Ходзяць коні над вадою...

  • 2624
  • 14:43
  • 23.06.2009
  • Вадзiм ЛОСЬ
Поделиться
Лета — час вандровак і даследаванняў. Вось і таварыства аматараў гісторыі і археалогіі, якое дзейнічае на гістарычным факультэце ГДУ імя Францыска Скарыны, пад кіраўніцтвам кандыдата гістарычных навук, археолага А. А. Макушнікава і старшага выкладчыка В. І. Сычова здзейсніла трохдзённую археолага-этнаграфічную экспедыцыю ў Веткаўскі і Чачэрскі раёны.
Першы населены пункт — вёска Хальч на Веткаўшчыне. У пісьмовых крыніцах яна ўпамінаецца ў XIV стагоддзі. У 1437 годзе Свідрыгайла Альгердавіч перадаў вёску нашчадкам шляхецкага роду Халецкіх — Паўлу Мішковічу. Але паселішча на месцы Хальча з’явілася за шмат стагоддзяў да гэтага. На ўсходняй ускраіне вёскі на правым беразе ракі Сож знаходзяцца гарадзішча мілаградскай і зарубінецкай культур і эпохі Кіеўскай Русі. Абследавалі гарадзішча ў 1981 годзе У. А. Літвінаў і С. Я. Расадзін. Тут былі знойдзены рэшткі ляпной керамікі, абломкі ганчарнага посуду. Каля гарадзішча ёсць курганны могільнік.
Дарэчы, галоўнай мэтай нашага прыезду быў пошук культавага валуна, які ўпамянуты ў працы Е. Р. Раманава “Археологический очерк Гомельского уезда (Могилевской губернии)”, выдадзенай ў 1910 годзе. Вучоны адзначаў, што недалёка ад вёскі Хальч ёсць пісаны камень, на якім адлюстраваны “луна, подкова, пистолет”. Хучэй за ўсё камень быў культавым, у часы язычніцтва да яго прыходзілі маліцца.
Цікавая гутарка адбылася ў нас з галоўным рэдактарам газеты “Голас Веткаўшчыны” М. М. Юрчанкам і намеснікам галоўнага рэдактара Ул. Ул. Цейкіным. Уладзімір Уладзіміравіч расказаў, што ў вяскоўцаў ёсць паданне, як быццам бы каля гарадзішча-свяцілішча на старыцы па вадзе ходзяць чароўныя коні, а на беразе сядзяць русалкі. Некаторыя нават сцвярджаюць, што бачылі гэты цуд.
У гады Вялікай Айчыннай амаль увесь Хальч быў спалены. 16 кастрычніка 1943 года вёска была вызвалена воінамі 250-й і 307-й стралковай дывізій. У 2004 годзе каля брацкай магілы вызваліцеляў, большасць якіх былі родам з Бранскай вобласці, узведзена драўляная каплічка.
Аддаўшы даніну павагі загінуўшым воінам, мы накіраваліся ў другі населены пункт — вёску Нісімкавічы Чачэрскага раёна, якая згадваецца ў пісьмовых крыніцах у XVI стагоддзі. Вёска раздзелена ракой Покаць на дзве часткі. У наваколлі шмат помнікаў археалогіі: гарадзішча, два курганныя могільнікі і селішча. На беразе ракі ляжыць вялізны валун, які завецца ў народзе Цітавым. У цэнтры вёскі знаходзіцца помнік, узведзены ў гонар дзейнасці падпольнага райкама КП(б)Б і 1-й партызанскай брыгады. Сама вёска — сапраўдны этнаграфічны музей. Што ні крок, то помнік народнага дойлідства: свіраны, хлявы, гонтавыя дахі, упрыгожаныя франтоны і ліштвы хат.
…Сабраўшы багаты краязнаўчы матэрыял, нястомныя даследчыкі роднага краю вярнуліся дахаты. А тым часам дзесьці каля Хальча па русле старыцы хадзілі чароўныя коні, а на беразе расчэсвалі валасы русалкі...
Вадзiм ЛОСЬ,
студэнт гiстарычнага факультэта ГДУ iмя Ф. Скарыны

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов
Лента новостей