тады стала такой цудоўнай прыступкай у творчым росце. Неўзабаве Станіслаў узначаліў сельскагаспадарчы аддзел, а пасля чатырох гадоў работы стаў адказным сакратаром выдання.

13 верасня 1968 года Савасцееў прыняты ў «Гомельскую праўду». Яму пашчасціла адчуць сяброўскую падтрымку тагачасных сваіх калег Аляксандра Броўкі, Васіля Дваранінава, Міхася Даніленкі, Зоі Зайцавай, Мікалая Лапусты і многіх іншых. Як неаднаразова гаварыў Станіслаў Васільевіч, менавіта яны навучылі давяраць толькі правераным фактам, не гнацца за сенсацыйнасцю, а заўсёды падаваць падзеі асэнсавана. І сам Савасцееў сваёй працай пацвярджае адданасць такой журналістыцы.

У год катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, у жніўні, Станіслаў Васіль­евіч прызначаны першым намеснікам галоўнага рэдактара і разам з калектывам перажывае гэты няпросты час камандзіровак у пацярпелыя раёны Гомельшчыны, рэпартажаў з месца падзей. Мала­дзейшыя калегі заўсёды маглі прыйсці да Савасцеева ў кабінет, параіцца, пракансультавацца, адчуць яго на­дзейнае плячо. З вышыні гадоў разу­мееш, што менавіта сялянскі вопыт і стаў стрыжнем гэтага чалавека на ўсё жыццё. Згадваецца, як у няпростыя 90-я мінулага стагоддзя выяз­джалі на дапамогу адной з гаспадарак у нарыхтоўцы сена. Па-сялянску абгрунтавана Савасцееў кансультаваў журналістаў-гара­джан, як правільна трымаць касу, і быў сам лідарам у касьбе...

Даўно ўжо на заслужаным адпачынку, Станіслаў Васільевіч не забывае рэдакцыю. Прыходзіць пачаставаць яблыкамі з уласнага садочка, пазнаёміцца з новым пакаленнем газетчыкаў. Жыццё працягваецца.

І здорава, калі цябе ў родным калектыве любяць і памятаюць.

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов
Лента новостей