Дзе бусел вядзецца, там шчаслівае месца

  • 24125
  • 07:35
  • 23.04.2011
  • Алена МАРТЫНЕНКА
Поделиться
На другім беразе возера стаяць старыя разлапістыя дубы з магутнымі кронамі. Іх даўно аблюбавалі чырвонадзюбыя буслы. Ні адно дрэва не засталося без крылатых жыхароў. І гэты год не выключэнне: назіраю пад аблокамі то аднаго, то другога бацяна. Лётаюць яны над вёскай, падоўгу планіруюць у паветры: можа, гняздо згубілі? Не, гэта птушка заўсёды знойдзе сваю буслянку. Нават праз год вяртаецца на тое ж самае дрэва. Такое імя бусел атрымаў, напэўна, ад прыметніка “бусы” — заплеснелы, цвілы. Ці па колеры апярэння, ці па месцы харчавання. Можна пачуць розныя назвы прыгожай птушкі: бацян, гарус, буцэл, лелека, клекатун, гайстар, бусень… Яшчэ са старажытнасці яго лічылі ахоўнікам жытла ад Перуна. Гавораць, што маланка ніколі не ўдарыць у буслава дрэва. Ну і каму ў дзяцінстве не расказвалі пра бачана, што сястрычку прынёс ці браціка? Лёгка падмануць малых, бо ў чырвонай дзюбе гаспадара-бусла заўсёды можна заўважыць ці шчэпку якую, ці галінку, ці жабу. Узвышаецца чарнагуз над буслянкай, склаўшы чорныя па краях крылы, звысоку назірае за наваколлем, абменьваецца прывітаннем з суседам. Клекатун гучна клацае дзюбай, быццам дзіця стукае драўлянымі палачкамі. “Лелека запеў”, — гавораць людзі, слухаючы незвычайныя гукі. Весялец — першы бусел, што лятае над хатамі, — з’яўляецца вешчуном вясны. Ён прыносіць навіну пра хуткае добрае надвор’е, якая падымае настрой. Гайстар у хрысціян лічыцца сімвалам суладнага сямейнага жыцця. Сапраўды, не кожны чалавек захоўвае вернасць на доўгія гады, не гаворачы пра ахвяру дзеля каханага. Буслы ствараюць пару раз і назаўсёды, і, калі буська забіта, бусень можа падняцца ўгору, злажыць крылы і каменем кінуцца на зямлю. Кажуць, што буслы не толькі клапатлівыя бацькі (па чарзе сядзяць на яйках, кормяць малых па пяць-шэсць разоў на дзень, вучаць іх лятаць), але і чулыя дзеці, якія даглядаюць старых бацькоў. Назіранні за бела-чорна-чырвонымі птушкамі выклікаюць спакой. З’яўляецца вера, што людзі таксама добрыя і шчырыя. Бо ўсе мы — і буслы, і людзі — дзеці адной зямлі — шчаслівай Беларусі.

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов
Лента новостей